Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шлях да камунізму прывёў да фэрмэра


Крыху больш за дзесяць гадоў таму жыхары вёскі Хільчыцы Жыткавіцкага раёну збунтаваліся cупраць свайго збанкрутаванага калгасу «Шлях да камунізму» і ўсе гуртам перайшлі да свайго земляка, мясцовага фэрмэра Міхаіла Шруба. Такое ў найноўшай аграрнай практыцы краіны здарылася ўпершыню: калгас далучыўся да фэрмэра. Што з гэтага атрымалася?

Каб адцурацца ад збанкрутаванага калгасу і далучыцца да фэрмэра Шруба, вяскоўцы з Хільчыцаў мусілі вытрымаць ажно пяць агульных сходаў: упіралася начальства — ад райвыканкаму да Міністэрства сельскай гаспадаркі. Супраціўляліся юрысты, даводзячы, што няма такой практыкі, каб калгасную маёмасьць перадаваць прыватніку.

Ледзь ня два гады пайшло ў фэрмэра на суды, груканьне ва ўладныя дзьверы, каб узаконіць волю аднавяскоўцаў — перарэгістраваць сваю гаспадарку з улікам рашэньня землякоў.

Згадвае вясковец Фёдар Белка, былы калгасьнік, а цяпер, як сам кажа, малады пэнсіянэр, адказны ў фэрмэра за выдачу працаўнікам 4 тон бясплатнай бульбы:

Фёдар Белка

Фёдар Белка

«Калгас наш ня тое каб ляжаў на лапатках, а знаходзіўся ў яме з галавою. І Бог даў нам Шруба Міхаіла Рыгоравіча, які нас выратаваў. Дзякуючы яму мы цяпер па-людзку жывём. Лічу так: калі зямлю будуць нават арандаваць такія людзі, як Шруб, сельскай гаспадарцы не спатрэбяцца датацыі дзяржавы. І наагул быў бы ў вёсцы сучасны камунізм — гэта стопудова!»

Міхаіл Шруб вярнуўся на родную Тураўшчыну не адразу. Мог пасьля БДУ, які скончыў з чырвоным дыплёмам, назаўсёды застацца ў сталіцы — і надалей выкладаць усё тую ж палітэканомію ці ўсясьветную эканоміку. Пісаў бы сабе навуковыя трактаты, калекцыянуючы навуковыя ступені й званьні. Зь ягоным сьветапоглядам і руплівасьцю тое ня стала б вялікай праблемай. Мог Міхаіл будаваць у Гомелі кар’еру партыйнага функцыянэра, але, на зьдзіўленьне калегаў, адмовіўся ад сакратарскай пасады.

Міхаіла паклікала бацькаўшчына, родная зямля. Мужыкоў у Хільчыцах, дый ня толькі тут, выбілі двойчы ці нават тройчы — ужо й ня зьлічыш. Спачатку бальшавіцкія рэпрэсіі 30-х гадоў, а потым вайна. Міхаілу, селяніну ад нараджэньня, карцела сваім вяртаньнем як бы вярнуць на бацькоўскую зямлю гістарычную справядлівасьць — у дачыненьні да сялянства, да свайго дзеда Якава Шруба, які, як і тысячы іншых вясковых рупліўцаў, быў адлучаны ад сваёй зямлі — і згінуў ці то пад Мазыром у лесе, ці то на неабдымных прасторах Сыбіры.

Сам Міхаіл Рыгоравіч так кажа пра сваю спробу:

Па эканамічнай сутнасьці мы набылі калгас за суму яго даўгоў. Плюс да таго добраахвотна ўзялі на сябе ношу: абслугоўваць калгасных пэнсіянэраў, інвалідаў, мэдычных работнікаў

«Вось гэты экспэрымэнт, які мы над сабой паставілі, а калі хочаце, то й дзяржава паставіла, паказаў, што эфэктыўная вытворчасьць у вёсцы магчымая, на нашай зямлі і ў нашых умовах, нягледзячы нават на яўнае супрацьдзеяньне. А калі такая вытворчасьць магчымая, то яна можа станавіцца крыніцай умацаваньня вёскі, яе захаваньня. Па эканамічнай сутнасьці мы набылі калгас за суму яго даўгоў. Плюс да таго добраахвотна ўзялі на сябе ношу: абслугоўваць калгасных пэнсіянэраў, інвалідаў, мэдычных работнікаў. Але, паўтару, зроблена апошняе добраахвотна — ніхто нас рабіць гэта не абавязваў, не падштурхоўваў».

Маладая пара, муж і жонка Анатоль і Вольга Сарокі, прыехалі да фэрмэра з Лунінецкага раёну

Маладая пара, муж і жонка Анатоль і Вольга Сарокі, прыехалі да фэрмэра з Лунінецкага раёну

А вось як выглядаюць у лічбах эканамічныя вынікі экспэрымэнту на тураўскай зямлі:

«Колішні калгас вырошчваў 600 тон збожжа і 30 тон бульбы. Мы вырошчваем зараз 15 тысяч тон гародніны, тысячу тон мяса, маем сваю гандлёвую сетку, разьвіваем экатурызм. Зроблены захады, каб праз два гады мець 5–6 тысяч тон малака. На 3 працэнтах зямлі, якой у нас надзвычай бракуе, атрымліваем ад 15 да 30 адсоткаў выручкі, якую маюць усе сельгаспрадпрыемствы раёну. З кожнага гектара зямлі мы плацім дзяржаве 1000 даляраў падаткаў. Рэнтабэльнасьць — вышэй за 30 адсоткаў. Сярэдні заробак працаўнікоў складае цяпер 680 даляраў, хоць многія атрымліваюць нашмат больш — і тысячу даляраў, і больш. Тут індывідуальны падыход, які не заснаваны на прынцыпе „падабаецца — не падабаецца“, а залежыць ад выніку працы. Галоўнае — вынік».

За адзінаццаць гадоў фэрмэр стварыў сапраўды эўрапейскую гаспадарку — па тэхналёгіях, па абсталяваньні. Яно, дарэчы, у гаспадарцы з Галяндыі, Францыі, Даніі, Чэхіі, Італіі. Гародніна ў фэрмэра адгружаецца ў гандлёвую сетку краіны, як на выставу: уся чысьцюткая, расфасаваная — у сеткі, сетачкі, пакеты й пакецікі. Любой вагі, на любы густ.

Сярэдні заробак працаўнікоў складае цяпер 680 даляраў, хоць многія атрымліваюць нашмат больш

Альбо такі факт. Перш чым пабудаваць сьвінакомплекс, Шруб аб’ехаў ці не палову Эўропы, вывучаючы тамтэйшы вопыт. Комплекс працуе ўжо шэсьць гадоў, дае тысячу тон сьвініны, а Шруб быў на ім за гэты час толькі адзін раз. Няма патрэбы, бо ўсе парамэтры і паказьнікі фэрмэр можа ў любы час паглядзець у сваім мабільным тэлефоне.

Галоўны вэтэрынарны лекар Сяргей Якавец гэтак выказаўся пра сваю цяперашнюю працу ў фэрмэрскай гаспадарцы:

«Задавальняе мяне тое, што робіцца тут так, як мяне пяць гадоў вучылі ў акадэміі. І вось гэтыя веды я магу цяпер рэалізаваць. Робіцца, як вучылі: так утрымліваць, так карміць, лячыць ці рабіць прафіляктыку».

Спэцыялісты ў фэрмэра жывуць пераважна ў Тураве, дзе ўтварылася ўжо адмысловая вуліца са службовых дамоў. Шруб лічыць, што маладыя сем’і павінны жыць у паселішчах, дзе найбольш разьвітая сацыяльная інфраструктура. Лепей самога спэцыяліста вазіць за сем ці дзесяць кілямэтраў на працу. Бо як бы там ні было, але ў кожнай вёсцы ўсё адно не пабудуеш школу, басэйн, шпіталь, кавярню. У паселішчах з разгалінаванай сацыяльнай інфраструктурай лацьвей жыць і дарослым, і іхнім дзецям.

У Тураў, дарэчы, вярнуліся, адвучыўшыся ў Менску, і дзеці Міхаіла Шруба — дачка і сын. Дачка Аляксандра працуе цяпер у кавярні «Будзьма», пабудаванай бацькам. Муж яе, былы памежнік, — у фэрмэрскай гаспадарцы. Сын Шруба імкнецца наладзіць экалягічны й гістарычны турызм. Зразумела, пры падтрымцы бацькі-фэрмэра.

Міхаіл і Кацярына Шрубы (Шруба) з унукам і сынам

Міхаіл і Кацярына Шрубы (Шруба) з унукам і сынам

За дзесяць гадоў фэрмэр аказаў вяскоўцам розных сацыяльных паслуг на мільён даляраў зь лішнім. У Тураве пабудаваныя лазьня й набярэжная. І ніяк нельга прыватніка ўяўляць такім, як у карыкатурах за савецкім часам: ён, задаволены, ляжыць на мяшках з грашыма.

Шруб: «Для мяне грошы, калі яны ёсьць, і асабліва тыя, якія я магу накіраваць не на вытворчасьць, — гэта спосаб выразіць сябе, спосаб штосьці зрабіць і людзям. Мы ж ня толькі займаемся вытворчасьцю, але й робім справы, пра якія гучна й ня кажам. Наагул, фэрмэрства — гэта лад жыцьця: самога, сваёй сям’і і, у пэўным сэнсе, усёй вёскі».

XS
SM
MD
LG