Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карбалевіч: Лукашэнка абураецца на МВФ, бо фонд абмяжоўвае ягоную ўладу


Абмяркоўваюць Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч і Вячаслаў Ракіцкі.

Карбалевіч: Толькі ад’ехала місія МВФ, якая вяла ў Менску цяжкія перамовы аб умовах выдзяленьня крэдыту Беларусі, як Аляксандар Лукашэнка сабраў адмысловую нараду па гэтым пытаньні. І на пачатку нарады ён выступіў з шэрагам тэзісаў, у якіх моцна раскрытыкаваў пазыцыю фонду, ягоныя патрабаваньні да беларускіх уладаў.

Падаецца вельмі важным, што Лукашэнка перайшоў да публічнай палемікі з МВФ. Усё гэта нагадвае схему газавага канфлікту з Расеяй. Перамовы па газу з Масквой ідуць з канца мінулага году. Але Лукашэнка дасюль маўчаў, і толькі ў верасьні абрынуўся на Маскву каскадам абвінавачваньняў. Так і тут. Перамовы з МВФ ідуць з канца мінулага году. Але зь зімы Лукашэнка ніяк не камэнтаваў гэтыя перамовы. І вось цяпер раптам абрынуўся на МВФ. Што здарылася?

Зразумела, як заўсёды, тут прысутнічае элемэнт папулізму. Лукашэнка выступіў абаронцам народу ад каварнага фонду, які імкнецца разбурыць беларускую сацыяльную дзяржаву. Ён кажа: «Гэта супэрлібэральныя патрабаваньні. Скажу больш — у канчатковым выніку яны нічога ня маюць з той палітыкай, якую дэкляраваў прэзыдэнт на першых прэзыдэнцкіх выбарах, магчыма, на другіх, і нават цяпер. Усё зводзіцца да аднаго (калі казаць пра сацыяльныя напрамкі): ніякага павышэньня зарплаты, неадкладнае павышэньне тарыфаў і іншага. Камуністы б сказалі — на ўдушэньне народу».

ён, на ягонае ўяўленьне, пайшоў на максымум саступак. Былі падвышаны камунальныя тарыфы, павялічаны пэнсійны ўзрост. Гэта ўсё ляжыць у рэчышчы патрабаваньняў МВФ. Нават сапсаваў адносіны з Расеяй, вось пачалася нафтагазавая вайна

Але, адначасова тут прысутнічае і шчырае абурэньне, адчуваньне, што яго кінулі. Глядзіце, ён, на ягонае ўяўленьне, пайшоў на максымум саступак. Былі падвышаны камунальныя тарыфы, павялічаны пэнсійны ўзрост. Гэта ўсё ляжыць у рэчышчы патрабаваньняў МВФ. Нават сапсаваў адносіны з Расеяй, вось пачалася нафтагазавая вайна. Больш за тое, Лукашэнка пайшоў на неверагодны для яго ўчынак: дапусьціў у Палату прадстаўнікоў двух дэмакратычных дэпутатаў. І ён быў упэўнены, што па геапалітычных матывах МВФ, за якім стаіць Захад, усё гэта успрыме і дасьць крэдыт. І вось прыяжджае місія МВФ і зноў кажа пра рынкавыя рэформы, пра тое, што трэба рэфармаваць дзяржсэктар у эканоміцы. Вось ён і сарваўся.

Лукашэнка дэкляраваў, што ён ня хоча рэальнай рэформы дзяржсэктару. Бо гэта аснова ягонай улады. І таму ён кажа: «Я заўсёды казаў, што мы ніколі ня будзем адмаўляцца ад дзяржаўнай уласнасьці, калі яна нармальна функцыянуе. Больш за тое, мы будзем абапірацца на яе».

Але тут прысутнічае і яшчэ важны псыхалягічны элемэнт. МВФ ня проста прапануе прыватызацыю. Галоўнае, што абурае Лукашэнку ў гэтым патрабаваньні, гэта тое, што фонд патрабуе забараніць перагляд вынікаў прыватызацыі пасьля пэўнага тэрміну (прапануецца тры гады). То бок фонд патрабуе стварыць вонкавае абмежаваньне ягонай уладзе. І менавіта гэта яго абурыла найбольш. Як гэта так? Ён тут у Беларусі крыху вышэй Бога, вышэй за закон і Канстытуцыю. Ён можа нацыяналізаваць любую прыватную маёмасьць, нават калі яна належыць іншаземцу. А тут МВФ хоча ўвесьці абмежаваньні на ягоную ўладу. «І нават калі атрымаецца бандыцкая прыватызацыя, то праз 10 гадоў да гэтага пытаньня вярнуцца нельга», — кажа Лукашэнка. Гэта крык душы. Таму пасьля сёньняшняй нарады шанцы на атрыманьне крэдыту МВФ паменшыліся.

Ракіцкі: Гістэрыку Лукашэнкі зразумець лёгка. Крэдыты патрэбныя пазарэз. Але патрабаваньні МВФ для яго зусім непрымальныя. Калі прыняць іх, значыць прызнаць, што ўся ягоная эканамічная палітыка і ягоная рыторыка пра сацыяльную дзяржаву была марнай. Чалавек упарты, ён не адмовіцца ад свайго перакананьня, што краіне не патрэбныя ніякія рэформы, што цягам дваццаці гадоў ён іх правёў, што ягоная эканамічная мадэль найлепшая ў сьвеце. Баіцца ён і сацыяльнага выбуху, баіцца свайго народу, да якога ўвесь час як добры цар апэлюе. Рэформы праводзяцца не за адзін дзень, пэўны час можа насамрэч зьнізіцца ўзровень жыцьця. А раптам людзі ня вытрымаюць? І зьмятуць у адно імгненьне ягоную сацыяльную дзяржаву разам зь ім самім? Упартасьць і страх у дадатак да недаверу да рынкавай эканомікі цягнуць краіну ў багну. І чарговым разам Лукашэнку крэдыт патрэбны толькі, каб зацыраваць дзіркі.

Што ж тычыцца ягонай тырады, то як звычайна, яна разьлічаная перадусім для ўнутранага карыстаньня. Зноў ворагі хочуць задушыць народ, які ён абараня

Для таго, каб пайсьці на рэформы, якія ён назваў «супэрлібэральнымі», давядзецца пайсьці і на рэформы палітычныя. Але гэтага ён не рабіў дваццаць гадоў, не гатовы гэта рабіць і сёньня. Што ж тычыцца ягонай тырады, то як звычайна, яна разьлічаная перадусім для ўнутранага карыстаньня. Зноў ворагі хочуць задушыць народ, які ён абараняе, ён ня дасьць нікому перакрэсьліць зробленае і ім, і народам.

Калі Лукашэнка ня пойдзе на ўмовы МВФ, крэдыту ня будзе. А цыраваць дзіры ў бюджэце будзе такі любімы ім народ, зь якога будуць выбіваць грошы адкрыта (рознымі падаткамі, зборамі, паборамі, штрафамі) і схавана (завышанымі цэнамі, тарыфамі). Але ўсё ж больш верагодным уяўляецца, што на нейкія саступкі Міжнароднаму валютнаму фонду беларускія перамоўшчыкі пойдуць, бо крэдыт беларускай эканоміцы патрэбны як паветра чалавеку. Але гэтыя грошы ня вылечаць хваробу, крыху толькі хаду яе стабілізуюць. Тым болей, становяцца праблематычнымі і энэргетычныя датацыі Расеі, якія падсілкоўвалі гэтак званую беларускую эканамічную мадэль. Уратаваць краіну могуць толькі рэформы, разьвітаньне зь беларускай эканамічнай мадэльлю, якая ўжо не працуе. Але Лукашэнка да гэтага не гатовы, што засьведчыла чарговая ягоная гістэрыка ў бок МВФ. МВФ Беларусь не забівае, ён падказвае шлях да выйсьця з сытуацыяй, а ці пойдзе ім Беларусь, гэта яе справа.

Гурневіч: Міжнародны валютны фонд — гэта лібэральная эканамічная арганізацыя, і рэкамэндацыя яе падобныя да ўсіх краін. Калі іх акрэсьліць адным выразам, то гэта, канешне, вольны рынак. Зразумела, што для кіраўніцтва Беларусі вольны рынак гэта амаль лаянкавае слова. Яны вітаюць толькі такі вольны рынак, на які могуць уплываць і кантраляваць. А МВФ гэта бачыць па-іншаму, бо калі вольны рынак кантралюецца, то гэта ўжо сацыялізм. Сярод патрабаваньняў фонду ёсьць скарачэньне сацыяльных праграм, а гэта якраз тое, на чым трымаюцца рэшткі народнай любові да Лукашэнкі. І ён цудоўна разумее, што калі адмовіцца ад гэтых сацыяльных прапаноў насельніцтву, то гэта можа для яго скончыцца кепска. Страта папулярнасьці і нават нянавісьць людзей. Таму ён спрабуе зрабіць некалькі крокаў наперад, каб мець

па сутнасьці, калі ён хоча атрымаць крэдыты, то ён будзе вымушаны пагадзіцца на іх умовы, бо гэта Беларусі патрэбныя грошы, а не Міжнароднаму валютнаму фонду

такое алібі, маўляў, я ж папярэджваў, што будзе кепска, што нельга пагаджацца, што вы нарабілі. Бо па сутнасьці, калі ён хоча атрымаць крэдыты, то ён будзе вымушаны пагадзіцца на іх умовы, бо гэта Беларусі патрэбныя грошы, а не Міжнароднаму валютнаму фонду. Адпаведна, цяпер ідзе такая гульня на публіку, як звычайна кажуць, папулізм, гэтыя звароты да ўлады, маханьне кулаком. Кожны школьнік у Беларусі ведае, што ў краіне самыя важныя рэчы вырашае адзін чалавек, і яго прозьвішча Лукашэнка. Людзі ў большасьці з усьмешкай ставяцца да гэтых пагрозаў, і ў бок МВФ, і калі ён з урадам сустракаецца, ледзь ня як Хрушчоў стукае чобатам па стале. Лукашэнка робіць звычайную спробу перанесьці адказнасьць. А вытрымліваць такія сацыяльныя выдаткі ўвесь час Беларусі не ўдасца, дакладней, гэта ўжо не ўдаецца, і сацыяльныя праграмы скарачаюцца, і плата ЖКГ расьце. Гэта таксама, дарэчы, патрабаваньне МВФ.

Прапановы фонду маглі б ператварыць Беларусь ва ўзорную лібэральную з эканамічнага пункту гледжаньня краіну. Пераўтварэньні, напрыклад, у Чылі ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя адбыліся менавіта пад ціскам Міжнароднага валютнага фонду. Сёньня Чылі лічыцца эталёнам нэалібэральных рэформаў і, дарэчы, краіна ў той час таксама кіравалася дыктатарам — Аўгуста Піначэтам. Але я зусім ня веру, што Лукашэнка можа стаць такім другім Піначэтам. Дакладней, аўтарытарным кіраўніком ён застанецца і далей, але пераводзіць Беларусь на лібэральныя рэйкі ня стане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG