Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер, які выкрываў парушэньні ДАІ: Сына адпраўляюць на «хімію», жонку звольнілі, самому далі па галаве


Бабруйскі блогер Алег Жалноў заявіў пра новую хвалю ціску на ягоную сям’ю за тое, што ён выкрываў у інтэрнэце злоўжываньні мясцовых міліцыянтаў. З гісторыяй Алега Жалнова і ягонай сям’і разьбіраўся наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

Аляксей Жалноў, сын бабруйскага блогера Алега Жалнова, сёньня атрымаў у міліцыі накіраваньне на «хімію» — у вёску Заліп’е пад Гомелем. Што будзе рабіць на новым працоўным месцы — былы сыстэмны адміністратар пакуль ня ведае. «Нешта па гаспадарцы», — стрымана жартуе Аляксей, але прызнае, што яму цяпер не да жартаў. 2 лістапада старшыня Магілёўскага абласнога суду Ігар Прашко адхіліў наглядную скаргу Аляксея на прысуд Бабруйскага раённага суду, які прызнаў яго вінаватым у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў супрацоўніку міліцыі і асудзіў на 3 гады «хіміі».

Алег Жалноў

Алег Жалноў

Бацька Аляксея Алег Жалноў распавёў гісторыю таго, як змагаўся зь ціскам спачатку ён сам, а далей і ягоная сям’я. Працуе ён электрыкам і ўжо больш за два гады выкладвае ў інтэрнэце факты парушэньня мясцовымі міліцыянтамі законаў і правілаў, якія ўдаецца зьняць на фота і відэа. Прыкладам, недакладнай паркоўкі. Вось такія ягоныя здымкі пачатку верасьня мінулага году мелі вынікам крымінальную справу сына.

«У выніку супрацоўнікі міліцыі пачалі чыніць ціск і на мяне, і па ўсім фронце, на сям’ю перакінулася. У той дзень мы з сынам выпадкова зьнялі, як міліцыянты прыпаркавалі свой аўтамабіль на тратуары каля ДАІ — а гэта ж парушэньне ПДР. Нас абвінавацілі, што мы нібыта перашкаджаем праезду спэцтранспарту, і затрымалі. А потым увогуле заявілі, што нібыта мы супраціўляліся, што я парваў форму міліцыянту Бутоўскаму, а мой сын нібыта яго ўдарыў».

Да крымінальнай справы супроць блогера не дайшло, а вось ягонаму сыну Аляксею пашанцавала меней: яму суд даў 3 гады «хіміі». Аляксей Жалноў кажа, што суды адзін за адным адмаўляліся вывучаць у якасьці доказу відэа затрыманьня ды іншыя сьведчаньні ягонай невінаватасьці. Паводле асуджанага, міліцыянты забясьпечылі патрэбныя ім паказаньні сьведак-мінакоў, а мэдычную даведку пра сьляды зьбіцьця пацярпелага, якая фігуравала ў справе, сфабрыкавалі, і ў гэтым таксама ня хочуць разьбірацца судзьдзі:

«Прычым паказаньні лекара, мэдычнай сястры і санітаркі, паводле гэтай мэдычнай даведкі, таксама адрозьніваюцца. Лекар кажа, што ён гэтага не пісаў, хоць мусіў рабіць запісы. Сястра таксама кажа, што гэта не яна, а, магчыма, санітарка зрабіла запіс. Санітарка гэта прызнае, хоць ня мела права рабіць запісы, гэта не яе ўзровень, і кажа, што ўсё запісала са словаў Бутоўскага. Што нібыта яго ўдарылі каля ДАІ. Але як каля ДАІ, калі ёсьць запіс, што там не адбывалася ніякай бойкі?» — распавёў Аляксей Жалноў.

Паводле блогера Алега Жалнова, ад міліцэйскага ціску пацярпела і ягоная жонка, якая страціла працу. Паўтара месяца таму на Алега позна ўвечары напалі невядомыя, яго ўдарылі па галаве. Блогер тыдзень праляжаў у шпіталі з траўмай, але міліцыя ў гэтай справе не стала разьбірацца, хоць усе пападаньні ў мэдычныя ўстановы з траўмамі звычайна сама меней дасьледуюцца.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які дапамагае сям’і Жалновых рабіць факты ціску здабыткам галоснасьці, мяркуе, што гэтая гісторыя для Бабруйску — не выключная:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Хачу нагадаць пра тое, што здарылася з актывістам Вячаславам Шэлегам летась: ягоную дачку вывезьлі ў лес і зьбілі. А гэта той Шэлег, які раней падаваў скаргу ў ААН на незаконныя дзеяньні ўладаў. Таксама магу нагадаць, што ў Бабруйску супроць сябры БХД Таісіі Кабанчук прадпрымаліся супрацьпраўныя дзеяньні, яе запалохвалі, выклікалі ў КДБ, абражалі, у тым ліку публічна. Таму можна лічыць, што гэта не асобны выпадак, а сыстэма ціску на актывістаў, якая характэрная для Бабруйску і Магілёўскай вобласьці».

Сын блогера Аляксей Жалноў, які днямі мусіць ад’ехаць на «хімію», заявіў, што няўдача ў Магілёўскім абласным судзе яго не спыніла і ён будзе абскарджваць прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі.

Аляксей Жалноў

Аляксей Жалноў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG