Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт з ДАІ пагражае гаспадару самаробнага трактара 6 гадамі зьняволеньня


Фэрмэр Аляксандар Бяльчук, якога вінавацяць у зьбіцьці міліцыянта

Фэрмэр Аляксандар Бяльчук, якога вінавацяць у зьбіцьці міліцыянта

20 лістапада ў Берасьцейскім раённым судзе адбудзецца працэс над фэрмэрам Аляксандрам Бельчуком. Ягоны самаробны трактар стаў прычынай канфлікту сялянаў зь міліцыянтамі. Канфлікт з ДАІ пагражае гаспадару самаробнага трактара шасьцю гадамі зьняволеньня.

Інцыдэнт здарыўся 9 траўня ў вёсцы Страдзеч. Паводле вэрсіі міліцыі, інспэктар ДАІ перасьледаваў самаробны незарэгістраваны трактар, які пасьпеў заехаць у двор. Калі супрацоўнік дарожна-патрульнай службы заявіў, што будзе выклікаць эвакуатар, каб вывезьці трактар на штрафную стаянку, вяскоўцы быццам бы аказалі яму супраціў. У міліцыі паведамлялі, што супрацоўніка ДПС білі і нават кусалі.

Фэрмэр Аляксандар сваёй віны не прызнае. Ён сьцьвярджае, што міліцыянты самі перавысілі паўнамоцтвы.

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар кажа, што трактар нікуды ня езьдзіў, а стаяў у двары, міліцыянты ж проста вырашылі яго адабраць:

«Супрацоўнік ДПС паходжваў па тэрыторыі двара. Мы задалі яму пытаньне, на якой падставе ён тут знаходзіцца. Ён сказаў, што прыехаў забраць трактар па загадзе начальніка РАУС».

Вяскоўцы вырашылі не аддаваць трактар і пачалі каціць яго ў гараж. Пасьля гэтага паміж фэрмэрам і супрацоўнікам ДПС пачалася сварка. Заступацца за гаспадара трактара прыбегла шмат вяскоўцаў.

У выніку міліцыянт выклікаў падмацаваньне, на двух гаспадароў трактара надзелі кайданкі. Як распавёў Свабодзе абвінавачаны цяпер Аляксандар, яго каля шасьці гадзін трымалі ў міліцэйскай машыне, потым завезьлі ў пастарунак, дзе дапытвалі ды складалі пратакол.

Цяпер Аляксандар пад падпіскай аб нявыезьдзе, 20 лістапада яго будуць судзіць у судзе Берасьцейскага раёну.

Фэрмэр кажа, што яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня, калі ягоную віну дакажуць.

Але вінаватым ён сябе ня лічыць — кажа, што гэта міліцыянты справакавалі канфлікт.

Аляксандар мае вялікую сям’ю, у яго 8 дзяцей. Разам зь іншымі сваякамі ён трымае больш за 57 гектараў зямлі, вырошчвае каля 40 галоў буйной рагатай жывёлы. Сям’я фэрмэра працуе на гэтай зямлі ўжо гадоў 20. Маюць і розную сельскагаспадарчую тэхніку. Дзеля патрэбаў гаспадаркі самі сабралі невялікі трактар з дэталяў ад розных машын. Гэты трактар і стаў прычынай канфлікту.

Аляксандар кажа, што трактар спрабавалі зарэгістраваць яшчэ да канфлікту, але выявілася, што дзеля гэтага трэба было сьпісаць некалькі адзінак тэхнікі, якая стаіць напаўразабраная. Таму рэгістрацыю трактара адкладалі, пакуль ім не зацікавіліся супрацоўнікі ДАІ.

Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся ў ДАІ ўпраўленьня ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму, каб запытацца, ці магчыма было пазьбегнуць здарэньня ў Страдзечы і ці можа звычайны чалавек змайстраваць трактар і легальна на ім езьдзіць. Але намесьнік начальніка абласной ДАІ Ўладзіслаў Крац даваць камэнтар адмовіўся:

«З гэтым інцыдэнтам разьбіраецца Берасьцейскі РАУС. Усе пытаньні, калі ласка, туды».

Раней у інтэрвію сайту Onliner.by кіраўніца прэс-службы Берасьцейскай ДАІ Натальля Сахарчук казала, што інспэктар не зьбіраўся канфіскоўваць трактар селяніна:

«Ні пра якую канфіскацыю не ішло і размовы. У дадзеным выпадку гаварылася аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці за кіраваньне незарэгістраваным транспартным сродкам. Максымум, што мог зрабіць інспэктар, — выклікаць эвакуатар і даставіць трактар на штрафную стаянку», — тлумачыла Натальля Сахарчук.

Хто вінаваты ў канфлікце паміж ДАІ і ўладальнікам самаробнага трактара, 20 лістапада будзе разьбірацца суд Берасьцейскага раёну.

Інспэктар па інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці Марына Дранько паведаміла Радыё Свабода, што, паколькі справа ўжо перададзеная ў суд, ведамства ня можа даваць камэнтары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG