Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікаў «скарацілі» на чвэрць. Цяпер хочуць — яшчэ напалову


Аляксандар Лукашэнка абвясьціў новую хвалю скарачэньня чыноўнікаў. Ён лічыць, што дзяржапарат можна зьменшыць яшчэ ўдвая.

Як і раней, кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што зэканомленыя грошы пойдуць на падвышэньне заробкаў чыноўнікаў, якія застануцца ў апараце. Акурат гэткія ж заявы з вуснаў Лукашэнкі гучалі і на самым пачатку 2013 году, калі рыхтавалася першая «аптымізацыя» апарату.

Другую хвалю скарачэньня апарату Лукашэнка тлумачыць неабходнасьцю «падымаць выканаўчую дысцыпліну». На яго думку, няма сэнсу трымаць чыноўнікаў, якія толькі разьяжджаюць па краіне і кантралююць выкананьне рашэньняў сваіх начальнікаў. А па вяртаньні ў свае кабінэты марнуюць час на пісаньне шматлікіх справаздач і даведак.

У студзені 2013 году Лукашэнка ўжо распачынаў скарачэньне чыноўнікаў. Спэцыяльная камісія на чале з кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэем Кабяковым і памочнікам Лукашэнкі Натальляй Пяткевіч прапаноўвала ліквідаваць міністэрствы гандлю і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, усе падатковыя службы перадаць у падначаленьне Міністэрства фінансаў. Было ў плянах скасаваньне Дзяржкамітэту па навуцы і тэхналёгіях. Пакуль нічога з гэтага ня зроблена.

Дзяржапарат, які на той час складаў 56 тысяч чыноўнікаў, меркавалі скараціць на чвэрць, прыкладна на 13 тысяч. Гэта, паводле разьлікаў, дазваляла вызваліць каля аднаго трыльёна рублёў — на той час каля 100 мільёнаў даляраў.

Дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман, які займацца вывучэньнем гэтай праблемы, кажа: меркавалася скараціць колькасьць чыноўнікаў, а вызваленыя грошы пусьціць на падвышэньне заробкаў тым, хто застаецца ў дзяржапараце:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«У красавіку 2013 году была прынятая пастанова, паводле якой гэтае скарачэньне і правялі. Хоць усё гэта вялося пад такой гучнай назвай — рэформа сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, фактычна, акрамя скарачэньняў, болей нічога не адбылося. Таму можна казаць, што вялікага ўплыву гэта ня мела. Мы падлічылі, і нашы падлікі супалі з дадзенымі Міністэрства эканомікі, што ўлады атрымалі на гэтай апэрацыі крышачку болей за 100 мільёнаў даляраў. Гэтыя грошы не пайшлі ў канкрэтную эканоміку, за іх кошт падвысілі заробкі тым чыноўнікам, хто застаўся на сваіх месцах».

Амаль усіх чыноўнікаў, якія фармальна трапілі пад скарачэньне, працаўладкавалі ў іншых месцах. Улады адчулі нізкую эфэктыўнасьць першага этапу аптымізацыі дзяржапарату, кажа Яўген Прэйгерман:

«Паколькі ніякіх іншых наступстваў скарачэньня не было, то ўжо сёлета Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да Нацыянальнага сходу і народу, казаў, што трэба пераходзіць да другога этапу. І гэты этап будзе ўключаць у сябе зьмястоўныя зьмены — ня толькі скарачэньне колькасьці чыноўнікаў, а і скарачэньне функцыяў і паўнамоцтваў у сыстэме дзяржкіраваньня. Вось у гэтым і палягае сапраўдная рэформа дзяржкіраваньня».

«Блізкім да нулявога будзе вынік чарговага скарачэньня», — лічыць палітоляг Сяргей Нікалюк:

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

«Галоўнае пытаньне: хто зьяўляецца суб’ектам эканомікі? У нашай краіне ў эканоміцы занята больш за чатыры мільёны чалавек. І галоўная мэта чыноўнікаў — ствараць умовы для гэтых людзей. А гэтыя мільёны будуць рухаць эканоміку наперад.

У беларускай мадэлі чыноўнік сам зьяўляецца суб’ектам эканомікі. Ён адказвае за яе разьвіцьцё. Не за ўмовы, у якіх будуць працаваць людзі (а гэта значыць — незалежны прыватны бізнэс), а за само разьвіцьцё. Ён адказвае за прыцягненьне інвэстараў, за мадэрнізацыю прадпрыемстваў, за ўборку збожжавых... То бок чатыры зь лішнім мільёны як бы выкідваюцца з працэсу эканомікі. І які будзе вынік? А той, які ёсьць цяпер».

Жаданьне змагацца зь бюракратыяй на тэрыторыі былога СССР існуе яшчэ ад 1917 году, — адзначае эканаміст Міхась Залескі:

Міхал Залеўскі

Міхал Залеўскі

«А бюракратыя ўсё расьце і расьце. І я ня думаю, што ў нас барацьба зь ёй атрымаецца.

Мне даводзілася кіраваць калектывамі розных памераў. І што тут адбываецца, асабліва на дзяржаўнай службе? Нам скасавалі ліміт колькасьці, але захавалі ліміт заработнай платы. Можна прыбраць любую колькасьць людзей. І каго будуць скарачаць? Пачынаюцца розныя маніпуляцыі, якія ў Беларусі ўжо праходзілі. Давайце скарачаць вольныя пасады, прыбіральшчыцу і яшчэ кагосьці... То бок дзейнічаюць розныя бюракратычныя хітрыкі.

Галоўнае — хто прызначае кіраўнікоў. А пачынаецца гэта здалёк. Калі б урад у Беларусі фармаваўся парлямэнцкай большасьцю, партыяй, якая перамагла на выбарах, якая даспадобы бальшыні насельніцтва, то было б інакш. Але ж так не атрымліваецца».

Пра скарачэньне дзяржаўнага апарату заявілі днямі і новыя ўлады ва Ўкраіне. Там цяпер каля 250 тысяч чыноўнікаў. Іх колькасьць хочуць скараціць сама меней на траціну.

XS
SM
MD
LG