Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капскі: "Ніякіх палітычных дывідэндаў атрымліваць не зьбіраюся"


Сёньня футбалісты барысаўскага БАТЭ правядуць заключны матч групавога турніру Лігі Эўропы. Незалежна ад выніку сустрэчы з галяндзкім AZ, БАТЭ забясьпечыў сабе трапляньне ў 1/16 фіналу — застаецца толькі дачакацца, зь якога месца каманда пройдзе ў плэй-оф.

Але на тле посьпеху беларускага футболу спартовыя экспэрты засмучаныя спробай падпарадкаваць спорт палітычнай каньюнктуры: старшыня праўленьня клюбу БАТЭ, генэральны дырэктар заводу аўтатрактарнага абсталяваньня Анатоль Капскі нечакана апынуўся ў цэнтры палітычных падзеяў, увайшоўшы ў ініцыятыўную групу кандыдата Лукашэнкі.

БАТЭ называюць своеасаблівым грамадзянскім міратворцам: на трыбунах гульцоў з аднолькавым імпэтам падтрымлівала як «бел-чырвона-бела» публіка, так і «чырвона-зялёная». Выхаванцы галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнкі сапраўды зрабілі вялікі скачок, увайшоўшы ў лік 40 найлепшых клюбаў сьвету. Удала складаюцца для сяміразовых чэмпіёнаў краіны эўракубкавыя турніры: дзякуючы БАТЭ два гады таму ўпершыню беларускі футбол быў прадстаўлены ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў, а сёлета, зноў жа ўпершыню, каманда зь Беларусі пасьпяхова адолела групавы турнір Лігі Эўропы.

Анатоль Капскі, старшыня праўленьня БАТЭ, кіраўнік аднайменнага заводу — асоба ня меней пазнавальная, чым футбалісты. Менавіта зь ім зьвязваюць праведзеную ў камандзе пасьпяховую сэлекцыю, якая прывяла да ўдалага складу трэнэрскага штабу і гульцоў. Нядаўна, нечакана для многіх, Капскі выступіў у палітычнай іпастасі. Падчас прамоваў Аляксандра Лукашэнкі на трыбуне Ўсебеларускага народнага сходу шмат хто разгледзеў Капскага ў прэзыдыюме, а пазьней стала вядома, што ён увайшоў у склад 30 давераных асобаў кіраўніка краіны. З 1 сьнежня ён у працоўным адпачынку, езьдзіць па краіне, агітуе за Лукашэнку падчас сустрэчаў з выбарцамі ў Барысаве.

Анатоль Анатольевіч, які цяпер з камандай знаходзіцца ў Галяндыі, наконт сваёй палітычнай актыўнасьці выказаўся наступным чынам:

«Я не лічу, што мой удзел у выбарах і тое, што я стаў даверанай асобай прэзыдэнта, — палітычная актыўнасьць. Я ніякіх палітычных дывідэндаў з гэтага атрымліваць не зьбіраюся. І калі працягваць камэнтаваць усе гэтыя моманты, то я проста дзіўлюся нізасьці і слабасьці нашай апазыцыі. Літаральна цяпер, знаходзячыся не ў Беларусі, калі я чытаю інтэрнэт — нібыта работнікі БАТЭ запатрабавалі на выбарчым участку даведкі пра тое, што яны датэрмінова прагаласавалі, і нібыта гэта патрабаваньне дырэктара — ну як гэта можна камэнтаваць? Прозьвішчы ў студыю, як той казаў!».

Сёньня назіральнікі ад руху «За свабоду» і Беларускага Хэльсынскага камітэту, якія назіралі за датэрміновымі выбарамі на ўчастку № 7 у СШ № 16 Барысава, распавялі, што сталі сьведкамі дзіўнай карціны. Маўляў, супрацоўнікі заводу БАТЭ, якія прыйшлі галасаваць датэрмінова, прасілі сяброў выбарчай камісіі выдаць ім даведкі, якія пацьвярджаюць факт датэрміновага галасаваньня. І аргумэнтавалі: гэта — патрабаваньне генэральнага дырэктара Анатоля Капскага. Дырэктар прадпрыемства гэта катэгарычна абвяргае.

Уладзімер Даўжэнка
Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка лічыць, што Анатоль Капскі, выстройваючы блізкія адносіны з уладамі, трапіў у досыць праблематычнае становішча — і як кіраўнік заводу, і як футбольны мэнэджэр:

«Рэлігія па-за палітыкай, спорт па-за палітыкай — такога не бывае, асабліва ў краіне, дзе махрова квітнее дыктатура. Усё ўзаемазьвязана, і Капскі таксама павінен адпрацоўваць. У свой час за 5 мільёнаў італьянскаму клюбу быў прададзены Віталь Кутузаў. Капскага вызвалілі ад падаткаў на гэтую суму. З аднаго боку, добра: упершыню ў Беларусі быў такі трансфэр, і гэта значная фінансавая падтрымка клюбу. Але ўсё трэба адпрацоўваць, разумееце? Гэта ўсё той жа бясплатны сыр у пастцы. Да таго ж Капскі ўжо шмат гадоў дырэктар прадпрыемства, а ўвесь дырэктарскі корпус — ён аднолькавы па сваёй сутнасьці. Толькі адзінкі дырэктараў падобныя да Лявонава з трактарнага заводу. Усе астатнія — рабы, апрычнікі, якія выконваюць волю. Да таго ж Капскі быў абраны даверанай асобай Лукашэнкі і мусіць, зноў жа, адпрацоўваць. А цяпер яшчэ давядзецца адпрацоўваць і стадыён».

Месяц таму Аляксандар Лукашэнка ўзяў удзел у закладцы новага стадыёну ў Барысаве. На будоўлю плянуецца выдаткаваць 20 мільёнаў даляраў, зьмяшчаць арэна будзе 13 тысяч гледачоў. Дэбют БАТЭ на новым полі заплянаваны на канец 2012 году. Ці сапраўды Анатоль Капскі стаў палітычным закладнікам маштабнай будоўлі?

«Ёсьць жа людзі, у якіх розныя погляды. Хтосьці іх называе палітычнымі... Я не адпрацоўваю стадыён — не такі я танны, разумееце?».

Карэспандэнт: «Ці БАТЭ апошнім часам заставаўся той сілай, што аб’ядноўвала нават ідэйных праціўнікаў? Вы гэта адчуваеце?».

«Я такім чалавекам і застаўся. Нягледзячы на нейкія палітычныя погляды, тыя, хто называе сябе апазыцыяй, і тыя, хто вітае дзяржаўную сымболіку, яны — беларусы. І лепшая Беларусь будзе тады, калі ўсе беларусы будуць старацца, каб яна насамрэч была лепшай. А адзін аднаго паліваючы брудам, ніхто нічога не даб’ецца. Для мяне ўдзел у гэтай кампаніі абсалютна далёкі ад палітыкі. Хтосьці будзе казаць пра ляяльнасьць, цёплае месца ды іншае, так? Я хачу жыць тым жыцьцём, якім жыву: займацца заводам, займацца футбольным клюбам. І я хачу стабільнасьці, вось і ўсё».

Напярэдадні дня галасаваньня, 18 сьнежня, у гарадзкім Доме культуры Барысава адбудзецца ўганараваньне футбольнага клюбу БАТЭ. Падчас першага «тайму» будуць уручаныя ўзнагароды, другую частку аддадуць на водкуп вядомаму піцерскаму заўзятару, сьпеваку і кінаактору Міхаілу Баярскаму. На плошчы перад Домам культуры ўсталююць вялікі экран, будзе наўпроставая трансьляцыя таго, што адбываецца ў залі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG