Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не зарэгістравалі кандыдатамі Лагвінца, Казлова і Падгола?


На папярэдніх выбарах выбарчыя камісіі даволі лібэральна праводзілі стадыю рэгістрацыі кандыдатаў, «фільтры» дзейнічалі на іншых стадыях кампаніі. Чаму сёлета не былі зарэгістраваныя некалькі моцных апазыцыйных кандыдатаў?

Карбалевіч: Акружныя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў некалькім вядомым апазыцыйным дзеячам. Намесьніка старшыні руху «За свабоду» Алеся Лагвінца не зарэгістравалі за тое, што ён раздаваў падчас сустрэч з выбарнікамі свае візытоўкі, а сябры ягонай ініцыятыўнай групы раздавалі людзям газэту «Народная воля».

Намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова не зарэгістравалі за, нібыта, памылку ў дэклярацыі аб даходах. Ён купіў, потым прадаў машыну, камісія палічыла, што ён атрымаў даход, хоць доказаў гэтаму няма. Дарэчы, ягоную ініцыятыўную групу зь першага разу таксама не зарэгістравалі.

Вядомы палітоляг Уладзімер Падгол незарэгістраваны таму, што, нібыта меў акцыі завода «Нафтан», сам прэтэндэнт у дэпутаты сьцьвярджае, што такіх акцый у яго няма.

Зьвяртаю ўвагу, што гэтыя незарэгістраваныя прэтэндэнты ў дэпутаты, па-першае, людзі вядомыя, іх імёны на слыху ў грамадзкасьці. Той жа Казлоў выкрыў фальсыфікацыі на мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбарах

Па-другое, усе гэтыя кандыдаты вялі даволі яскравыя выбарчыя кампаніі. Лагвінец арганізаваў канцэрт Вольскага на сваёй акрузе. Пікеты ў падтрымку Казлова былі заўважныя ў цэнтры Менску, у яго вялікая і моцная група падтрымкі. Падгол праводзіў свае пікеты ў выглядзе палітычнага пэрфомансу, пра што пісалі многія мэдыі.

Па-трэцяе, падставы для нерэгістрацыі вельмі штучныя, нават скандальныя.

Такой сытуацыі, калі б улады не рэгістравалі на даволі штучных падставах знакавых кандыдатаў, не было ў Беларусі даволі даўно.

Такой сытуацыі, калі б улады не рэгістравалі на даволі штучных падставах знакавых кандыдатаў, не было ў Беларусі даволі даўно. Такога не было ані падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году, ані падчас выбараў 2012 году. Гэта вяртае нас ў сытуацыю пачатку 2000-х гадоў, калі апазыцыйных кандыдатаў не рэгістравалі на падставе падобных сьмешных прычынаў.

Гэта, у пэўным сэнсе, разбурае трэнд прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, калі ўлады, каб прыцягнуць ўвагу да выбараў, здавалася, цягнулі ўсіх, хто хацеў удзельнічаць у той кампаніі. Кіраўнікі Цэнтрвыбаркаму тады выказвалі шкадаваньне, што, напрыклад, не сабраў подпісы Лябедзька.

Таксама гэта супярэчыць таму трэнду на супрацоўніцтва ўладаў з эўрапейскімі структурамі. Бо цяпер ўлады дэманстравалі гатоўнасьць прыслухоўвацца да іх рэкамэндацый. І тут раптам ідуць на такі відавочны скандал. Прычым, не да канца зразумела навошта? Бо выбарчая машына дае гарантавана патрэбны вынік.

Думаю, ёсьць дзьве прычыны такіх дзеяньняў уладаў. Першая — дзейнаму рэжыму непатрэбныя яркія агітацыйныя кампаніі, якія выбіваюцца з шэрага шэрагу. Яны перашкаджаюць намеру ўладаў правесьці выбары ў выглядзе тэхнічнай працэдуры, бюракратычнага рытуалу.

Другая вэрсія — у рэзананс з справай Уладзімера Кондруся і справай НІСЭПД. Эўропа дала сыгнал, што будзе глядзець скрозь пальцы на тое, як пройдуць гэтыя выбары. Пра гэта сьведчыць і візыт польскай парлямэнцкай дэлегацыі ў Менск, і рашэньне АБСЭ правесьці наступным годам ў Менску сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Дык навошта замарочвацца?

Цыганкоў: Эўропа дала гэты сыгнал авансам. А аванс — гэта толькі частка прыбытку. Калі ён няправільна апрацоўваецца, то асноўны заробак могуць і не даць. Здаецца, беларускія ўлады не зусім адэкватна часам ацэньваюць гэтыя сыгналы Эўропы, як дазвол рабіць усё, што заўгодна.

У беларуска-эўрапейскіх адносінах было такое, што адзін у адным расчароўваліся абодва бакі. Эўропа расчаравалася пасьля 19-га сьнежня 2010-га году, але і афіцыйны Менск часам няправільна ўспрымаў сыгналы як мірныя сыгналы, але потым прымаліся нейкія жорсткія санкцыі, і аказвалася, што тыя сыгналы былі ўспрынятыя ня так.

Не рэгіструюць «самых буйных», самых скандальных, хто можа зламаць добрапрыстойную карціну гэтых выбараў.

Варта прыгадаць словы Ўладзімера Высоцкага «настоящих буйных мало, вот и нету вожаков». Менавіта па гэтым прынцыпе паводзяць сябе ўлады, калі выбіраюць, каго не рэгістраваць у якасьці кандыдата ў дэпутаты. Не рэгіструюць «самых буйных», самых скандальных, хто можа зламаць добрапрыстойную карціну гэтых выбараў.

У прынцыпе, і Лагвінец, і Казлоў, і Падгол напярэдадні рэгістрацыі актыўна заяўлялі, што будуць змагацца з магчымымі фальсыфікацыямі. Яшчэ адзін істотны чыньнік — у іх, прынамсі, ў Лагвінца і ў Казлова, былі даволі добра арганізаваныя і даволі масавыя для апазыцыйных кандыдатаў каманды, якія маглі наладзіць і назіраньне за выбарамі, і больш-менш цікавую кампанію ў сваіх акругах.

Ня думаю, што гэтае рашэньне прымалася на самым версе. На сярэднім узроўні прадстаўнікі камісіі вырашалі, што такі кандыдат прыносіць нам столькі галаўнога болю, далі запыт наверх, тыя сказалі, ну што ж, можна рэзаць.

І гэта сапраўды паказвае, што ўлада ўжо не імкнецца правесьці кампанію ў ідэальным для Захаду выглядзе, які, здавалася б, яны была гатовая маляваць яшчэ ўвесну. Улада пайшла на нейкія крокі, якія будуць безумоўна адзначаныя АБСЭ як недэмакратычныя. Улада паказвае, што міжнародныя патрабаваньні для яе не настолькі важныя, як гэта спачатку магло падасца.

Дракахруст: Я ня згодны з вашай трактоўкай лёгікі ўладаў. Мне здаецца, што лёгіка была не такая, што вось, маўляў, ідуць тры страшныя кандыдаты, і мы іх павінныя выразаць. Шмат даволі моцных кандыдатаў былі зарэгістраваныя, напрыклад, Юрась Губарэвіч, таксама, як і Алесь Лагвінец, намесьнік старшыні руху «За Свабоду», і іншыя. Я б не сказаў, што Лагвінец, Казлоў і Падгол былі такія жахлівыя для ўлады, што яна трымцела і не магла іх зарэгістраваць.

Трэба паказаць Захаду, што мы не зьбіраемся пад яго «прагінацца».

Лёгіка была іншая: трэба кагосьці выразаць. Трэба паказаць Захаду, што мы не зьбіраемся пад яго «прагінацца». А ўжо на падставе гэтага рашэньня быў зроблены выбар. Магчыма, нават выпадковы.

На мой погляд, відавочная штучнасьць падставаў, на якіх яны былі адкінутыя, таксама пацьвярджае вэрсію, што гэта было палітычнай дэманстрацыяй для Захаду.

Лагвінец на працягу кампаніі збору подпісаў атрымаў два папярэджаньні. ЦВК магло аформіць сваю адмову юрыдычна чыста, сказаць: два папярэджаньні — усё, гэтага дастаткова, каб не зарэгістраваць. Яны прыдумалі нейкую лухту, прычым відавочную. Чаму?

Мне здаецца больш праўдападобнай другая вашая вэрсія, Валер, хоць яна можа быць дапоўненая маёй вэрсіяй, што гэта зроблена адмыслова, каб тарпэдаваць працэс паляпшэньня адносінаў. Адмыслова, каб выпрабоўваць лагоднасьць Захаду. Я з вамі згодны, што Захад даў нейкі сыгнал, абвясьціў, што сэсія ПА АБСЭ ў 2017 годзе пройдзе ў Менску, прагучала авансавая заявы віцэ-сьпікера польскага Сэйму наконт будучых выбараў. Але можна нарабіць такога, што нават самыя лагодныя людзі скажуць — гэта непрымальна. Такое ўражаньне, што менавіта пад гэта і падганялася выключэньне людзей з выбарчай гонкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG