Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарытарызм: беларускі, постсавецкі, усходнеэўрапейскі


Ці было непазьбежным ператварэньне незалежнай Беларусі ў аўтарытарную дзяржаву? Пра што сьведчыць досьвед іншых постсавецкіх краінаў і краінаў Усходняй Эўропы ў міжваенны час? Што лепш мацуе незалежнасьць — дэмакратыя ці аўтарытарызм?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аналітык цэнтру імя Астрагорскага Сяргей Богдан, галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў і аглядальнік рускай службы Свабоды Яраслаў Шымаў.

Якія былі альтэрнатывы аўтарытарызму Лукашэнкі?


Дракахруст: 25 гадоў незалежнасьці — нагода і спакуса папрактыкавацца ў альтэрнатыўнай гісторыі: а што было б, калі б, а ці магло быць інакш і г.д. Насамрэч, гэта не такі ўжо бессэнсоўны занятак, гэта хутчэй своеасаблівая мова гаварэньня пра час сёньняшні і заўтрашні. Пасьля трохгадовай дэмакратычнай, хай сабе і ўмоўна, інтэрлюдыі Беларусь упэўнена ўстала на аўтарытарныя рэйкі. Для транзытных краінаў такога тыпу існуе паліталягічны жарт наконт формулы першых свабодных выбараў: Адзін чалавек. Адзін голас. Адзін раз. Наколькі нейкі варыянт аўтарытарызму быў для Беларусі непазьбежным? Лукашэнкам стаў аўтарытарыям. А Кебіч, давядзіся перамагчы яму, ня стаў бы? А Пазьняк, дарэчы, ня стаў бы?

Зь іншага боку, досьвед і іншых постсавецкіх краінаў дае амбівалентныя вынікі: Краіны Балтыі, Украіна, Малдова — адзін досьвед, Расея, большая частка Цэнтральнай Азіі, Азэрбайджан — іншы, вельмі падобны на беларускі, Армэнія, Грузія, Кіргізстан — напэўна яшчэ трэці. На сваім шляху Беларусь аказалася прынамсі не самотная. А ці быў іншы?

Булгакаў: Я належу да супольнасьці беларускіх адраджэнцаў, якія сфармаваліся напачатку 90-х гадоў. Я добра памятаю часы, калі над цяперашнім Домам ураду горда рэяў бел-чырвона-белы сьцяг. Для мяне, тады яшчэ юнака, вялікую радасьць спрычыняла агляданьне гэтага сьцягу.

і тады мяне, хочаце верце, хочаце не, не пакідала думка, што ён там ненадоўга вісіць

Але і тады мяне, хочаце верце, хочаце не, не пакідала думка, што ён там ненадоўга вісіць. Гэта значыць, што фактычна тады, гэта пэрыяд з 91-га па 95-ы год, у маёй душы існавала нейкае смутнае падазрэньне, што ёсьць нейкая гістарычная выпадковасьць у тым, што гэты сьцяг знаходзіцца на флагштоку аднаго з галоўных урадовых будынкаў. Зыходзячы з маіх вось гэтых інтуіцыяў, якім ужо цяпер больш за 20 гадоў, напэўна спаўзаньне Беларусі ў аўтарытарную сыстэму, пераход да яе, быў непазьбежны.

Дракахруст: Вы супрацьпаставілі бел-чырвона-белы сьцяг Аляксандру Лукашэнку, я так зразумеў. Ну а калі прэзыдэнтам стаў бы, скажам, Кебіч, ці тым больш Пазьняк, сьцяг бы можа захаваўся, калі б Пазьняк, дык дакладна. А як з аўтарытарызмам было б?

Булгакаў: У кнізе нашага выбітнага сацыёляга Віталя Сіліцкага, якая нядаўна выйшла пад назвай «Доўгая дарога да свабоды. Постакамуністычны аўтарытарызм у Сэрбіі і Беларусі» ёсьць такое пэсымістычнае і, на мой погляд, вельмі слушнае назіраньне, што нават калі б Лукашэнка не прыйшоў у 94-м годзе да ўлады, ён усё роўна хутчэй за ўсё прыйшоў бы да ўлады (ці палітык такога кшталту), бо грамадзтва было аб’ектыўна не гатовае да дэмакратыі.

беларускі аўтарытарызм мае моцны прысмак асобы Аляксандра Лукашэнкі

Падобныя палітычныя траекторыі мы можам назіраць, напрыклад, у Лацінскай Амэрыцы. Вельмі верагодна, што ў выніку нейкай бюракратычна-апаратнай гульні Лукашэнка не быў бы дапушчаны да прэзыдэнцкіх выбараў ў 94-м годзе і, адпаведна, ён бы не здолеў стаць прэзыдэнтам. Але безумоўна, у грамадзтве існавала моцнае запатрабаваньне на тую альтэрнатыву ў тагачасных варунках, якую ўвасабляў Аляксандар Лукашэнка як такі.

Безумоўна, беларускі аўтарытарызм мае моцны прысмак асобы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта мы бачым на ўзроўні палітыкі ідэнтычнасьці, гістарычнай палітыкі, але беларусы не былі гатовыя да дэмакратычнага ўладкаваньня. Яно тады суправаджалася разбурэньнем дзяржаўных інстытутаў, жалю годным існаваньнем беларускай дзяржавы, калі дзяржава была няздольная выконваць свае базавыя функцыі па абароне грамадзян, забесьпячэньні іх. Гэта час росквіту рэкету, максымальнага згаленьня беларусаў за доўгі час.


Дракахруст: Яраслаў, вы згодны з такім пэсымістычным поглядам? Можа быць гэта звычайная оптыка погляду ў мінулае — што адбылося, тое і было непазьбежным? А можа і не. Я вось прыводзіў прыклады і постсавецкіх краінаў, якія гэтага пазьбеглі.

Шымаў: У мяне крыху парадаксальнае стаўленьне. З аднаго боку, я адношуся да тых людзей, якія лічаць гісторыю адкрытым працэсам, які складаецца з разьвілак і выбараў. Выбараў не ў сэнсе дэмакратычнай працэдуры, а ў тым, што грамадзтва выбірае той ці іншы шлях. Зь іншага боку, у дадзеным выпадку я з тым, што сказаў Валер, згодны ў вельмі вялікай ступені. Справа ў чым? Калі мы возьмем сытуацыю, калі адбываюцца нейкія грамадзкія перамены і мяняецца палітычны рэжым, то гісторыя паказвае, што грамадзтву можна навязаць пэўны рэжым.

дэмакратыю павінна хацець большасьць

Калі ёсьць дастаткова выразная, актыўная і рашучая і бязьлітасная меншасьць, якая да сваёй палітычнай мэты ідзе, не спыняючыся ні перад чым. Можна ўзяць да прыкладу любую буйную рэвалюцыю, пачынаючы з францускай і канчаючы бальшавіцкай. Але парадокс у тым, што дэмакратыю якраз навязаць нельга. Таму што яна заснаваная на большасьці. Дэмакратыю павінна хацець большасьць. Калі дэмакратыя ўводзіцца зьверху, то потым яна вельмі часта пры адсутнасьці такой волі большасьці слабее і перараджаецца ў той ці іншы аўтарытарызм.

Калі ўзяць, напрыклад, пэрыяд пасьля Першай сусьветнай вайны, у многіх краінах, у першую чаргу, усходнеэўрапейскіх, у якіх не было традыцыі дэмакратыі, гэта і Польшча, і Румынія, і краіны Балтыі, то паўсюль мы назіраем адзін і той жа працэс. Вельмі дэмакратычныя канстытуцыі пачатку 20-х гадоў, нават празьмерна дэмакратычныя. Напрыклад, у Эстоніі нават пасады прэзыдэнта не было ў 20-я гады, настолькі не хацелі канцэнтрацыі ўлады ў адных руках.

І што вы думаеце? Да 30-х гадоў ад усяго гэтага не застаецца і сьлядоў. Ва ўсім рэгіёне, за выключэньнем Чэхаславацкай рэспублікі, прыходзяць да ўлады аўтарытарныя правадыры. Зразумела, гэта не Сталін і не Гітлер, гэта людзі менш крыважэрныя былі. Тым не менш. А ўсё таму, што адсутнічае традыцыя і рэальнае жаданьне большасьці гуляць па дэмакратычных правілах. На жаль, Беларусь у той пэрыяд прадстаўляла сабой такі ж прыклад.

Дракахруст: Сяргей, вы можаце запярэчыць калегам? Калі не, то тады можна адказаць на такое пытаньне — ці была альтэрнатыва ў ступені жорсткасьці, ў стылі, ў накірунку аўтарытарызму? Ці і гэта было наканавана і перадвызначана?

Богдан: Калі казаць пра альтэрнатыву таму, што пабудаваў Аляксандар Лукашэнка пасьля 94-га, ці дакладней — пасьля 96-га году, то альтэрнатыва безумоўна была, і нават не аўтарытарная, але якая не прадугледжвала разбудовы дзяржавы.Гэта была альтэрнатыва ў выглядзе Кебіча, магчыма, пэрсанажу кшталту Шарэцкага. Гэта значыць працяг кіраваньня людзей, якія не надта былі абазнаныя ў патрэбах незалежнай дзяржавы, якія былі гатовыя да ўкладаньня вельмі дзіўных з пункту гледжаньня незалежнасьці хаўрусаў з Расеяй.

Гэта была альтэрнатыва ў выглядзе Кебіча, магчыма, пэрсанажу кшталту Шарэцкага

Трэба разумець, што напачатку 90-х гадоў за вось гэтай дэкарацыяй з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам хаваліся вельмі сумныя факты. Па-першае, адсутнасьці ў Беларусі істэблішмэнту палітычнага і эканамічнага, які б усьведамляў сябе, як кіраўнікоў і лідэраў незалежнай дзяржавы, па-другое, была аморфная структура дзяржаўных органаў, якія яшчэ не былі адасобленыя ад агульнасавецкіх структураў, а гэта значыць, і ад расейскіх.

Таму ў такіх варунках альтэрнатыва Лукашэнку была вельмі выразная, і магчыма, гэтая альтэрнатыва была б больш заснаваная на дэмакратычных формах пасьля збліжэньня з Расеяй. А пры ёй Беларусь мела б нашмат больш абмежаваную незалежнасьць, чым яна мае на сёньня. Таму вось альтэрнатыва: або Лукашэнка, або Кебіч і Шарэцкі. Казаць пра Пазьняка, я думаю, тут можа крыху такое перабольшваньне, але прыклад Эльчыбея паказвае, на што мог разьлічваць Пазьняк. На тое, што яго адхілілі б літаральна праз пару месяцаў пасьля прыходу да ўлады, Эльчабей год пратрымаўся.

Шмат крытыкі можна выказаць на адрас Лукашэнкі, я першы гатовы яе выказваць, але фактычна гэтая аўтарытарная мадэль і дазволіла ў пэўным сэнсе збудаваць і захаваць незалежную беларускую дзяржаву. Што ў прынцыпе і лягічна, таму што ва ўмовах адсутнасьці дзяржаўных структураў, якія б функцыянавалі, адпаведна абазнанага з рэаліямі незалежнага існаваньня істэблішмэнту, магчыма было захаваць незалежнасьць толькі праз такую мабілізацыю, ва ўмовах пастаяннай неабходнасьці і дамаўляцца з Масквой, і спыняць розныя прарасейскія рухі, якія б зусім ставілі пад пагрозу дзяржаву.

Іншая справа, што, з аднаго боку, вынікам гэтага стала разбудова дзяржаўнай структуры, а, з другога боку, тое, што Лукашэнка не дазволіў паўстаць палітычнаму плюралізму. З тым, што ён яго зьнішчыў, я не зусім згодны, таму што зьнішчаць асабліва не было чаго.



Што больш спрыяе незалежнасьці — аўтарытарызм ці дэмакратыя?


Дракахруст: Калегі, як вы ставіцеся да такой думкі Сяргея, асабліва калі яе генэралізаваць? Груба кажучы, што больш спрыяе незалежнасьці — аўтарытарызм ці дэмакратыя? Пры аўтарытарызме матывацыя кіраўніка вельмі проста, сярэднявечнага кшталту: вось у мяне ёсьць маёнтак, я навёў у ім парадак, усе тут мяне слухаюцца. І што — я вось гэтае сваё дабро аддам нейкім замежным драпежнікам? Гэта абсалютна нармальная матывацыя. Дэмакратыя — гэта кіраваньне большасьці, гэта розныя галасы. Але можна прыгадаць, якія галасы гучалі ў Беларусі і напачатку 90-х, ды і зараз гучаць: нашто нам тая незалежнасьць? Разам з Расеяй! Дык вось як?

ў некаторых постсавецкіх краінах, хай і ў меншасьці, усё ж такі аўтарытарызм доўгачасовы не ўсталяваўся

Шымаў: На мой погляд, адказ залежыць ад канкрэтнай гістарычнай сытуацыі. Тут немагчыма жалезныя правілы праводзіць. Мы бачым, што ў некаторых постсавецкіх краінах, хай і ў меншасьці, усё ж такі аўтарытарызм доўгачасовы не ўсталяваўся. Гэта ў многіх, на мой погляд, па прычыне таго, што ў іх унутраная структура такая. Калі ўзяць Украіну, яна настолькі стракатая па сваёй гісторыі, па тым, як гэтыя рэгіёны ў рамках адной дзяржавы зьбіраліся, што там ад пачатку ўзьнікла такое процістаяньне розных груповак у кіроўнай эліце, што верагоднасьць аўтарытарызацыі Ўкраіны была вельмі нізкай. Праціўнікі такога рашэньня былі заўсёды ў большасьці. Яны б назаўсёды ізалявалі таго, хто паспрабаваў бы падмяць пад сябе ўсё. Януковіч паспрабаваў — чым ён скончыў, мы добра ведаем.

Але ўнівэрсальнага закону няма. Тут кожная краіна ідзе сваім шляхам, але чаму гэты шлях падобны ў Беларусі і ў бальшыні постсавецкіх краін, шлях аўтарытарны, пра гэта мы ўжо гаварылі. Тут і адсутнасьць дэмакратычных традыцыяў, і слабасьць праэўрапейскай арыентацыі ў самім грамадзтве. Таму што Усходняя Эўропа хацела ў Эўропу, і так ці інакш спрабавала гуляць па эўрапейскіх правілах, арганізоўвала пэўныя інстытуты. Жаданьне ісьці ў Эўропу ў большасьці постсавецкіх краінаў, уключаючы Беларусь, было з самага пачатку нашмат больш слабым.

Булгакаў: Хацеў бы спыніцца на пошуку гэтых нейкіх унівэрсальных заканамернасьцяў. Па-мойму, досьвед палітычнай прасторы Цэнтральнай і Усходняй Эўропы паказвае, што часам за аўтарытарныя сыстэмы даводзіцца плаціць. І, на мой погляд, крах Савецкага Саюзу, былой Югаславіі, таксама ў гэты шэраг можна залічыць і Чэхаславаччыну, ў пэўнай ступені тлумачыцца тым, што пры аўтарытарным рэжыме само грамадзтва, якое вельмі часта бывае мультыэтнічным, культурна розным, не падтрымлівала палітычную незалежнасьць той ці іншай краіны так моцна, каб гэтая незалежнасьць пасьля не была пастаўлена пад сумнеў геапалітычнымі выклікамі.

Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў рэгіёны, дзе былі і ёсьць і будуць палітычныя вязьні

Беларусь у гэтым сэнсе краіна, дзе ўжываюцца розныя ідэнтычнасьці, этнанацыянальныя мадэлі ці супольнасьці, і ўсе гэтыя рознагалосьсі, якія дэ-факта прысутнічаюць ў сярэдзіне беларускага палітыкума, штучна затушоўваюцца арганізаваным зьверху кансэнсусам. З аднаго боку ўсё як бы ясна і прадвызначана, з другога боку не трэба быць вялікім праніклівым назіральнікам, каб разумець, якія часта ўнутры беларускага грамадзтва цэлага, не нацыянальна скіраванага, кіпяць жарсьці.

Гэтыя страсьці часамі выбіваюцца ў мардабой, у разгоны, турэмныя пасадкі. Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў рэгіёны, дзе былі і ёсьць і будуць палітычныя вязьні. Таму пэўны дэструктыўны патэнцыял, які можа паставіць пад сумнеў незалежнасьць, напрыклад, Беларусі, існуе. Гэта значыць, што аўтарытарныя сыстэмы, з аднаго боку, вонкава даўгавечныя, бо вельмі часта аўтарытарным кіраўнікам удаецца ўтрымліваць рычагі кіраваньня на працягу свайго жыцьця, з другога боку ў гістарычным маштабе яны крохкія. Бо правілы гульні, якія цяпер ёсьць, прадвызначаныя воляй аднаго чалавека. Безумоўна, пасьля сыходу гэтага чалавека з палітычнай сцэны гэтыя правілы будуць пераасэнсаваныя і пераробленыя. Таму, як і ў першым пытаньні, мой адказ хутчэй пэсымістычны.

Аўтарытарызм часта затушоўвае канфліктны дэструктыўны патэнцыял, які існуе ў сярэдзіне таго ці іншага грамадзтва, які можа вырвацца вонкі, асабліва пры дапамозе агрэсіўных суседзяў, асабліва калі суседзі — гэта вялікія геапалітычныя гульцы. І тут хутчэй паратунак — гэта палітыка ідэнтычнасьці, якая сапраўды цэмэнтуе грамадзтва і дазваляе яго чальцам верыць у сьветлую будучыню сваёй дзяржавы. Таму, напрыклад, Гішпанія, нават нягледзячы на грамадзянскую вайну 30-х гадоў, захавалася як адзіная палітычная прастора, а розныя постсавецкія ці постсацыялістычныя фэдэратыўныя ўтварэньні ў нашай частцы кантынэнту не вытрымалі праверкі дэмакратыяй.

Усходняя Эўропа: аўтарытарная між войнамі, дэмакратычная пасьля 1989 году


Дракахруст: А зараз наконт Цэнтральнай Эўропы, якую ўжо калегі закраналі. Між двума войнамі большая частка цэнтральнаэўрапейскіх краін скацілася ў аўтарытарызм. У каго гэта ад пачатку было, а ў каго да 30-х гадоў усё ўжо было выраўненае. Але напрыканцы 80-х — напачатку 90-х, калі адны аднавілі незалежнасьць, другія выйшлі з-пад васальнай залежнасьці ад Масквы і СССР, усе гэтыя краіны, за пэўным выключэньне, але збольшага пайшлі дэмакратычным шляхам. На ваш погляд, у чым тут прычына? Яны за той пэрыяд пасталелі, ці можа пад камуністычным кіраваньнем пасталелі, атрымалі прышчэпку ад аўтарытарызму? Ці можа час зьмяніўся, можа быць Эўразьвяз выканаў ролю такога дэмакратычнага «магніту»?

Богдан: Пытаньне таго, што было паміж войнамі ў рэгіёне — гэта пытаньне такой унівэрсальнай заканамернасьці, якая дзейнічае, калі няма яшчэ разбудаваных дзяржаў, але ёсьць суседзі, якія ўспрымаюцца як хіжыя і падступныя. Вельмі верагодна, што палітычная эліта схіліцца да мабілізацыі ў выглядзе аўтарытарызму. Гэта тое, што адбывалася ў нашай частцы Эўропы паміж войнамі. Бруталізацыя палітычных рэжымаў ва Усходняй Эўропе паміж войнамі — гэта такая рэч, якая фактычна ўсё ахоплівае. У гэты час нават СССР таксама бруталізуецца, там робіцца больш жорсткім рэжым. Ідзе вайна ўсіх супраць усіх, ёсьць сумневы ва ўласных дзяржавах, ёсьць рухі, якія падрываюць дзяржаву (Масква фінансуе Камінтэрн, які спрабуе разваліць усю сыстэму ва Усходняй Эўропе, Польшча стварае «Праметэй», які робіць тое самае ў дачыненьні да СССР).

Краіны рэгіёнаў фактычна адмовіліся ад уласных праектаў, уласных праектаў рэгіянальных, ад калектыўнай бясьпекі рэгіянальнай таксама, і ўсе стройным шэрагам проста пайшлі ў Эўразьвяз і НАТА

То бок у такіх умовах склалася такая тэндэнцыя спаўзаньня да пэўных формаў. Чаму гэтага не адбылося пасьля распаду Усходняга блёку? Таму што ўсё вельмі празаічна. Усё вярнулася б туды, дзе яно было паміж войнамі, калі б не было ў палітычных элітах гэтых дзяржаваў варыянту далучыцца да Эўразьвязу. Тут нават не пытаньне «магніту». Тут пытаньне таго, што ёсьць пэўныя крытэры, і для розных выгодаў, і матэрыяльных у тым ліку, быў сэнс трымацца пэўных нормаў, якія фактычна былі вонкавымі ў дачыненьні да гэтых дзяржаў. Эўразьвяз стварыў рамкі, якія спынілі па вялікім рахунку гэты працэс. Хоць сьляды гэтага працэсу ёсьць і сёньня, і сёньняшняя спрэчка Варшавы з Брусэлем — гэта таксама паказчык у гэтым сэнсе. Таму я думаю, тут нельга сказаць, што нехта моцна паразумнеў ці ўсьвядоміў лепш дэмакратычныя каштоўнасьці. Проста зьявіўся праект, да якога можна было далучыцца, гэты праект быў прыцягальны, і за тое можна было атрымаць шэраг выгодаў.

Краіны рэгіёнаў фактычна адмовіліся ад уласных праектаў, уласных праектаў рэгіянальных, ад калектыўнай бясьпекі рэгіянальнай таксама, і ўсе стройным шэрагам проста пайшлі ў Эўразьвяз і НАТА за кошт адмовы ад уласных праектаў, за кошт здачы ўсякіх такіх амбіцый.

Шымаў: Часткова сапраўды так. Сапраўды, была ўтвораная Вышэградзская чацьвёрка, але яна хутка стала мэханізмам узгадненьня пазыцыяў чатырох краінаў па іх максымальна хуткаму ўваходу ў ЭЗ. Аднак зараз яе значэньне крыху адрадзілася, калі ў ЭЗ крызыс, і гэтыя краіны аб’ядналіся ў сваім супрацьстаяньні вось гэтай wilkommens kultur, як кажуць у Германіі — палітыкі адчыненых дзьвярэй, якую абвясьціла канцлер Мэркэль.

Як бы польскія камуністы прыйшлі б да ўлады, калі б за імі не стаяла Чырвоная Армія і маршал Ракасоўскі?

Зараз працэсы адбываюцца цікавыя, але калі вярнуцца ў 90-я гады, то так, канешне Эўразьвяз быў прыцягальным. Я б тут паспрачаўся, што адбыўся адказ ад нейкай самасьці і самастойнасьці. Камуністычная ўлада ў абсалютнай большасьці краін Усходняй Эўропы ўспрымалася як улада чужая, як ўлада, прынесеная на штыхах. Як бы польскія камуністы прыйшлі б да ўлады, калі б за імі не стаяла Чырвоная Армія і маршал Ракасоўскі? У Вугоршчыне на першых пасьляваенных (і апошнія на доўгія гады дэмакратычных) выбарах аглушальную перамогу атрымала дробнабуржуазная партыя са сьмешнай назвай «Партыя дробных гаспадароў». Яна быў дастаткова правай, ледзь правее цэнтра, а камуністы набралі 13%. Гэта была ўлада, якая ўспрымалася як чужая, як насаджаная Масквой.

Дэмакратыя ў 90-я гады якраз была сымбалем таго, што гэтыя краіны вяртаюцца ў Эўропу. Пераважная ідэалягічная канструкцыя была той, пра якую пісаў у вядомым эсэ «Выкраданьне Цэнтральнай Эўропы» Мілан Кундэра. Што гэтая частка Эўропы была выкрадзеная зладзейскай Масквой, зараз адбываецца вяртаньне. А паколькі адбываецца вяртаньне, мы, Усходняя Эўропа, Цэнтральная Эўропа, павінныя выглядаць як астатняя Эўропа — як Эўропа Заходняя. То бок гэта якраз было абвяшчэньнем сваёй самасьці праз тоеснасьць з Заходняй Эўропай.

Ну а зараз, калі гэтая тоеснасьць у выглядзе Эўрапейскага Зьвязу была пацьверджаная, у нас ужо пачынаюць вылазіць рознага кшталту цікавыя зьявы, калі мы бачым, што на самай справе і дэмакратыя крыху спэцыфічная ў такіх краінах, як Вугоршчына. Нават тая ж Польшча захавала кансэрватыўныя, нават крыху аўтарытарныя тэндэнцыі. Але гэта ўжо іншая размова. Калі казаць пра 90-я, то да дэмакратыі ішлі як да пацьверджаньня сваёй эўрапейскасьці.


Булгакаў: Я хацеў быў згадаць тэрмін нямецкага сацыёляга Герхарта Зімана, які бліскуча сфармуляваў палажэньне, згодна зь якім адзіны надзейны шлях да дэмакратыі палягае праз нацыяўтварэньне. Гэта перагукаецца са словамі Яраслава, што немагчыма перайсьці да дэмакратыі ў тым грамадзтве, чыя чальцы не хочуць такога пераходу. Каб перайсьці да яе патрэбны моцны імпульс.

ёсьць такое правіла геапалітыкі, што ад твайго геапалітычнага становішча залежыць свая геапалітычная траекторыя

Усходнэўрапейскія нацыяналізмы на пачатку ХХ стагодзьдзя проста праходзілі ювэнільную фазу, калі дзякуючы геапалітычным разбурэньням, а менавіта Першай Сусьветнай вайне, зьявілася акно магчымасьцяў, былі створаныя новыя нацыянальныя дзяржавы. Але перад тым і сам нацыянальны праект той ці іншай дзяржавы, скажам, Эстоніі і Літвы, налічваў некалькі дзясяткаў гадоў. Ад старту да ўтварэньня нацыянальнай дзяржавы ў літоўскім ці латышскім выпадку прайшло 50-60 гадоў. Гэты праект нацыяўтварэньня зацягнуўся, прайшоў праз розныя фазы выпрабаваньняў, і напрыканцы 90-х гадоў грамадзтвы гэтых краін сталі больш сталымі. Яны ўжо не патрабавалі такой мэтодыкі кіраваньня, каб ісьці да спаўненьня сваіх грамадзкіх і нацыянальных ідэалаў.

ў беларускім выпадку, калі гэта праектаваць, напрыклад, на час адыходу Аляксандра Лукашэнкі ад улады, гэтая падзея можа не азначаць пераходу да дэмакратыі, а проста адчыніць браму хаосу

Другая рэч — геапалітычны кантэкст. Бо ёсьць такое правіла геапалітыкі, што ад твайго геапалітычнага становішча залежыць свая геапалітычная траекторыя. Няма нічога дзіўнага, што краіны, найбліжэй разьмешчаныя да палітычных цэнтраў Расейскай імпэрыі, былі больш схільныя да аўтарытарнага шляху, а Чэхаславаччына, якая знаходзілася ў самым цэнтры былой Аўстра-Венгрыі, апынулася найменш уразьлівай ад гэтай спакусы і ў міжваенны пэрыяд, і пасьля 1989 году. Лякальныя рэгіянальныя сыстэмы бясьпекі не спрацавалі. Таму Эўразьвяз і НАТА успрымаліся як нейкі «магніт». Сапраўды, гэтыя усходнеэўрапейскія і цэнтральнаэўрапейскія нацыі прыйшлі праз гарнілы жудасных выпрабаваньняў, эліты гэтых краінаў цудоўна зразумелі, што рэгіянальныя сыстэмы бясьпекі не працуюць. Нават калі Нямеччына, буйны геапалітычны гулец, разьбітая ўшчэнт, змушаная была далучыцца да «агрэсіўнага» блёку НАТО, то што гаварыць пра Эстонію, дзе каля мільёну насельніцтва?

Напрыканцы мінулага стагодзьдзя мы ўжо проста бачылі зусім іншую ідэнтычнасьць элітаў Усходняй Эўропы, зусім іншае ўяўленьне пра рэальную бясьпеку. Нацыяналізм, тым боль усходнеэўрапейскі, гэта заўсёды мысьленьне ў катэгорыі свой-чужы. Безумоўна, імпульс адштурхоўваньня ад Расеі, успрыманьне як нечага чужога, крыніцы патэнцыйнага зла, дэструкцыі, дэстабілізацыі, адпаведна пошукі абароны ў складзе Эўразьвязу і НАТА, былі моцным пабуджальным матывам.



Аўтарытарызм альбо дэмакратыя ці аўтарытарызм ці хаос?


Дракахруст: «Я альбо хаос» — такі аргумэнт уласьцівы хіба не ўсім дыктатарам. Але не заўсёды гэта хлусьня. Зразумела, для некага і бурнае палітычнае жыцьцё пры дэмакратыі са скандаламі, сутыкненьнямі і зьменай уладаў — гэта хаос і ёсьць. Але, скажам, тое, што ўтварылася зараз, пасьля падзеньня дыктатуры, ў Лібіі — дык гэта хаос з любога пункту гледжаньня. А ў Беларусі дылема «аўтарытарызм ці хаос» замест «аўтарытарызм ці дэмакратыя» наколькі, на ваш погляд, актуальная? Учора, сёньня, заўтра.

Булгакаў: Дылема «аўтарытарызм ці хаос» прынамсі ў маім успрыманьні — гэта прапаганда.

Дракахруст: Вы гэта лібійцам раскажыце.

Булгакаў: У маім успрыманьні. Магчыма, яно скажонае прапагандай Радыё Свабоды ці чытаньнем газэты «Наша Ніва». Мы нешта такое ўжо чулі. Але ведаеце, прапаганда мае сваю ўласьцівасьць, што гэта не абавязкова няпраўда. Вельмі часта прапагандысцкія канструкцыі адлюстроўваюць суровую праўду жыцьця, толькі ў нейкім па-свойму завостраным, сканструяваным пляне. Таму ў беларускім выпадку, калі гэта праектаваць, напрыклад, на час адыходу Аляксандра Лукашэнкі ад улады, гэтая падзея можа не азначаць пераходу да дэмакратыі, а проста адчыніць браму хаосу.

Дракахаруст: Сяргей, а ваш прагноз?

Богдан: Да дыскусіі пра Ўсходнюю Эўропу — я не думаю, што калі-небудзь там сапраўды была сур’ёзная спроба запусьціць сыстэму рэгіянальнай бясьпекі ці сур’ёзную рэгіянальную ініцыятыву. Заўсёды было так: альбо звонку, навязаная як малая Антанта, дзе былі францускія вушы відавочныя, альбо нейкія не зусім сур’ёзныя спробы, як тая ж Вышаградзкая чацьвёрка, якая ўсё роўна заўсёды імплікавала, што гэта проста разам шлях ў мітычную Эўропу. Істотна, што гэтая сыстэма рэгіянальнай бясьпекі — гэта адзіны варыянт ператварыць рэгіён з тэрарыума, якім ён і зараз застаецца, ў нешта нармальнае. Безумоўна там пэўныя дзяржавы, якія сышлі ў Эўразьвяз, у пэўнай ступені небясьпеку для сябе зьнізілі, але для ўсіх астатніх ён застаецца такім тэрарыумам. Дык вось адзіны варыянт — гэта якраз разбудова рэгіянальных сыстэм бясьпекі.

Яны хутчэй змогуць знайсьці паразуменьне з Расеяй, чым глябальная сыстэма таго самага НАТА, якая будзе мець мноства пунктаў, па якіх будуць спрэчкі з Расеяй, і ўсё гэта будзе вылівацца на Усходнюю Эўропу. Умоўна кажучы, нейкая спрэчка на Блізкім Усходзе будзе біць па Усходняй Эўропе, што ў прынцыпе зараз у пэўнай ступені і адбываецца.

Многія, хто хацеў зьмяніць палітычны рэжым у Беларусі, шукалі ласкі ў Масквы

Таму самая гэтая дыскусія і тыя словы, якія былі скарыстаныя зараз, няправільныя, таму што відавочна, што не будзе мірнага суіснаваньня з Расеяй да таго, пакуль не будзе ўзаемнага прызнаньня. Гэта значыць не толькі, што Расея мусіць прызнаць само існаваньне незалежных дзяржаў і іх інтарэсы, але і гэтыя незалежныя дзяржавы, нарэшце іх эліты, інтэлектуалы спыняць гэтыя дзіўныя дыскусіі пра тое, што чым далей ад Расеі, тым лепш, чым менш расейскага, тым лепш. Гэта дэструктыўны шлях.

Што да хаосу як альтэрнатывы аўтарытарызму, што я думаю, што сапраўды ёсьць такая небясьпека для Беларусі, і гэта найбольшае абвінавачаньне, якое на дадзены момант можна паставіць кіраўніку Беларусі, таму што ён выбудаваў тую сыстэму, якую выбудаваў.
Магчыма істотна іншых варыянтаў і не было напрыканцы 90-х, нават і пазьней. Многія, хто хацеў зьмяніць палітычны рэжым у Беларусі, шукалі ласкі ў Масквы. Жорсткая была барацьба, і магчыма ў нейкіх варыянтах ці трэба было дзейнічаць аўтарытарнымі мэтадамі ці паўставала пытаньне пра захаваньне беларускай дзяржавы і незалежнасьці.

Але ёсьць шэраг аўтарытарных кіраўнікоў, якія, разумеючы патрэбу палітычнага плюралізму, паступова адыходзілі ад той мадэлі, якую яны выкарыстоўвалі спачатку для нейкіх палітычных мэтаў, часам проста для нацыянальнай бясьпекі. Магу нагадаць той самы Тайвань, дзе пераход такім чынам і адбываўся. Якраз гэтага пераходу я пакуль што ў Беларусі не бачу.

«Аўтарытарызм ці хаос» — гэта такое прароцтва, якое само спраўджваецца, якое аўтарытарныя кіраўнікі з задавальненьнем грамадзтву падносяць

То бок беларускія ўлады на жаль і надалей лічаць, што ў палітычным плюралізме вялікай патрэбы няма, што фінансаваць легітымныя ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці патрэбы няма, што падтрымліваць мэдыя, каб яны не хадзілі і не жабравалі па замежных крыніцах, патрэбы няма. У выніку вось і атрымліваецца, што ў Беларусі ёсьць гэтая ўлада, якая апроч сябе нікога бачыць не хоча, ну і шэраг палітычных сілаў, якія проста каб выжыць, вымушаныя ісьці і рабіць гешэфты з сіламі, у якіх ёсьць свае інтарэсы ў дачыненьні Беларусі. Гэта вельмі сумная сытуацыя, гэта пагрозьлівая сытуацыя.

Таму я згодны, што на дадзены момант гэта пытаньне «аўтарытарызм ці хаос». Думаю, што рашэньне безумоўна не ў тым, што трэба трымацца да канца аўтарытарызму, а ў тым, што неабходна нейкім чынам прыходзіць да ўсё большага палітычнага плюралізму, які ў выніку прывядзе да больш дэмакратычных форм кіраваньня ў Беларусі.
Шымаў: «Аўтарытарызм ці хаос» — гэта такое прароцтва, якое само спраўджваецца, якое аўтарытарныя кіраўнікі з задавальненьнем грамадзтву падносяць, пры тым, што сама сыстэма, якую яны будуюць, менавіта і вядзе да таго, што вельмі часта пасьля іх сыходу пачынаецца хаос.

Пытаньне ж не ў тым, што аўтарытарызм дабрадзейны, а ў тым, што ён не забясьпечвае вельмі часта (бываюць выключэньні — Гішпанія пасьля Франка, але іх няшмат) легітымнасьць створаных ім інстытутаў. Таму што калі існуе рэжым, у якім усё заснаванае на волі, густах аднаго чалавека, то зусім не дзіўна, што пасьля сыходу палітычнага і фізычнага не толькі яго палітычным праціўнікам, але і тым, хто стаяў вакол яго, робіцца брыдка ад таго, што яны атрымалі ў спадчыну.

Яны з тым ці іншым не згодныя, яны шмат бы чаго зьмянілі, а легітымнасьці няма. Многія манархі таксама былі аўтарытарнымі кіраўнікамі, але там існавала нешта большае, чым воля гэтага манарха — існавала традыцыя, нешта, чаму пераважная частка грамадзтва верыла, што ўспрымала як сымбаль. Аўтарытарныя кіраўнікі такога тыпу, які мы бачым на постсавецкай прасторы, такую легітымнасьць стварыць няздольныя.

Таму пасьля іх сыходу аўтаматычна ўзьнікае сытуацыя, калі хаос робіцца вельмі магчымым. А пазьбегнуць гэтага можна толькі паступовай трансфармацыяй аўтарытарнага рэжыму. Бяда ў тым, што ў большасьці аўтарытарных кіраўнікоў няма ні волі, ні жаданьня такімі рэчамі займацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG