Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўсё больш беларусаў хочуць зьехаць з краіны


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Ігар Карней і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: За апошні год, паводле Цэнтру эўразійскіх дасьледаваньняў Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР), павялічыўся адсотак беларусаў, гатовых выехаць за мяжу як для часовай працы, такі і на сталае месца жыхарства.

Праведзенае ў рамках «Інтэграцыйнага баромэтра ЭАБР-2016» дасьледаваньне паказвае рост цікавасьці грамадзян Беларусі да выезду на часовую працу ва ўсе рэгіёны (у ЭЗ, СНД і іншыя краіны), а таксама зьніжэньне долі тых, хто пра гэта не задумваецца.

Перш за ўсё, трэба адзначыць, што ўсё больш беларусаў гатовыя выехаць працаваць за мяжу, і пры гэтым яны ўжо вельмі істотна пашыраюць геаграфію магчымай працоўнай міграцыі. То бок яны гатовыя ехаць працаваць абы-куды, абы зьехаць.

Больш за ўсё беларусаў цікавіць часовая праца ў краінах Эўразьвязу. У 2016 годзе за магчымае працаўладкаваньне ў ЭЗ аддалі галасы 25% рэспандэнтаў, што на 2% больш, чым у мінулым годзе. Самы прывабны рынак працы ў гэтым рэгіёне (і ў цэлым) для беларусаў — Нямеччына. Паехаць працаваць туды, «калі б надарылася такая магчымасьць», гатовыя 15% апытаных.

Па ступені цікавасьці да рынку ЭЗ беларусы — чацьвёртыя ў СНД. Самы высокі працэнт ахвотных працаваць у Эўразьвязе — ва Ўкраіне (37%), далей ідуць Малдова (32%) і Грузія (30%).

З 9% да 14% у гэтым годзе вырасла цікавасьць беларусаў да працаўладкаваньня ў краінах СНД. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра Расею, якую прыярытэтам для часовага працаўладкаваньня назвалі 12% апытаных беларускіх грамадзян.

На 2% (з 14 да 16%) у беларусаў вырасла жаданьне выехаць на працу і ў іншыя краіны. Прыярытэт — ЗША, якія займаюць трэцяе месца па магчымай працоўнай міграцыі пасьля Германіі і Расеі. Працэнт гатовых паехаць на заробкі за акіян (11%) застаецца стабільным на працягу апошніх трох гадоў.

На фоне павелічэньня цікавасьці да заробкаў за мяжой, паводле дасьледаваньня «Інтэграцыйнага баромэтра ЭАБР-2016», зьнізіўся працэнт беларусаў, якія не задумваюцца пра гэта. У 2015 годзе такіх было 64%, у 2016 годзе — стала 58%.

«Інтэграцыйны баромэтар ЭАБР-2016» падаў таксама дадзеныя пра доўгатэрміновую эміграцыю грамадзян Беларусі. У ЭЗ цяпер гатовыя пераехаць 17% беларусаў (раней 16%), у іншыя краіны СНД — 10% (7%), у іншыя краіны — 11% (10%). Ахвотныя выехаць зьвязваюць надзеі на новае жыцьцё зь Нямеччынай, ЗША і Расеяй.

За год зьменшыўся і працэнт грамадзян Беларусі, якія ня думалі пра зьмену краіны пражываньня. Калі ў 2015 годзе іх было 73%, то ў 2016 годзе — 68%.

Бачны ўплыў крызісу на міграцыйныя настроі беларусаў.

Такім чынам, бачны ўплыў крызісу на міграцыйныя настроі беларусаў. Натуральна, што любы крызіс не адразу ўмацоўваецца ў сьвядомасьці і ў паводзінах. І вось крызіс, які пачаўся з 2014 году, ішоў увесь 2015-ты — гэта ня толькі падзеньне даходаў, гэта падзеньне ВУП, ужо другі год назіраем падзеньне ВУП. І вось калі ў 2015 годзе гэта яшчэ не адбілася на рашэньнях і паводзінах беларусаў, то ўжо сёлета мы бачым істотныя зьмены ў стаўленьні да працоўнай міграцыі і эміграцыі. І гэта вельмі трывожыць.

Калі браць ня толькі эканамічны аспэкт, але і палітычны, — вядома, што для многіх беларусаў гэта ня самае галоўнае, але палітычная беспэрспэктыўнасьць — таксама прычына думаць пра эміграцыю.

Карней: Любое рашэньне пакінуць краіну не прыходзіць зьнянацку і абгрунтоўваецца цэлым шэрагам прычынаў. Датычна Беларусі яны збольшага адукацыйнага, эканамічнага і ў меншай ступені палітычнага характару.

Нейкі час таму незалежныя экспэрты з сацыялягічнай лябараторыі «Новак» агучылі вынікі ўласнага дасьледаваньня, паводле якога колькасьць патэнцыйных эмігрантаў у Беларусі набліжаецца да 20%. Яшчэ 15% не змаглі адказаць, ці жадаюць яны зьехаць з краіны. А гэта значыць, што пры пэўных абставінах такі варыянт цалкам дапушчальны.

Калі браць пад увагу асобна маладых людзей ва ўзросьце да 25 гадоў, то жаданьне зьехаць з краіны выказваюць прыкладна 40% апытаных. То бок ледзь не палова фізычна моцных і адукаваных беларусаў не задаволеныя магчымасьцямі, якія яны маюць у роднай краіне, мяркуючы, што за мяжой ім было б лепш. Але страта будучага генафонду раўнасільная страце будучыні дзяржавы.

Увесь апошні час намеры пацьвярджаюцца статыстыкай. Колькасьць беларускіх студэнтаў у замежных ВНУ імкліва расьце, геаграфія прысутнасьці практычна неабмежаваная. З улікам адукацыйнай праграмы Каліноўскага сотні чалавек атабарыліся ў Польшчы, таксама ў ліку прыярытэтных навучальныя ўстановы іншых суседзяў — Літвы, Украіны, Расеі. Далей — Чэхія, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты.

Нягледзячы на фінансавы крызіс у Расеі, сыравінная падушка бясьпекі па-ранейшаму магутная, і нават на нізкакваліфікаванай працы можа атрымаць у 2–3 разы больш, чым дома.

Усё больш настойліва гоніць людзей за мяжу эканамічны фактар — абвал заробкаў прымушае шукаць альтэрнатыву галечы. Нягледзячы на фінансавы крызіс у Расеі, сыравінная падушка бясьпекі па-ранейшаму магутная, і нават на нізкакваліфікаванай працы можа атрымаць у 2–3 разы больш, чым дома. Ужо не кажу пра дыплямаваных спэцыялістаў, якіх гатовыя працаўладкоўваць пасьля фармальнай гутаркі.

10 гадоў таму, пасьля разгону Плошчы, узьнікла хваля палітычнай эміграцыі — з прычыны праблем на працы і боязі перасьледу за мяжу зьехалі сотні студэнтаў і актывістаў, многія зь якіх так і не вярнуліся. Сёньня гэты паток мінімальны.

Сваю негатовасьць неадкладна пакінуць радзіму патэнцыйныя беларускія эмігранты тлумачаць адсутнасьцю сродкаў — такіх больш за 20%, найперш гэта моладзь і беспрацоўныя.

Глод: Нават без дакладнай статыстыкі можна канстатаваць: апошнім часам усё болей беларусаў зьяжджае за мяжу. І гэта тычыцца ня толькі тых, хто ведае замежныя мовы і валодае запатрабаванымі прафэсіямі. Працаваць за мяжой гатовыя будаўнікі, таксісты ды і іншыя людзі так званых звычайных прафэсіяў.

Зразумела, што думка пра эміграцыю ўзьнікае не ад добрага жыцьця. Звычайна пра гэта пачынаюць думаць, калі ў краіне існуе нешта, што не дазваляе тут жыць нармальна. Для некаторай часткі насельніцтва гэта палітычная сытуацыя. І тады ўзьнікае палітычная эміграцыя. Аднак для бальшыні беларусаў падстава задумацца пра выезд з краіны — эканамічна-сацыяльныя ўмовы жыцьця, якія апошнім часам істотна пагаршаюцца. І менавіта гэта найперш падштурхоўвае да эміграцыі.

І тут беларусы нечым істотным не адрозьніваюцца ад іншых нацыяў. Калі краіна багатая і людзям там жывецца добра, як, напрыклад, у Нарвэгіі ці Швэцыі, то і масавай эміграцыі там не існуе. І наадварот, беднасьць і галеча прымушае жыхароў шэрагу краін шукаць шчасьця за межамі сваёй дзяржавы.

Паглядзіце на тую ж Расею. Паводле летняга апытаньня «Лявада-Цэнтру», эміграваць з Расеі хоча амаль кожны пяты, дакладней — 19%. Яшчэ 25% грамадзян задумваліся пра эміграцыю.

А на якой падставе? У якасьці прычыны, якая прымушае іх думаць пра ад’езд з краіны, рэспандэнты часьцей за ўсё называюць «лепшыя ўмовы жыцьця за мяжой». На другім месцы — «нестабільная эканамічная сытуацыя ў Расеі», на трэцім — «жаданьне забясьпечыць дзецям годную і надзейную будучыню». Калі ж усё гэта інтэграваць, то галоўная прычына — незадаволенасьць сытуацыяй у краіне. Я думаю, што гэта ўсё можна калькаваць і на Беларусь.

Пераезд на Захад стрымліваецца адсутнасьцю сродкаў.

Віталь Цыганкоў казаў пра Расею як пра прывабны рэгіён для беларусаў. Аднак эміграцыя ў Расею апошнім часам ужо не разглядаецца як спосаб паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Пра такі варыянт часта можна пачуць: а які сэнс мяняць шыла на мыла? А пераезд на Захад стрымліваецца адсутнасьцю сродкаў.

Эмігранцкія настроі, пра якія казаў Ігар Карней, калі верыць вынікам апытаньняў BISS, найбольш ахопліваюць моладзь і бізнэсоўцаў. І вось гэта, на мой погляд, павінна нас трывожыць найболей. Бо яны — самая актыўная частка грамадзтва. Страціць іх — гэта значыць страціць і будучыню Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG