Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжа з Расеяй на нябачным замку


Масква ў аднабаковым парадку забараніла ўезд на сваю тэрыторыю замежным грамадзянам транзытам празь Беларусь. На практыцы гэтая забарона пакуль фактычна не працуе, аднак ахвярамі новых правілаў ужо сталі некалькі грамадзян Украіны, Польшчы, Даніі і іншых дзяржаў.

Зараз тым, у каго няма расейскага ці беларускага пашпарта, для таго каб трапіць у Расею на аўтамабілі, давядзецца даць 500-кілямэтровага кругаля да бліжэйшага міжнароднага пункту пропуску. Правілы распаўсюджваюцца і на іншыя віды транспарту, хоць пакуль памежнікі зачыняюць на гэтае парушэньне вочы.

На Захадзе хвалявацца з нагоды новаўвядзеньняў Крамля пачалі яшчэ ў мінулым месяцы. На беларуска-расейскім пункце пропуску Рэдзькі — Чырвоная Горка на трасе Берасьце — Масква расейскія памежнікі раптам сталі разварочваць грамадзян Эўразьвязу, якія едуць у Расею на асабістых аўтамабілях. Падставай стала адсутнасьць на мяжы саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі міжнародных пунктаў пропуску. Як лічыць расейская памежная служба, любыя грамадзяне замежных дзяржаў (акрамя Расеі і Беларусі) абавязаны ўяжджаць у Расею менавіта празь іх.

Апошнюю чвэрць стагодзьдзя адсутнасьць такога пункту пропуску не перашкаджала транспартным кантактам — дарога М1 была і застаецца самым зручным спосабам, каб патрапіць з Заходняй Эўропы ў Расею. Яшчэ ў сярэдзіне нулявых гадоў мяжу можна было абмінуць наогул без прыпынку. Памежны кантроль ажыцьцяўляўся на межах Беларусі і краін ЭЗ, напрыклад Польшчы. Сытуацыя пачала мяняцца пасьля драматычных падзей ва Ўкраіне ў 2013-2014 гадах. Спачатку на мяжы Расеі і Беларусі на трасе М1 сталі выбарачна правяраць пашпарты, зараз, па словах відавочцаў, гэты кантроль ажыцьцяўляецца адносна ўсіх, хто перасякае мяжу.

Зараз шлях на Маскву расьцягнуўся як у кілямэтрах, так і ў часе. «Завернутыя» іншаземцы распавядаюць, што смаленскія памежнікі раілі вярнуцца назад у Менск, а адтуль ехаць у бок Латвіі і скарыстацца паслугамі міжнароднага пункту пропуску Бурачкі — Церахава. Кошт пытаньня — паўтысячы кілямэтраў, спалены бэнзін і выматаныя нэрвы.

Іншая альтэрнатыва — адзіны пункт пропуску са статусам «міжнародны» на беларуска-расейска-ўкраінскай мяжы ў Весялоўцы Добрускага раёну Гомельскай вобласьці, якраз на сутыку межаў трох дзяржаў: Беларусі, Расеі і Ўкраіны, знакамітыя «Тры сястры». Аднак адтуль рукой падаць да Кіева, але не да Масквы.



Новыя правілы, насамрэч, зусім ня новыя. Фармальна яны дзейнічалі заўсёды: па законе іншаземец, які не зьяўляецца грамадзянінам адной з краін саюзнай дзяржавы, уехаць у Расею можа толькі празь міжнародны пункт пропуску. Да 2014 году Маскву не бянтэжыла, што памежны кантроль іншаземцаў, якія ўяжджаюць у Расею празь Беларусь, дэ-факта рабіўся толькі на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Грамадзяне Ўкраіны маглі ўехаць у Беларусь нават па ўнутраным украінскім пашпарце, а затым спакойна адправіцца ў Маскву, абмінаючы любы пашпартны кантроль.

У 2013-2014 гадах у інтэрнэце сталі зьяўляцца першыя паведамленьні аб тым, што на расейска-беларускай мяжы на трасе Берасьце — Масква сталі правяраць пашпарты і не пускаць у Расею ўкраінцаў (нават тых, хто паказваў дзеючы замежны пашпарт). У верасьні 2016 году з такой жа праблемай сутыкнуліся грамадзяне Польшчы. Польскі МЗС ужо тады прызнаў, што фармальна Расея дзейнічае ў адпаведнасьці са сваімі законамі: памежны пераход у Чырвонай Горцы ня мае міжнароднага статусу і нават ня згадваецца ў расейскім законе «Аб дзяржаўнай мяжы».

Чаму Расея вырашыла ўзмацніць жорсткасьць прымяненьня закону менавіта цяпер, да канца незразумела. Гэта можа быць, напрыклад, адказам на прыпыненьне Польшчай рэжыму «Малога памежнага руху» з Калінінградзкай вобласьцю або спробай выцесьніць з бізнэсу эўрапейскіх грузаперавозчыкаў, якім для працы на трасе М1 зараз давядзецца наймаць выключна беларускіх ці расейскіх кіроўцаў.

Па тэлефоне гарачай лініі памежнай службы ФСБ РФ Радыё Свабода пацьвердзілі, што грамадзяне ЭЗ абавязаны ўяжджаць у Расею праз афіцыйныя міжнародныя памежныя пункты, з атрыманьнем расейскага штампу ў пашпарт, незалежна ад таго, якім транспартам яны карыстаюцца. Раней такі ж адказ ад ведамства атрымалі журналісты нямецкай радыёстанцыі Deutche Welle.

Афіцыйны адказ на запыт з гэтай нагоды быў апублікаваны на адным з папулярных расейскіх турыстычных форумаў яшчэ ў 2014 годзе. Ён таксама сьведчыць аб тым, што забарона на ўезд у Расею празь Беларусь існуе, больш за тое, яна дзейнічае для ўсіх іншаземцаў, якія не зьяўляюцца грамадзянамі адной з краін Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.


У іншым адказе памежнай службы ФСБ, апублікаваным на тым жа форуме і датаваным восеньню 2015 году, ведамства прызнае, што пытаньні перасячэньня расейска-беларускай мяжы грамадзянамі трэціх краін «у поўнай меры ня ўзгоднены»:



Паводле гэтай лёгікі, з праблемамі могуць сутыкнуцца і тыя іншаземцы, якія ўяжджаюць у Расею празь Беларусь на цягніку ці самалёце: у расейскай чыгункі ёсьць некалькі цягнікоў, якія ідуць з Эўропы транзытам празь Беларусь, напрыклад, Парыж — Масква ці Варшава — Масква. Зараз пагранічны кантроль у іх ажыцьцяўляецца толькі беларускім бокам (у Расеі і Беларусі ўніфікаваная форма міграцыйных карт, але, натуральна, розныя штампы аб перасячэньні мяжы).

Зрэшты, у даведачнай службе РЖД карэспандэнту Радыё Свабода сказалі, што «пакуль» ніякіх праблем пры паездцы на цягніку з Парыжу ў Маскву ў грамадзян ЭЗ паўстаць не павінна. Але калі прытрымлівацца літары закону, любы, хто такім чынам трапіць у Расею, можа быць падвергнуты буйному адміністрацыйнага штрафу і выдвараны з краіны за парушэньне правілаў уезду.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка не бярэцца аналізаваць, што стаіць за рашэньнем расейскіх уладаў фактычна зачыніць транзыт празь Беларусь для іншаземцаў. Але запэўнівае, што зь беларускага боку якіх-небудзь перашкод для грамадзян Эўразьвязу не існуе:

— Справа ў тым, што нашых рашэньняў у гэтым пытаньні няма. Мы там пагранічны кантроль ня робім, выконваем яго толькі на вонкавых межах. Тое, што тычыцца ўнутранай мяжы з Расеяй, то мне штосьці па гэтым пытаньні камэнтаваць складана, бо няма афіцыйных камэнтараў з боку Масквы. Паўтаруся: нашых сіл на тым напрамку няма, таму нешта ацэньваць цяжка. Магу толькі казаць, што на тэрыторыі Беларусі праблем для іншаземцаў няма. У нас дзейнічае закон аб парадку ўезду і выезду. Ён выконваецца ў поўнай меры, складанасьцяў з прыбыцьцём замежных грамадзян не ўзьнікае. Нюансы толькі ў тым, што з кімсьці ў нас візавы рэжым, з кімсьці бязьвізавы.

Палкоўнік Цішчанка ўдакладніў, што на ўчастку беларуска-расейскай мяжы фактычна няма ніводнага пункту пропуску, які адпавядае міжнародным патрабаваньням. Нават згаданая Весялоўка мае такі статус толькі дзякуючы мяжы з Украінай. А значыць, што калі пазыцыя Масквы застанецца такой жа прынцыповай, іншаземцам давядзецца першапачаткова закладваць у аўтамабільны маршрут прыстойнае кола:

— Весялоўка — гэта пункт пропуску, які стаіць на сутыку трох краін, уключаючы Ўкраіну. У нас усе міжнародныя пункты пропуску знаходзяцца на межах з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй. Ну і Нацыянальны аэрапорт «Менск». Што да Расеі, то мяжа ёсьць, але яна лічыцца ўнутранай. Адпаведна, пункты пропуску там не абсталяваныя. Ёсьць пункты мытна-транспартнага кантролю, але гэтымі рэчамі займаецца Расея — ажыцьцяўляе транспартны кантроль грузаў. Таму рашэньне расейскага боку камэнтаваць немагчыма, паколькі з гэтай нагоды не было афіцыйных заяваў. А гэта той выпадак, калі патрэбен чыста афіцыйны камэнтар. Прынамсі з нашага боку нічога не мянялася, — кажа палкоўнік Цішчанка.

На разглядзе ў Савеце міністраў Беларусі знаходзіцца праект закону аб бязьвізавым уезьдзе для грамадзян дзяржаў, беспраблемных з пункту гледжаньня міграцыйнай палітыкі. У адпаведнасьці з дакумэнтам, разглядаецца магчымасьць наведваньня Беларусі бязь віз для жыхароў больш чым 80 краін. Дакумэнт плянуецца падпісаць у самы бліжэйшы час.

Ukraine -- A car crosses the Ukrainian-Russian border at the Ukrainian check-point of Severniy, in the Luhansk region, June 6, 2014
Ukraine -- A car crosses the Ukrainian-Russian border at the Ukrainian check-point of Severniy, in the Luhansk region, June 6, 2014



Праўда, пакуль гаворка толькі пра тых гасьцей, якія прыбываюць праз аэрапорт «Менск» і могуць знаходзіцца на тэрыторыі краіны ня больш за пяць сутак. Аднак калі экспэрымэнт прызнаюць удалым, тэрміны будуць павялічаныя, а пералік пунктаў пропуску пашыраны. У мінулым годзе былі адмененыя візы для паездак у Белавескую пушчу, а нядаўна падпісаны аналягічны ўказ пра трохдзённае наведваньне Аўгустоўскага каналу на мяжы з Польшчай. Акрамя таго, працягваецца праца для разьвіцьця малога прыгранічнага руху з суседнімі краінамі Эўразьвязу. Магчыма, узмацненьне жорсткасьці правапрымяняльнай практыкі расейскім бокам зьвязана менавіта з гэтым: тэарэтычна грамадзянін любой краіны, якая мае зь Беларусьсю бязьвізавы ўезд, можа зь Менску паехаць у Маскву, зусім не дастаючы пашпарт з кішэні.

Насамрэч, зрабіць гэта можна і цяпер. Траса М1 далёка не адзіная (хоць і самая зручная) дарога, якая злучае Расею і Беларусь. На сельскіх дарогах паміж дзьвюма дзяржавамі пакуль пераважна няма ні пастоў, ні памежнікаў, ні шлягбаумаў. На турыстычных форумах такі варыянт перасячэньня мяжы часта абмяркоўваюць, але дасьведчаныя вандроўнікі папярэджваюць: нават калі вам удасца ўехаць у Расею празь Беларусь, абыходзячы кантроль, вы аўтаматычна станеце парушальнікам закону і можаце быць дэпартаваныя з Расеі з наступнай забаронай уезду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG