Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не дамо!» — у Мазыры сотні гараджан пратэстуюць супраць будаўніцтва ў двары новага дома


У Мазыры жыхары чатырох шматпавярховікаў на вуліцах Пралетарскай, Няжнова, завулку Першамайскім пратэстуюць супраць будаўніцтва ў іх супольным двары новага 40-кватэрнага жылога дома на адзінаццаць паверхаў.

Процістаяньне цягнецца ўжо не адзін месяц, а днямі яно вылілася ў адкрытае супрацьдзеяньне: абураныя гараджане не давалі будаўнікам гарадзіць дашчаны плот, які атачае будаўнічую пляцоўку; завярнулі камунальнікаў, каб тыя не сьпілавалі пасаджаныя ў дворыку дрэвы.

«Агароджу ставілі ў цемры»

Пэнсіянэрка Тацяна
Пэнсіянэрка Тацяна

«Прыехалі будаўнікі, — апавядае мясцовая пэнсіянэрка Тацяна, — рабіць у панядзелак агароджу, калі многіх не было дома — хто на працу пайшоў, хто па сваіх справах у горад выправіўся. Працавалі нават, калі сьцямнела. За імі — камунальнікі, дрэвы пілаваць. Дык сталі ўсе і не пусьцілі. Нават міліцыю выклікалі. Адзін зь міліцыянтаў пераконваў нас: «Яны ж робяць сваю працу!». Мы ў адказ: «Дык мы гэтыя дрэвы самі саджалі, каб было хоць дзе прыткнуцца, а яны пілаваць? Не дадзім!»

Вуліца Пралетарская ў Мазыры — даволі ажыўленая транспартная артэрыя, якая вядзе ў бок аўтавакзалу і дае шмат выкідаў аўтамабільных газаў. Побач — швейная фабрыка і завод «Мазыркабель».

Супольны дворык чатырох шматпавярховікаў
Супольны дворык чатырох шматпавярховікаў

Невялічкі дворык у атачэньні чатырох шматкватэрных дамоў служыць своеасаблівай рэкрэацыйнай зонай для дзяцей і дарослых.

«Дзіцячую пляцоўку хочуць перанесьці да кантэйнэраў для сьмецьця»

«Сюды заўсёды выходзяць маці зь дзецьмі ў вазках і мы, пажылыя людзі, адпачываем, болей няма дзе. І замест таго, каб неяк упарадкаваць гэтае адзінае месца адпачынку, зьбіраюцца ўсё пусьціць пад нож і паставіць дом. А дзіцячую пляцоўку перанесьці на другі бок дома № 5 у завулку Першамайскім, дзе і газавы разьмеркавальнік, і кантэйнэры для сьмецьця побач. Вось такі ў нас клопат пра падрастаючае пакаленьне! — кажа Ганна Неўмяржыцкая, жыхарка дома № 57, што на вуліцы Пралетарскай.

Новае месца для дзіцячай пляцоўкі
Новае месца для дзіцячай пляцоўкі

Каля плоту, якім будаўнікі ўжо абгарадзілі супольную зону адпачынку чатырох дамоў, сабралася некалькі дзясяткаў жыхароў. Яны паказваюць пашпарт будучага будаўнічага абʼекта, прымацаваны на тым жа плоце. На ім пазначана, што заказчыкам 40-кватэрнага жылога буйнапанэльнага дома зьяўляецца ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Мазырскага раёну. Генпадрадчыкам выступае Мазырскі домабудаўнічы камбінат. Дазвол на будаўніча-мантажныя работы выдадзены 10 лістапада 2016 году.

«Трэба набірацца досьведу, каб адбіваць гэтыя напады ўладаў»

«Наша думка нікога не цікавіць, да нас ставяцца, як да быдла, — даводзіць Ларыса Боханка з дома № 5 у Першамайскім завулку. — Хадзілі мы да старшыні райвыканкаму Яўгена Адаменкі, цяпер ён ужо дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Тлумачым: захавайце двор, захавайце дрэвы — яны хоць крыху абараняюць ад загазаванасьці й пылу. Ён нас слухае і супакойвае: „Сьпілуем вашы бярозы — парковачную пляцоўку зробім“. Мы ў адзін голас: „Ня трэба нам пад вокнамі такіх пляцовак!“. Дзьве бярозы ўсе ж такі пасьпелі сьпілаваць, астатнія мужчыны абаранілі. Цяпер ужо трэба набірацца досьведу, каб адбіваць гэтыя напады ўладаў, іначай нічога не атрымліваецца. Плот гэты ў цёмны час сутак гарадзілі, як бандыты якія».

Намесьнік старшыні Мазырскага райвыканкаму Ўладзімер Быстрэнка паведаміў у лісьце № 283 на адрас заяўніцы з вуліцы Пралетарскай, 57, што наконт будаўніцтва дома нібыта праводзіліся грамадзкія слуханьні ў 2012-м і 2015 гадах, але «заяў супраць будаўніцтва дома не паступала».

Калі ладзіліся грамадзкія слуханьні, жыхарам невядома.

«Нас тут наагул хочуць сутыкнуць ілбамі, — тлумачыць Аляксандар. — Улады празь мясцовыя мэдыя выстаўляюць нас праціўнікамі людзей, якія мусяць займець кватэры ў новым доме, а мы нібыта перашкаджаем. Быццам бʼёмся мы за пустку, а не за дзіцячую пляцоўку, за адзінае месца адпачынку для чатырох дамоў. Мы хадзілі ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва, глядзелі генплян забудовы Мазыру, распрацаваны яшчэ ў 1977 годзе. Дык на ім дом пазначаны пэрпэндыкулярна дому № 53, што на Пралетарскай. „Саракоўнік“ жа хочуць паставіць па-іншаму, у цэнтры нашага дворыка».

«Спадзяёмся, што наш голас нарэшце пачуюць»

Тым часам упраўленьне капітальнага будаўніцтва райвыканкаму адказвае на запыты гараджанаў, што разьмяшчэньне новага 40-кватэрнага дома «не парушае будаўнічых нормаў, інсаляцыю і натуральнае асьвятленьне суседніх дамоў. Адлегласьць ад запраектаванага дома да існуючых шматкватэрных жылых дамоў складае ад 12 да 40 мэтраў. Праект будаўніцтва мае станоўчае заключэньне дзяржбудэкспэртызы Гомельскай вобласьці.

Жыхары паказваюць укапаныя слупы, дзе вызначаны меркаваны падʼезд «саракоўніка» — гэта сапраўды мэтраў дванаццаць адразу ад двух існуючых дамоў за нумарамі 6 (вул. Няжнова) і 57 (вул. Пралетарская).

«Мы ж тут ілбамі будзем біцца адзін з другім. Быццам сьвет клінам сышоўся на нашым двары. На Пралетарскай паблізу аўтавакзалу вунь колькі месца пустуе. Але ж там не будуюць, бо, мусіць, трэба камунікацыі цягнуць. А тут наробяць каменных мяшкоў — і прэмію атрымаюць», — гэтак адклікаюцца жыхары Пралетарскай на нежаданьне будаўнікоў і ўладаў пачуць іхны голас.

Плот з рэклямай генпадрадчыка
Плот з рэклямай генпадрадчыка

27 верасьня на скаргі мазыран у Гомельскі аблвыканкам пісьмова адказаў старшыня камітэту архітэктуры і будаўніцтва Андрэй Бараноўскі: «Прыняцьце рашэньня ў пытаньні будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Пралетарскай перанесена Мазырскім райвыканкамам на няпэўны тэрмін. Ваш зварот застаецца на кантролі ў Гомельскім аблвыканкаме і Мазырскім райвыканкаме. Пра вынікі вам будзе паведамлена дадаткова».

«Дадатковым паведамленьнем», аднак, стаў плот, пастаўлены ў двары на Пралетарскай з рэклямай генпадрадчыка: «Мы будуем будучыню».

Герман Ісмайлаў
Герман Ісмайлаў

«З такой будучыняй, — кажа малады гараджанін Герман Ісмайлаў, — мы не пагаджаемся. Яна нам ня трэба. Мы апісалі на пяці аркушах усю гісторыю нашага процістаяньня, пазыцыю мясцовых чыноўнікаў і падначаленых структураў і даставілі ў Менск, у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Пад зваротам падпісаліся каля чатырохсот тутэйшых жыхароў. Спадзяёмся, што наш голас нарэшце пачуюць».

Узрушэньне на Пралетарскай
Узрушэньне на Пралетарскай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG