Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея праверыць міністэрствы на гатоўнасьць да вайны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У раптоўнай праверцы Ўзброеных сілаў Расеі возьмуць удзел падразьдзяленьні Міністэрства сувязі, Міністэрства фінансаў, Міністэрства прамысловасьці і гандлю, Фэдэральнае агенцтва па дзяржаўных рэзэрвах і Банк Расеі, паведамляе расейскае Мінабароны са спасылкай на ўказ Пуціна.

Таксама ў час праверкі будуць прызваныя грамадзяне з запасу і рэзэрвісты, будзе праведзеная пастаўка аўтамабільнай тэхнікі і фармаваньне вайсковых частак у Цэнтральнай і Паўднёвай (у якую Расея залічвае анэксаваны Крым) вайсковых акругах і на Паўночным флёце.

Міністэрствы правераць на гатоўнасьць пераходзіць на працу ва ўмовах вайсковага часу, мабілізоўвацца для тэрытарыяльнай абароны. Шэраг прадпрыемстваў абаронча-прамысловага комплексу на поўдні Расеі правераць на гатоўнасьць пастаўляць і рамантаваць зброю і тэхніку.

Пасьля завяршэньня праверкі плянуюць стварыць новую сыстэму падрыхтоўкі і назапашваньня мабілізацыйных чалавечых рэсурсаў «для забесьпячэньня гарантаванага даўкамплектаваньня Ўзброеных сілаў [...] як у пэрыяд мабілізацыі, так і для вырашэньня крызісных сытуацыяў».

25 жніўня было абвешчана аб раптоўнай праверцы боегатоўнасьці ўласна ўзброеных сілаў Расеі дзеля «адпрацоўкі поўнага цыклю падрыхтоўкі ўзброеных сілаў да абароны інтарэсаў Расеі пры нарастаньні пагрозаў бясьпекі». Праверка праходзіць у тым ліку на межах з Украінай, будзе трываць да 31 жніўня. Папярэдняя праверка, якая тычылася толькі грамадзянаў у запасе, праводзілася 14-22 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG