Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтагазавая зьдзелка РБ-РФ: кампраміс з захаваньнем твараў


У чым сутнасьць нафтагазавага пагадненьня паміж Менскам і Масквой? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Нафтагазавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй вырашаны. Але як — на гэтае пытаньне дагэтуль няма ўцямнага адказу. Вядома, што Беларусь пагадзілася сплаціць доўг у памеры прыкладна 300 мільёнаў даляраў, які ўтварыўся з пачатку году з прычыны таго, што Менск плаціў за газ не па дамоўнай цане, а па той, якую лічыў справядлівай. Акрамя таго, вядома, што Расея аднаўляе пастаўкі нафты ў поўным абʼеме, якія былі скарочаныя з чэрвеня. Адпаведна беларускі бок скасаваў прынятае нядаўна падвышэньне тарыфу за транзыт.

Але што атрымаў беларускі бок?

Учора Аляксандар Лукашэнка прыняў першага віцэ-прэмʼера Ўладзімера Сямашку, галоўнага перамоўшчыка зь беларускага боку. «Я так разумею, што чарговыя баталіі скончаныя і нам удалося выйсьці на падпісаньне адпаведнага дакумэнта, праблемныя пытаньні, па меншай меры на ўчорашні дзень, былі ўзгодненыя і зьнятыя» — сказаў кіраўнік Беларусі.

У сваю чаргу Сямашка паведаміў журналістам, што Беларусь верне запазычанасьць, якая атрымалася з-за недаплаты за газ. Але, паводле Сямашкі, «наўзамен мы атрымалі аднамомантавае істотнае зьніжэньне кошту газу ўжо ў гэтым годзе і іншую падтрымку з боку Расеі. І далей пазначылі траекторыю зьніжэньня цаны ў наступныя гады».

Тое, што забесьпячэньне роўных умоваў аднесенае на такі вялікі тэрмін — гэта ня ёсьць добра для Беларусі

Але ў той жа дзень халодным душам для Беларусі прагучала заява прэмʼера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева: «Цана за газ, які пастаўляецца ў Беларусь, застаецца ранейшай, разьлічваецца паводле існай формулы, ніякай карэкціроўкі ня зроблена».

Дык што ж — высьвятляецца, што Беларусь прайграла па ўсіх пазыцыях, што ніякай ані аднамомантавай, аніякай іншай зьніжкі ня будзе?

Ужо пасьля заяваў Лукашэнкі, Сямашкі і Мядзьведзева адбылася тэлефонная гутарка прэмʼераў Беларусі і Расеі. У паведамленьні па яе выніках гаворыцца: Расейскі бок пацьвердзіў гатоўнасьць ужыць мэханізм міжбюджэтнай кампэнсацыі, сродкі ад якой будуць выкарыстаныя беларускім бокам найперш для паніжэньня цаны на газ для нацыянальных спажыўцоў.

Перакладаючы з птушынай бюракратычнай мовы на чалавечую, можна зрабіць выснову, што Расея са свайго бюджэту дае Беларусі грашовую дапамогу. Фармальна зьніжкі ня будзе, але атрымаўшы адной рукой поўную цану з Беларусі, другой рукой Расея верне Беларусі розьніцу паміж кантрактнай цаной і той, якую Беларусь лічыць справядлівай.

Усе імкнуцца захаваць твар: Беларусь гатовая пакрыць запазычанасьць, не прызнаючы яе доўгам, Расея фактычна на будучыню будзе спаганяць з Беларусі менш, не называючы гэта зьніжкай.

Напэўна так. Але пра памеры гэтай «міжбюджэтнай кампэнсацыі» ва ўрадавых заявах не гаворыцца. Яна можа быць і значна меншай, чым хацелася б Беларусі. Пры гэтым у прэсавым рэлізе па выніках перамоваў двух прэмʼераў адзначаецца, што мэханізм гэтай самай кампэнсацыі дазволіць «да 1 ліпеня 2019 году забясьпечыць роўныя ўмовы па цане на газ для вытворцаў энэргіі, а да 1 студзеня 2025 году — для ўсіх астатніх спажыўцоў газу».

Тое, што забесьпячэньне роўных умоваў аднесенае на такі вялікі тэрмін — гэта ня ёсьць добра для Беларусі. Але, як і чакалася, справа завяршылася нейкім кампрамісам з захаваньнем твараў бакоў. А як ацэньваеце гэтае пагадненьне вы, калегі?

Карбалевіч: У прынцыпе можна кіравацца тым паведамленьнем, якое надрукавала расейская газэта «Коммерсант». Там указаны і сумы і на цяперашні год, і на наступны. За паўтара гады атрымліваецца дзесьці мільярд чатырыста мільёнаў даляраў Беларусь атрымае ад Расеі вось гэтых міжбюджэтных кампэнсацыяў.

Расейскі энэргетычны грант вяртаецца, толькі трохі ў іншай форме

Калі сапраўды гэтая міжбюджэтная кампэнсацыя бясплатная, то бок гэта не крэдыт, вяртаць гэтыя грошы ня трэба, то Менск атрымаў важную перамогу. Фактычна цана на газ для Беларусі зьніжаецца на 30%, а наступнымі гадамі зьніжкі будуць працягвацца, пакуль ня выйдуць на ўзровень унутрырасейскіх цэнаў. Гэта тое, чаго беларускі бок даўно дамагаўся. То бок, расейскі энэргетычны грант вяртаецца, толькі трохі ў іншай форме.

Іншымі словамі, тактыка скандалу дала эфэкт. Расея саступіла. Толькі незразумела, чаго Маскве было так доўга ўпарціцца, скарачаць пастаўкі нафты, заяўляць, што не пойдзем на зьніжкі.

Зразумела, чаму была прыдуманая такая складаная схема зьніжэньня цэнаў на газ, і чаму прагучала ўчарашняе абвяржэньне Мядзьведзева на гэты конт. За гэтымі беларуска-расейскімі перамовамі ўважліва сачылі іншыя краіны-спажыўцы расейскага газу. Масква не хацела ствараць прэцэдэнт, калі нейкая дзяржава ў аднабаковым парадку пачынае плаціць меншую суму, чым зафіксавана ў кантракце. А кампэнсацыя з расейскага бюджэту — гэта плата за саюзьніцтва.

Але выйгрыш Беларусі хутчэй выявіцца ў пэрспэктыве. Гэтым жа годам Беларусь панесла страты з-за скарачэньня паставак расейскай нафты. Трэба разумець, што тыя страты з ліпеня, калі адбылося скарачэньне, ня будуць кампэнсаваныя. Нават калі б бакі і хацелі, бо нельга паставіць больш нафты, чым беларускія НПЗ змогуць перапрацаваць.

І яшчэ. Віцэ-прэмʼер РФ Аркадзь Дварковіч адзначыў, што ёсьць пэўныя нюансы па рэжыме, абʼёме і цане перапрацоўкі на беларускіх заводах: «На гэтую тэму будзе падрыхтаванае асобнае пагадненьне паміж міністэрствамі энэргетыкі дзьвюх краін». Што гэта азначае, пакуль незразумела. Але можа адкрыцца новы раунд канфліктных перамоваў ужо на нафце.

Вось мне з раніцы званіў журналіст аднаго выданьня з просьбай пракамэнтаваць гэтую мірную дамову і задаў пытаньне: «А чым Беларусь заплаціць Расеі за гэтую саступку?». Я адказаў, што Беларусь плаціць самім фактам саюзьніцтва, сяброўствам у інтэграцыйных аб’яднаньнях, якія стварае Масква. Расея плаціць за статус імпэрыі. І эканамічны крызыс у самой Расеі на гэта не ўплывае. І таму ніякай дадатковай платы ад Беларусі ня будзе.

Цыганкоў: Адна рэмарка наконт гэтых загадкавых міжбюджэтных кампэнсацыяў. Памятаю, у адной з нашых перадачаў адзін экспэрт ужо пасьля эфіру сказаў, што такім чынам называюцца фактычна інвэстыцыі, якія будуць укладацца Расеяй ў інфраструктуру «Газпрома» на тэрыторыі Беларусі. То бок пакуль мы не ведаем, што гэта за міжбюджэтныя кампэнсацыі, але відавочна, што гэта не цана газу, і разглядаць, што гэта перамога Беларусі, можа быць заўчасна.

У значнай ступені гэтыя міжбюджэтныя кампэнсацыі могуць пайсьці таму ж расейскаму боку на тэрыторыі Беларусі. Больш мы ня маем фактаў, пакуль не апублікаваныя ўсе тыя дакумэнты.

Гэтыя міжбюджэтныя кампэнсацыі могуць пайсьці таму ж расейскаму боку на тэрыторыі Беларусі

Я пагаджуся з калегамі, што адбыўся кампраміс з захаваньнем твару, і гэта міні-газавая вайна паказала дзьве рэчы. Па-першае, поўнамаштабная газавая вайна і любы іншы поўнамаштабны канфлікт зь Беларусьсю зараз абсалютна непатрэбны Маскве. Вядома, паказаць свае цагліцы ў СМІ варта было, заявіць, што на зьніжкі мы ня пойдзем, гэта галоўнае, што гучала, у тым ліку з вуснаў Мядзьведзева. Гэта трэба было перш за ўсё для ўнутранага карыстаньня. Ну а для замежнага карыстаньня тое, пра што казаў Валер Карбалевіч — што спажыўцоў газу вельмі шмат, таму і была абраная такая тактыка вядзеньня гэтых перамоваў.

Вялікая палітычная вайна, якая была ў мінулыя гады, зараз Расеі з прычыны яе становішча ў сьвеце відавочна непатрэбная, і Масква шукала толькі магчымасьць, як выйсьці з гэтай сытуацыі. Зь іншага боку, Менск не атрымаў безумоўнай перамогі, гэта вельмі неадназначнае кампраміснае рашэньне, і гэта таксама паказьнік новых умоваў існаваньня беларуска-расейскіх інтэграцыйных схем. Цяпер па першаму шчаўчку Менск ня можа атрымаць тое, што яму здаецца правамоцным і абгрунтаваным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG