Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як маларыцкія фэрмэры хацелі «будаваць Амэрыку ў Беларусі», але займелі праблемы з уладамі


Іван Бяльчук каля электрычнага станка-калуна, які змайстраваў сам з мэталалому
Іван Бяльчук каля электрычнага станка-калуна, які змайстраваў сам з мэталалому

Канфлікт з АМАПам можа пагражаць турэмным тэрмінам Аляксандру Бельчуку з вёскі Арлянка Маларыцкага раёну. Зараз Аляксандар і яго брат Мікалай знаходзяцца ў сьледчым ізалятары, а іх бацька Іван Бяльчук лічыць, што гэта ўсё — помста міліцыянтаў.

Што адбываецца зь сям’ёй Бельчукоў з Маларыцкага раёну, у якіх нядаўна здарыўся канфлікт з АМАПам, высьвятляў карэспандэнт Свабоды.

Вёска Арлянка — невялікі населены пункт, амаль палову з двух дзясяткаў хатаў займае вялікая сям’я Бельчукоў. Найбуйнейшая гаспадарка — у Аляксандра Бельчука, які трымае паўсотні кароў ды быкоў. Аляксандар, як і яго брат Мікалай, знаходзіцца цяпер у сьледчым ізалятары, таму журналіста Свабоды сустрэў іхны бацька, 76-гадовы Іван Бяльчук.

«Гэта правакацыя такая была, помста за той трактар»

«У мяне 5 дзяцей, 30 унукаў і 47 праўнукаў. З усіх маіх дзяцей і ўнукаў адзін толькі ўжывае сьпіртныя напоі і цыгарэты, астатнія ня кураць і ня п’юць», — расказаў спадар Іван пра сваю вялікую сям’ю.

Іван Бяльчук кажа, што прычыны нядаўняга канфлікту з АМАПам хаваюцца яшчэ ў падзеях больш чым двухгадовай даўніны, калі ў яго сына Аляксандра здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам праз самаробны трактар. Пасьля таго канфлікту Аляксандар атрымаў мінімальны тэрмін — 3 месяцы арышту. Іван Бяльчук лічыць, што міліцыянты не зьмірыліся з такім мяккім прысудам і цяпер помсьцяць ягонай сям’і:

«Мае дзеці такія, што ні ў чым не былі заўважаныя, апроч той гісторыі з самаробным трактарам. „Канцэрт“ тады зладзіла ДАІ, міліцыя. Тады яны ўсё гразілі, што 6 гадоў будзе Саша сядзець. А потым, калі пачалося сьледзтва, як пабачылі, што даюць яму толькі 3 месяцы арышту, то іх гэта абурыла. Яны не зьмірыліся. Мы дайшлі да Вярхоўнага Суду. Але гэта ж трэба міліцыянэраў вінаваціць, то Вярхоўны Суд пакінуў вырак бязь зьменаў», — распавёў Іван.

Аляксандар Бяльчук пасьля канфлікту з АМАПам знаходзіўся ў лякарні. Цяпер – у СІЗА
Аляксандар Бяльчук пасьля канфлікту з АМАПам знаходзіўся ў лякарні. Цяпер – у СІЗА

Спадар кажа, што лічыць нядаўні канфлікт з АМАПам правакацыяй:

«Як рэжысэр фільмы ставіць, так і яны зрабілі — прыехалі ў цывільнай вопратцы і не прадстаўляліся. Яны ведалі наш характар, што мы дзейнічаем паводле закону. Гэта правакацыя такая была, помста за той трактар».

Выклікаў міліцыю, знаходзячыся ў вышуку?

Мікалай, сын Івана, празь якога і здарыўся канфлікт зь міліцыянтамі, жыве ў Арлянцы, улетку будаваў гаспадарчую пабудову. Тое, што сын знаходзіцца ў вышуку, для спадара Івана дзіўна, бо Мікалай не хаваўся і нават сам выклікаў быў міліцыянтаў:

«Ну дзе ж ён хаваўся? Ён жа тут плот паставіў, фундамэнт заліў, якія хованкі? Ён міліцыю нашу маларыцкую выклікаў, калі крадзеж у яго ўчынілі. Прыяжджаў участковы, знайшлі тое скрадзенае... А тут апынуўся ў вышуку. Які ж вышук, калі ў нас у Маларыцкім раёне ён пражывае, прапісаны, тут увесь час бывае?..»

У Бельчукоў шмат сельскагаспадарчай тэхнікі. Большасьць – старая, яе аднаўляюць
У Бельчукоў шмат сельскагаспадарчай тэхнікі. Большасьць – старая, яе аднаўляюць

Бельчукі выказваюць здагадку, што Мікалай мог быць абвешчаны ў вышук яшчэ праз тую гісторыю з трактарам, калі ён прысутнічаў пры канфлікце брата Аляксандра зь супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам. Як паведаміла прэс-служба берасьцейскай міліцыі, Мікалай Бяльчук знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку як абвінавачаны ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Мікалай Бяльчук каля каля двух тыдняў трымае галадоўку

Цяпер Аляксандар і Мікалай Бельчукі знаходзяцца ў ізалятары ў Берасьці. Аляксандра даставілі туды проста зь маларыцкай лякарні:

«Аляксандар нават ня выйшаў, а яго выгналі зь лякарні, бо яшчэ недалечаны. Але зьнялі швы, галава ў яго яшчэ балела. Напісаў ён скаргу ў Міністэрства аховы здароўя, ды яго забралі. Зараз Аляксандар і Мікалай знаходзяцца ў СІЗА,» — кажа іх бацька Іван.

Іван Бяльчук
Іван Бяльчук

Іван Бяльчук распавёў, што сьледчыя бралі тлумачэньні ва ўсіх, хто прысутнічаў у часе канфлікту з АМАПам, і нават учынілі ператрусы:

«Забралі маю машыну, забралі Аляксандраву і шукалі ў нас па хатах зброю. Чатыры ператрусы былі. Не знайшлі, зразумела, нічога. Я ў войску служыў, не хацеў зброі ў рукі браць, а яны ў мяне шукалі. Гэта ж сьмешна... што яны там хацелі „павесіць“? Я панятым казаў, каб глядзелі ўважліва, каб хоць чаго нам не падкінулі».

Днямі зь лістоў ад Мікалая Бяльчука стала вядома, што ён з 1 лістапада трымае галадоўку. Іван Бяльчук з плачам зачытаў карэспандэнту Свабоды ўрывак зь ліста сына:

«Прыходзіў адвакат. Але цяпер не стаіць пытаньня аб судовым разборы. Я б расказаў усё пра жыцьцё ў СІЗА, пра начальніка зь Менску. Мне пры адвакату стала зусім дрэнна, ледзь дайшоў да камэры. Прыходзіў урач, бачыў, што я даходжу, але яму да лямпачкі. Дачушка і ўсе родныя, я разумею ваш боль, але зразумейце ўсе і мяне, я да галадоўкі ня мог есьці і хадзіць у прыбіральню, носам не магу дыхаць, відаць, паламаны. Я не магу пісаць, капэрту падпісаў сукамэрнік. Хутчэй за ўсё, гэта апошні ліст. Усе родныя, жывіце дружна, заставайцеся зь мірам... Ня ведаю, калі скончыцца маё дыханьне», — так напісаў Мікалай Бяльчук бацьку з СІЗА.

Адзін зь лістоў Мікалая Бельчука зь СІЗА
Адзін зь лістоў Мікалая Бельчука зь СІЗА

12 лістапада Іван Бяльчук разам з сваякамі хадзіў да адміністрацыі СІЗА, прасіў перавесьці Мікалая ў лякарню. Спадар Іван кажа, што гутарка з прадстаўнікамі адміністрацыі і мэдыкам СІЗА не разьвязала хваляваньняў сям’і за лёс Мікалая.

Іван Бяльчук у адчаі, ён думае, што яго сыноў пасадзяць на рэальныя тэрміны, калі, у горшым выпадку, галадоўка Мікалая не прывядзе да горшых наступстваў. 76-гадовы Іван кажа, што ня верыць у справядлівасьць, бо ягонай сям’і ўжо ня раз даводзілася абіваць парогі кабінэтаў чыноўнікаў:

«Мы ж ведаем, што справядлівасьці цяжка ў нас дабіцца. Калі б усё было сумленна... Мы ж ня кажам, што мы ня ехалі. Мы не ўцяклі адтуль (маецца на ўвазе пагоня за АМАПаўцамі. — РС). Міліцыянэр каб паказаў дакумэнт, хто ён, то і ніякага канфлікту не было б.

Каровы Аляксандра Бельчука
Каровы Аляксандра Бельчука

Я думаю, што скончыцца справа нядобра — сродкаў у нас няма, адвакат каштуе мільён (недэнамінаванымі. — РС) за дзень, мы не пацягнем. Мікалай увогуле адмовіўся ад адваката... Думаю, што могуць пасадзіць. Не спадзяюся, бо няма сапраўднай справядлівасьці. Вось як даказаць? Я кажу, што міліцыянты не прадставіліся, а яны цяпер кажуць, што прадстаўляліся. Да гаранта Канстытуцыі я не змагу трапіць, таму што некалькі спробаў у мяне было, калі прасіў прыняць бацьку пяцярых дзяцей і дзеда шматлікіх унукаў. І усё дарэмна — прыёму не вядзе Аляксандар Рыгоравіч. Але гэта ж ня мы першыя будзем сядзець бязь віны».

Бельчукам трэба будаваць кароўнік — пры тым, што каля вёскі занепадае каля дзясятка такіх памяшканьняў

Пустыя кароўнікі, у якіх ужо няма калгаснай жывёлы
Пустыя кароўнікі, у якіх ужо няма калгаснай жывёлы

Аляксандар Бяльчук фактычна не зьяўляецца фэрмэрам, але ён трымае больш за 50 кароў ды быкоў, таму сельсавет выдзеліў яму зямлю для пашы ды сенакосу. Бацька Аляксандра, Іван, кажа, што сям’я ня мае вялікага кароўніка, а скаціна часова ўтрымліваецца ў калгасным будынку. Аднак гэтае памяшканьне, кажа Іван, у любы момант могуць адабраць. Аляксандар да таго, як трапіў у СІЗА, меркаваў займацца пытаньнем набыцьця зямлі для будаўніцтва кароўніка, але цяпер над гэтым няма каму працаваць:

«У нас ёсьць усё, ёсьць кармы, тэхніка, але няма памяшканьня. А памяшканьні пустуюць — колькі Саша зьвяртаўся, не даюць. Дазволіў старшыня паставіць жывёлу спачатку, а потым той будынак калгас стаў разьбіраць, перавялі ў іншы. Там стаіць 10 пустых будынкаў, спачатку старшыня нам абяцаў, некалькі гадоў усё ішло нармальна. А потым запатрабавалі 500 даляраў арэнды за месяц. А 500 даляраў за ўсё малако не выходзіць. Падавалі ў суд, Сашу прысуджалі то 2, то 3 базавыя, ён разьлічваўся, і на такіх правах каровы стаялі ў тым кароўніку. Час праходзіць — напішуць пратакол, і судзьдзя прысуджвае.

«Можа, гэта ўлады так і дабіваюцца, каб задушыць, каб не было ў вёсцы ніводнай каровы»
«Можа, гэта ўлады так і дабіваюцца, каб задушыць, каб не было ў вёсцы ніводнай каровы»

Трэба будаваць кароўнік, а Сашы, гаспадара кароў, няма зараз. Каб будаваць, трэба надзел. Ёсьць зямля, выдзеленая сельсаветам для пашы і сенакосу, але на ёй не дазволяць будаваць. Таму пытаньне стаіць, дзе будаваць. Можа, гэта ўлады так і дабіваюцца, каб задушыць, каб не было ў вёсцы ніводнай каровы. У вёсцы ў нас няма кароў ні ў кога, толькі ў Сашы», — расказаў Іван Бяльчук.

Літаральна за сотню мэтраў ад хатаў Бельчукоў знаходзіцца каля дзясятка закінутых кароўнікаў, у якіх даўно няма калгаснай жывёлы. Некаторыя будынкі ўжо разабралі, іншыя пакрысе разбураюцца. Іван правёў карэспандэнта каля гэтых кароўнікаў, кажучы, што хоць калгас там нікога і не трымае, але і ім ня хоча перадаць памяшканьні.

У 2015 годзе ў інтэрвію Свабодзе Аляксандар Бяльчук распавядаў, што ў 90-х гадах мог зьехаць зь сям’ёй жыць у Амэрыку. Аднак пагутарыў з бацькам ды вырашыў «будаваць Амэрыку ў Беларусі». З тых часоў Бельчукі трымаюць сваю гаспадарку ў Арлянцы, хоць наконт «пабудовы Амэрыкі» ўжо расчараваліся. Тым ня менш спадар Іван кажа, што яго сям’я пры любых умовах будзе працаваць на зямлі:

«Вешацца ня пойдзем. Будзем шукаць, чым заняцца. Мы і так стараемся: вось дачка цяпліцу трымае, Мікалай рабіў цяплічку. Усё ж мы стараемся выжыць. Разбагацець жа тут немагчыма, нават калі б не заміналі. Таму што цэны, паліва, плугі, камбайны... Усё дарагое. А літар малака ў нас купляе дзяржава па 4 тысячы (тут і далей недэнамінаванымі. — РС), а цяпер назьбіраліся штрафы, то 50 працэнтаў даюць — 2 тысячы за літар. І што вы зробіце? Літар саляркі 12 тысяч, а малако — па 2. Шэсьць літраў малака трэба на літар саляркі. А што такое літар саляркі? Колькі ты поля заарэш? Мяса бычкоў у нас бяруць па 20 тысяч за кіляграм жывой вагой. А потым у краме каўбаса па 170 тысяч. Калгасы ж як выжываюць — крэдыты бяруць, ня гасяць мільярды тых крэдытаў, ім сьпісваюць, паліва даюць, яны і выжываюць. А гаспадар ня выжыве — толькі пражыць».

Іван Бяльчук з праўнукамі Сашам і Пашам
Іван Бяльчук з праўнукамі Сашам і Пашам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG