Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У старшыні АГП Анатоля Лябедзькі зьявіўся канкурэнт — Васіль Палякоў


У нядзелю, 17 ліпеня, у Менску прайшоў XVII справаздачна-выбарчы зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Як паказалі выбары новага партыйнага кіраўніцтва, у Анатоля Лябедзькі, які ачольвае партыю ўжо 16 гадоў, зьявіўся сур’ёзны супэрнік — Васіль Палякоў з Гомеля, якога Лябедзька перамог з адносна невялікім адрывам у 12 галасоў. За Лябедзьку прагаласавалі 49 дэлегатаў зьезду (52,7%), за Васіля Палякова — 37 (39,8%). Супраць усіх — 4 чалавекі, 3 бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.

На пасаду старшыні АГП спачатку былі вылучаны чатыры кандыдатуры: Анатоль Лябедзька, Генадзь Ананьеў, Васіль Палякоў, Леў Марголін. Ананьеў і Марголін узялі самаадвод. У бюлетэнях для галасаваньня засталіся толькі два прозьвішчы — Лябедзькі і Палякова.

Канкурэнту Анатоля Лябедзькі Васілю Палякову 47 гадоў, жыве і працуе ён у Гомелі. Паводле адукацыі — гісторык і палітоляг, але займаецца ў асноўным праваабарончай і юрыдычнай дзейнасьцю. Адразу пасьля зьезду Васіль Палякоў адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Спадар Палякоў, вынікі галасаваньня многіх дэлегатаў зьезду зьдзівілі. Мала хто чакаў, што разрыў паміж Вамі і старшынёю партыі будзе такім адносна невялікім. Што гэта азначае — партыі патрэбны перамены?

— Гэта, на маю думку, зьвязана з тым, што людзі найперш чакаюць перамен у грамадзтве, у Беларусі. І такая мажлівасьць альтэрнатывы выявілася ў межах партыі. У дзяржаве, на жаль, такой мажлівасьці пакуль няма, вось яна рэалізавалася ў партыі.

— І ўсё ж такі зьезд прайшоў вельмі спакойна, дыскусій амаль не было, крытычных выступаў — адзінкі. Хіба што Людміла Гразнова паспрабавала разварушыць дэлегатаў: казала, што на зьезьдзе зусім не было дыскусій, у партыі ня стала эліты, як было ў дзевяностыя гады. На вашу думку, партыя правільным шляхам ідзе, ці ўсё ж такі і ўнутры АГП патрэбны перамены — у структуры, у мэтадах працы?

— Перамены неабходныя ў грамадзтве, таму што ў тых умовах, у якіх мы працуем, вельмі складана дамагчыся нейкага бачнага посьпеху. Мы працуем сыстэмна, мы працуем камандай, але гэта ў абмежаваных умовах не дае прыкметнага для ўсяго грамадзтва выніку. Калі адкрыюцца вокны для магчымасьцяў, калі зьявіцца канкурэнцыя на выбарах, тады, так бы мовіць, партыя будзе «гучаць». А цяпер мы павінны ў першую чаргу працаваць камандай, паказваць, што ёсьць альтэрнатыва і даносіць гэта людзям. Але, на жаль, пакуль нашы магчымасьці абмежаваныя.

XVII зьезд АГП
XVII зьезд АГП

— На зьезьдзе АГП не адзін раз паўтаралі, што выбараў няма, назваць выбарамі тое, што адбудзецца 11 верасьня, нельга, але трэба выкарыстаць парлямэнцкую выбарчую кампанію для раскруткі партыі, для агітацыі, для кантактаваньня з патэнцыйнымі выбарцамі. Як у Гомелі народ рэагуе на вашы пікеты?

— Я быў на пікетах у Гомелі і ў Калінкавічах. Магу сказаць, што мяняюцца настроі людзей. Яшчэ год таму было больш агрэсіі, зь недаверам людзі ставіліся да апазыцыі. Цяпер яшчэ нельга казаць, што сытуацыя кардынальна памянялася, але ў народа зьяўляецца цікавасьць да нас. Даверу пакуль яшчэ няма, яго трэба заваёўваць, людзі затаіліся і чакаюць, калі зьявіцца рэальная альтэрнатыва, якая зможа памяняць іх жыцьцё, зьмяніць сытуацыю, якая склалася ў Беларусі.

— А чаму самі не вылучаецеся кандыдатам у дэпутаты ад АГП?

— Я сканцэнтраваў свае высілкі, каб працаваць са сьпікерамі АГП, гэта і дапамога мэтадычнага характару, прававая дапамога, гэта дапамога па падрыхтоўцы вулічных акцый, дапамога ў напісаньні перадвыбарных праграм для партыйных вылучэнцаў. Безумоўна, гэта не дазваляе мне займацца сваёй кампаніяй. Таму я сам гэтым разам не вылучаюся, але працую адначасна ў камандах некалькіх сьпікераў АГП.

— Калі не сакрэт, у каго канкрэтна?

— Я прапаноўваю сваю кандыдатуру ўключыць у ініцыятыўную групу кожнага сьпікера, гэта каля 20 чалавек, але пакуль не да кожнага даехаў, дайшоў.

— А хто вы паводле адукацыі?

— Я паводле адукацыі гісторык, у мяне ёсьць яшчэ і паліталягічная адукацыя, але апошнім часам я вельмі шмат займаюся юрыдычнымі пытаньнямі, выбарчым правам, таму ў мяне ёсьць пэўны досьвед, які дапамагае мне працаваць. Я адчуваю сябе вельмі ўтульна менавіта ў гэтай галіне.

***

У выніку Васіль Палякоў абраны намесьнікам старшыні партыі. У рэйтынгавым галасаваньні ён набраў самую вялікую колькасьць галасоў — 77. На выбарах намесьнікаў старшыні па 59 галасоў набралі Леў Марголін і Антаніна Кавалёва, 51 — Мікалай Казлоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG