Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда карпарацый


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

У менскім аэрапорце сустракалі беларускіх алімпійцаў. Без патасу, будзённа так, таму што й вынік Алімпіяды для Беларусі – будзённы.

Але хочацца паразважаць не пра выступ беларускіх алімпійцаў, пра гэта ў іншым блогу, але пра такую выбітную зьяву, як Алімпіяда ў сучасным кантэксьце.

Прынцыпы, на якіх засноўваў Гульні П'ер дэ Кубэртэн адышлі ў нябыт досыць даўно. Лініяй водападзелу стаўся сыход у 1980 годзе пасьля Алімпіяды ў Маскве з пасады старшыні МАК лорда Кіланіна. Тады ў Алімпійскія Гульні наўпрост умяшалася палітыка. Лорд Майкл Морыс, 3-ці барон Кіланін – чалавек старога гарту – да гэткіх калізій падрыхтаваны ня быў.

Патомнага брытанскага арыстакрата з адпаведнымі прынцыпамі замяніў арыстакрат гішпанскі – маркіз Хуан Антоніё Самаранч, чалавек, які з аптымізмам глядзеў у будучыню, і для якога ўсечаная, таксама як маскоўская, Алімпіяда ў Лос-Анджэлесе, ня стала шокам.

З таго часу й да сёньня Алімпійскія гульні набылі статус палітычнага бізнэс-праекту. Гульні сталі цікавымі для палітыкі, а гэта значыць, і для тэлевізіі, а гэта значыць, і для рэклямы, а гэта значыць, і для бізнэсу. Кола замкнулася. Алімпіяда памяняла фармат. Увага да яе вынікаў вырасла на парадак. У яе, як дзею, пачалі ўкладацца вялізныя грошы. Але, як той казаў, хто ўкладае грошы, той і замаўляе музыку. Грошы на сучасныя Алімпійскія гульні даюць карпарацыі.

Няважна, які статус і назву маюць гэтыя карпарацыі: МакДональдс, Шэл, Дэ Бірс, Найк альбо Злучаныя Штаты, Расея ці Кітай. Адны могуць перасьледаваць у Гульнях палітычны інтарэс, іншыя эканамічны, але ключавое слова тут – інтарэс.

Карпарацыі могуць ваяваць паміж сабой, але гэта нічога не мяняе. Мэты яны перасьледуюць аднолькавыя – прыбытак альбо ўплыў. МАК стаўся закладнікам сытуацыі і вымушаны гуляць паводле правілаў карпарацый.

Бразыльская Алімпіяда не выключэньне, а хутчэй найбольшая праява такога стану алімпізму.

Алімпіяду ў Рыё скаланалі скандалы. Адныя допінгавыя закалоты чаго вартыя. Дзе правілы мяняліся проста ў часе гульні.

Сёньня рэчыва лічыцца нармальным, заўтра – допінгам, пазаўтра допінгам напалову, бо крытычная ступень канцэнтрацыі ў арганізме, як у выпадках з мэльдоніем, мяняецца ў часе дзеі.

Сёньня ўзровень тэстастэрону ў арганізьме мераецца так, заўтра гэтак.

Можна як заўгодна ставіцца да словаў віцэ-прэзыдэнта НАК Максіма Рыжанкова пра спартоўку з Паўднёвай Афрыкі Кастэр Сэмені, што выйграла забег на 800 мэтраў, дзе бегла й наша Марына Арзамасава, але зьнешні выгляд яе сапраўды ўражвае.

Далей за ўсіх па ступені цынізму пайшла карпарацыя Расея. Правесьці спэцапэрацыю па замене допінг-проб з дапамогай спэцслужбаў – гэта ўжо ня нейкі выбрык ці фокус, гэта стыль.

Расею спачатку пагражаюць выключыць з гульняў (бо парушае правілы да такой ступені цынічна й нахабна, што палохаюцца нават калегі па карпаратыўным сьпісе), але пасьля йдуць на папятную і дазваляюць прымаць рашэньне міжнародным фэдэрацыям спорту, дзе вялікая прысутнасьць расейскіх грошай, а як расейцы працуюць з судзьдзямі, можна было паназіраць не ў адным відзе спорту.

Ірына Вінэр, кіраўніца расейскай фэдэрацыі мастацкай гімнастыкі, займае ключавое месца ў герархіі гэтага віду спорту. Яе муж мільярдэр Алішэр Усманаў укладае немалыя сродкі ў разьвіцьцё гімнастыкі. Калі хтосьці скажа, што для яго гэта не бізнэс-праект, можна проста пасьмяяцца. Таму ясна, што ў кожным выпадку расейская зборная зойме першае месца ў групавых спаборніцтвах, а бліскучая гішпанская каманда, у найлепшым выпадку, будзе другой.

Чалец каманды пэрсанальнай аховы Пуціна, баксэр цяжкой вагі Цішчанка можа прайграць свой бой толькі накаўтам, іначай якую б перавагу ня меў казахстанец Левіт, судзейскі вырак і алімпійскае золата будзе адназначна ў расейца, бо ясна, як божы дзень, што ахоўнік Пуціна ня можа прайграць звычайнаму казахстанскаму байцу.

Зь іншага боку таксама ясна, што на скаргу любой каманды невялікай краіны, якая б згубіла эстафэтную палачку ў паўфінальным жаночым забегу чатыры па сто мэтраў, папросту не зьвярнулі б увагі, але міжнародныя карпарацыі збольшага маюць прапіску ў ЗША, дзе лёгкая атлетыка – адзін з найпапулярных відаў спорту, які прыцягвае вялікую колькасьць рэклямы для тэлеканалаў.

Камандзе ЗША дазваляюць перабегчы той забег наноў. І ніякіх, здавалася б, лягічных, сустрэчных пратэстаў іншых каманд. Як вы думаеце, каму дасталася золата ў фінале?

Карпарацыя карпарацыі вока хіба падаб'е, але ня выдзеўбе, таму што ёсьць разуменьне супольных інтарэсаў.

Бізнэс ёсьць бізнэс. Буйныя карпарацыі-краіны будуць зьядаць сваіх меншых канкурэнтаў, як сеткавы гандаль зьядае розьнічны, а паміж сабой змагаецца за кантрольны пакет акцый у міжнародных фэдэрацыях папулярных відаў спорту. Умоўны Ўсэн Болт у агляднай будучыні з усё меншай верагоднасьцю мае выступаць за нейкую Ямайку.

Мэханізм для гэтага збольшага падрыхтаваны. Нацыянальная прыналежнасьць спартоўцаў грае ўсё меншую ролю. Тэрміны карантыну пры зьмене нацыянальных каманд для спартоўцаў у розных відах спорту розныя, але маюць відавочны ўхіл у бок памяншэньня. Гэткія абставіны робяць спартоўца выключна прадметам гандлю, а патрыятычныя пачуцьці выводзяць на другі плян.

Калі, скажам, Кітай сёньня можа абысьціся сваім чалавечым рэсурсам для дасягненьня сваіх карпаратыўных мэтаў, то Расея да Алімпіяды ў Сочы скупала спартоўцаў іншых краін, якія маглі прынесьці ёй мэдалі мяхамі. Не абышла яна ў такой справе й беларусаў, пераманіўшы спартоўцаў-фрыстайлістаў. ЗША такое практыкуе даўно і з посьпехам. У працэс уключаныя ўсе, хто мае адпаведны рэсурс. Але назавіце мне краіну, якая мае рэсурс большы за гэтую тройцу.

Гэта тое, што немагчыма было нават у Нямеччыне ў часе Бэрлінскай Алімпіяды 1936 году. Тэорыя расавай перавагі не магла дазволіць купіць і заявіць за Нямеччыну, напрыклад, рэкардсмэна ў скачках у даўжыню чарнаскурага Боба Бімона.

Зрэшты, карпаратыўнасьць – праблема ня толькі Алімпіяды. Прыкладам, Ліга Чэмпіёнаў у футболе хварэе на тыя ж хваробы, дзе шанцы на перамогу клюбу, які не ўваходзіць у карпаратыўны пул вялікіх, сёньня, пасьля зьмены формулы розыгрышу Лігі, значна меншыя, чым гадоў дваццаць таму. Але гэта хаця б, так бы мовіць, не алімпійскі спорт.

Алімпіяда робіцца скандальна-прадказальнай. Магчыма, калі яна, як дзея, дойдзе да абсурду, дзе будуць выдавацца квоты на мэдалі, дзе антыдопінгавае агенцтва ВАДА канчаткова стане мэханізмам маніпуляцый, дзе нацыянальная прыналежнасьць спартоўца ня будзе мець ніякае вагі, дзе вынікі стануць абсалютна яснымі да пачатку, дзе нарэшце, пачне зьнікаць інтарэс людзей да гэтае дзеі, і адпаведна пачнуць падаць прыбыткі карпарацый, наступяць станоўчыя зьмены.

Выпрацуецца нейкі ўнівэрсальны справядлівы мэханізм спаборніцтваў і ў Алімпійскія гульні вернецца інтрыга.

Але пакуль мы будзем назіраць Алімпіяду з усё большай праявай спаборніцтва карпарацый, дзе малым краінам, збольшага наканавана быць статыстамі альбо застаецца хіба права на подзьвіг, як, напрыклад, у выпадку з узбэцкай камандай баксэраў, якая стала першай па агульнай колькасьці залатых мэдалёў ў баксэрскім турніры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG