Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крызіс як удзельнік футбольнага чэмпіянату


Матчамі 1/4 фіналу Кубка Беларусі афіцыйна стартаваў чарговы футбольны сэзон. Як адзначаюць спэцыялісты, сёлетняе першынства будзе мець шэраг нюансаў, перадусім, эканамічнага характару. Бальшыня футбольных камандаў знаходзіцца на балянсе дзяржаўных прадпрыемстваў, якія сур’ёзна пацярпелі ад крызісных наступстваў. Як адаб’ецца на футболе фінансавы крызіс?

У суботу, напярэдадні кубкавых сустрэчаў, адбылася справаздачная канфэрэнцыя Беларускай фэдэрацыі футболу. У часе паседжаньня міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў наўпрост заявіў: амаральнай выглядае сытуацыя, калі падчас эканамічнай стагнацыі футбалісты прэтэндуюць на ганарары папярэдніх сэзонаў. На перакананьне міністра, заробкі гульцоў завышаныя. Многія атрымлівалі 5 тысяч даляраў штомесяц, але ёсьць і тыя, чый прыбытак набліжаўся да 10 тысяч. У той жа час узровень гульні клюбаў ніяк не адпавядаў нават сярэдняму эўрапейскаму паказьніку. У прыбытках беларусы апярэдзілі многія клюбы Польшчы, Румыніі, Чэхіі, дзе заробкі ўдвая меншыя. Такой дыспазыцыяй тлумачыцца і вялікая колькасьць легіянэраў у беларускім чэмпіянаце.

Аднак, як лічаць экспэрты, карэктывы будуць зробленыя і бяз крытыкі спартовых чыноўнікаў. Каштарыс на сэзон-2009 быў ухвалены яшчэ летась, і бюджэты фармаваліся ў беларускіх рублях. З улікам дэвальвацыі гэта ўжо прывяло да 20-30-працэнтнага скарачэньня клюбных скарбонак. Падчас канфэрэнцыі старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Генадзь Нявыглас сказаў, што ў зьвязку з эканамічнымі цяжкасьцямі будзе працягнутая лінія на скарачэньне колькасьці камандаў вышэйшай лігі. Калі сёлета ў мацнейшым дывізіёне стартуюць 14 калектываў замест мінулагодніх 16-ці, то ў наступным годзе ў эліце застанецца толькі тузін клюбаў.
Анатоль Капскі, старшыня праўленьня аднаго з найбольш пасьпяховых футбольных клюбаў Беларусі, барысаўскага БАТЭ, лічыць: у цяперашняй сытуацыі адказным функцыянэрам трэба спыніць разьлічваць на зьнешнія фінансавыя ўліваньні, а проста інакш паставіцца да справы. Той жа БАТЭ леташнім удзелам у Лізе чэмпіёнаў зарабіў каля 6 мільёнаў эўра:
Крызіс стымулюе да нейкіх нетрывіяльных рашэньняў, да пэўнага ўпарадкаваньня дзейнасьці...

“У прынцыпе, крызісныя зьявы адбіваюцца на ўсім і на ўсіх сфэрах жыцьця. Таму, канечне, і на футболе гэта адаб’ецца. Я лічу, што ўвогуле ў крызіса два бакі. Скажам, ёсьць, з аднаго боку, ягоныя дрэнныя праявы, таму што жыць становіцца горш. А зь іншага боку, ён стымулюе да нейкіх нетрывіяльных рашэньняў, да пэўнага ўпарадкаваньня дзейнасьці. Таму я лічу, што ў дадзеным выпадку ўсё залежыць ад упраўленцаў, якія працуюць у клюбе. Бо шмат каму складана было і ў дакрызісныя часы – усе чакаюць, што сама па сабе павінна манна нябесная ўпасьці. А я лічу, што трэба проста лепш працаваць, вось і ўсё. Зарабляць грошы! Таму, паўтараю, крызіс закране ўсіх, але нічога катастрафічнага ў гэтым няма”.

Спартовы інтэрнэт-рэсурс eSport.by напярэдадні новага футбольнага сэзону правёў апытаньне сярод кіраўнікоў клюбаў наконт фінансавых пэрспэктываў. Абсалютная большасьць апытаных прызналіся, што у той ці іншай ступені зазнаюць матэрыяльныя цяжкасьці. Так, старшыня праўленьня наваполацкага “Нафтану” Леанід Падліпскі паведаміў, што каштарыс у параўнаньні з 2008 годам урэзаны на 50%. Выканаўца абавязкаў старшыні праўленьня гарадзенскага “Нёмана” Сяргей Кароза ня выключыў, што давядзецца адкарэктаваць заробкі гульцоў, уключна з тымі, хто быў на прывілеяваным становішчы. Па некаторых зьвестках, у сталічнага МТЗ-РІПО бюджет сёлета скароціцца на 1,5 мільёна даляраў. Да таго ж, МТЗ-РІПО і “Нёман” дагэтуль не прайшлі абавязковую працэдуру ліцэнзаваньня. Аднак у часе канфэрэнцыі БФФ было выказана спадзяваньне, што праблемы ў камандаў “несыстэмнага характару”, да пачатку рэгулярнага першынства яны іх пасьпеюць выправіць.

Яшчэ горшыя справы ў камандаў першай лігі. Спонсары не сьпяшаюцца дзяліцца сродкамі з клюбамі, якія змагаюцца ў малапрэстыжным дывізіёне. Даходзіць да радыкальных крокаў. На Віцебшчыне расфармаваная футбольная каманда “ПМЦ-Паставы”. Прадпрыемства “Мэблевы вытворчы цэнтар”, уладальнік клюбу, з-за крызісу страціла міжнародныя рынкі збыту, грошай на ўтрыманьне каманды ня стала, і яе распусьцілі. Прадпрыемства абвясьціла аб пераходзе на скарочаны працоўны тыдзень, а заадно скінула “футбольны баляст”.
Паводле папярэдніх дадзеных, найлепшае фінансавае становішча ў квартэце беларускіх камандаў, сярод якіх барысаўскі БАТЭ, менскае “Дынама”, салігорскі “Шахцёр” і мікашэвіцкі “Граніт”.

Завісьлі ў паветры анансаваныя праекты ўдасканаленьня футбольнай інфраструктуры. Сродкаў на перабудову маральна састарэлага менскага стадыёну “Дынама” няма. Пакуль што прыярытэт аддадзены хакейнай галіне, ужо сёлета у сталічным мікрараёне Чыжоўка пачнуць будаваць чарговы лядовы палац. Пад вялікім пытаньнем узьвядзеньне шматфункцыянальнай арэны на месцы стадыёну “Трактар”. Галоўны інвэстар – літоўскі бізнэсовец Уладзімер Раманаў, гаспадар футбольнага холдынгу ў складзе беларускага МТЗ РІПА, літоўскага “Каўнаса” і шатляндзкага “Хартсу” – заявіў пра ўдзел у выбарах прэзыдэнта Літвы і спартовыя справы адсунуў на пэрспэктыву. Пакуль невядома, на колькі аддаленую.
XS
SM
MD
LG