Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчуюць прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты смак палітычнай барацьбы?


Ці паўплывае вялікая колькасьць патэнцыйных кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах на іх хаду?

Глод: Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія афіцыйна паведаміла аб колькасьці патэнцыйных кандыдатаў у палату прадстаўнікоў шостага скліканьня. На 110 дэпутацкіх крэслаў пададзена 630 заяваў. Гэта азначае, што пакуль на адно месца ў сярэднім прэтэндуюць амаль 6 чалавек.

Звычайна найбольшая колькасьць ахвочых балятавацца ў дэпутаты заўжды была ў Менску. Сёлета першае месца са сталіцай дзеліць Магілёўская вобласьць. І там, і тут конкурс складае па 6,5 чалавек.

Палітычныя партыі супольна маюць 354 прэтэндэнты. Зь іх партыі, якія традыцыйна лічацца дэмакратычнымі, 207.

Цяпер давайце параўнаем сытуацыю з той, якая была на гэтым жа этапе папярэдніх парлямэнцкіх выбараў. Чатыры гады таму на тыя ж 110 крэслаў падалі дакумэнты 494 чалавекі. Гэта на 136 меней, чым сёлета. Тады партыі мелі 264 вылучэнцы, на 90 меней. Дэмакратычныя партыі ў 2012 годзе падалі дакумэнты на 128 чалавек, на 79 меней.

То бок калі сыходзіць выключна з лічбаў, то выразна бачна — сёлетняя кампанія прыцягвае даволі большую ўвагу параўнальна з папярэдняй. Гэтую тэндэнцыю, дарэчы, заўважылі ўдзельнікі сёлетняй кампаніі. Яны кажуць, што людзі сталі сьмялейшымі, яны крытычна гавораць пра ўладу, адзначаюць, што паміж уладамі і звычайнымі людзьмі ўтвараецца ўсё большая прорва. Гэта такі станоўчы момант.

Адмоўны аспэкт у тым, што людзі ня вераць у парлямэнт як структуру ўлады.

Адмоўны ж аспэкт у тым, што людзі ня вераць у парлямэнт як структуру ўлады наагул. Яны кажуць, што ўсё ў Беларусі вырашае прэзыдэнт. А хто будзе ў палаце, ім нецікава. Амаль ніхто ня ведае прозьвішчаў сваіх цяперашніх дэпутатаў. Як казаў учора на прэсавай канфэрэнцыі адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў: калі хтосьці называе прозьвішча дэпутата, можна не сумнявацца — гэты чалавек працуе ва ўладных структурах.

І яшчэ адно назіраньне — выбарцы, асабліва ў сельскіх акругах, ня хочуць размаўляць ні пра Расею, ні пра Ўкраіну (зафіксавана, што роля ўкраінскага чыньніка рэзка зьменшылася ў параўнаньні зь мінулагодняй прэзыдэнцкай кампаніяй). Тут тэмы для размоваў такія — заробкі, дарогі, шпіталі, харчы...

Апазыцыя цяпер не выклікае алергіі, як раней, нават у рэгіёнах. Людзі ня кідаюцца ўбок, як ад д’ябла, ад бел-чырвона-белага сьцягу.

Заўважана, што ў даволі значанай частцы акругаў вылучаецца больш чым адзін прадстаўнік намэнклятуры. Магчыма, гэта робіцца наўмысна, каб паказаць замежжу, што, маўляў, у Беларусі адбываюцца сапраўдныя выбары.

Магчыма, гэта і сапраўдная канкурэнцыя, калі ў Менску бачаць дэпутатам аднаго намэнклятурніка, а рэгіянальныя ўлады прапіхваюць свайго.

Ну, а цяпер зноў да лічбаў. На выбарах 2012 году страты патэнцыйных кандыдатаў былі істотныя — з 494 ахвотных да выбараў дапусьцілі толькі 363. Праз тыдзень мы зможам параўнаць гэтыя лічбы з сёлетнімі.

Цыганкоў: Больш за іншых задаволенай і зацікаўленай даволі вялікай колькасьцю ўдзельнікаў выбарчага працэсу павінная быць сама ўлада. Для яе важна правесьці гэтую выбарчую кампанію паводле нормаў, максымальна набліжаных да міжнародных. І цяпер, калі бачыш інтэрвію Лідзіі Ярмошынай, фактычна ў кожным сказе чытаеш: гэта тое, што патрабуюць ад нас нашы законы і міжнародныя назіральнікі, нашы замежныя партнэры. Яна не саромецца ў гэтым часта і шчыра прызнавацца.

Натуральна, што ў пляны ўлады не ўваходзіць прапусьціць усіх гэтых апазыцыянэраў ці проста зацікаўленых грамадзянаў, якія вылучыліся кандыдатамі, ў дэпутаты. Усе патэнцыйныя пераможцы гэтых выбараў ужо расьпісаныя. Магчыма, ёсьць пытаньні літаральна па некалькіх асобах.

Колькасьць кандыдатаў будзе пэўным аргумэнтам у дыскусіях з заходнімі партнэрамі.

Але дастаткова вялікая колькасьць кандыдатаў безумоўна будзе пэўным аргумэнтам у дыскусіях з заходнімі партнэрамі, ці адбыліся пэўныя паляпшэньні на гэтых выбарах.

Чаму ў гэтую кампанію, разумеючы ўсе абставіны, гуляе апазыцыя? Апазыцыйныя лідэры і актывісты кажуць пра тое, што немагчыма выйграць на Алімпіядзе без дадатковых трэніровак, пастаяннай практыкі. Калі ў Беларусі наступяць сапраўды дэмакратычныя выбары, апазыцыя павінная быць гатовая да іх, павінна набіраць досьвед у такіх выбарчых кампаніях, дзе яна не мае шанцаў.

Трэба ўмець запаўняць дэклярацыі, заявы, умець афармляць усе неабходныя паперы, ведаць, пра што размаўляць з людзьмі і г. д. Цытуючы намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, ёсьць даволі вялікая апатыя ў насельніцтва. Яно ў большай ступені разумее ці проста адчувае, што такая зьява, як парлямэнцкія выбары, мала што вырашае ў іх жыцьці.

Зь іншага боку, апазыцыянэры адзначаюць такую тэндэнцыю, якую яны раней не назіралі: зараз больш апазыцыйна і палітычна актыўна выглядаюць менавіта рэгіёны. У Менску многія людзі абсалютна абыякавыя да выбарчай кампаніі, а там да апазыцыйных пікетаў часьцей падыходзяць людзі, часьцей выказваюць свае пажаданьні, і да таго ж там проста бліжэй прадстаўнік апазыцыі да народу.

Такая перамена можа быць зафіксаваная як першы ўскосны вынік гэтай кампаніі, і гэта тое, што апазыцыйныя структуры будуць улічваць у сваёй далейшай дзейнасьці.

Дракахруст: Адной з прычынаў гэтай большай актыўнасьці, незадаволенасьці рэгіёнаў зьяўляецца тое, што чатыры вобласьці Беларусі атрымліваюць сярэдні заробак амаль удвая меншы за сталічны. Так што ў гэтым сэнсе, хоць і вельмі адносна, але сталіца значна больш сытая.

Сапраўды, партыі вылучылі гэтым разам значна больш кандыдатаў, чым у 2012 годзе. Але цікава, што гэты рост адбыўся амаль выключна за кошт дэмакратычных партыяў. Гэта часткова вынік высноваў, зробленых з байкоту 2012 году і ігнору 2015 году.

Можна сказаць: а што гэтыя выбары могуць даць? Гэта ж зразумела, што выбары — ў бясьсільную «палатку», куды да таго ж нікога не прапусьцяць.

Так. А што байкот можа даць? Вось паспрабавалі ў 2012, у 2015 — таксама вялікіх вынікаў не атрымалася. І таму салідарнае рашэньне партый і палітычных арганізацый ісьці на выбары адбілася на тым, што лічбы партыйных вылучэнцаў большыя, чым у 2012 годзе.

Тое, што больш людзей зьбіралі подпісы ў сваю падтрымку — гэта іншая праява крызысу.

Тое, што больш людзей зьбіралі подпісы ў сваю падтрымку — гэта іншая праява крызысу. Ён праяўляецца ў розных формах. У адных ён сапраўды спараджае апатыю. Але ў іншых людзей, і не абавязкова ў партыйных актывістаў, гэтая сытуацыя спараджае актыўнасьць. Што ж такое робіцца ў краіне? Я хачу зрабіць лепш. Можа быць для надта вытанчаных і спрактыкаваных людзей гэта гучыць сьмешнавата, але народ розны.

Тое, што некалькі намэнклятурных людзей вылучаецца па многіх акругах, гэта, магчыма, для Захаду, хоць мне падаецца, гэта ня самае моцнае тлумачэньне. Захад ня надта пераканаеш некалькімі кандыдатамі ад улады, што дэмакратыя ў Беларусі забуяла.

Я не выключаю, што, мабыць, паглядзелі на Расею — у Расеі перад думскімі выбарамі зрабілі праймэрыз у межах «Единой России». Магчыма, і беларускія ўлады вырашылі нешта такое паспрабаваць. Ну і нарэшце таксама ёсьць вэрсія, што гэта проста паказьнік дысфункцыі — што ў сыстэме слабее «развадзяшчы».

Цыганкоў: Нядаўна я гутарыў з адным з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду», якая займае даволі важнае месца ў выбарчай кампаніі, і ён казаў, што многіх іх патэнцыйныя кандыдаты прыйшлі ў кампанію менавіта з-за Тацьцяны Караткевіч, з-за яе прэзыдэнцкай кампаніі. Менавіта ў тыя восеньскія месяцы.

Я кажу: ну вы напэўна ім патлумачылі, што азначаюць гэтыя парлямэнцкія выбары і іх рэальныя шанцы?

Ён кажа: не, навошта? Хай прасякаюцца палітычнай барацьбой.

Вы што — пытаюся — ім нават не сказалі, што ў іх ніякіх шанцаў рэальна перамагчы?

Не, навошта зьбіваць людзей? Хай яны адчуюць смак палітычнай барацьбы.

Так што і такія ёсьць матывацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG