Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка змарнаваў мае надзеі» — былому кіраўніку саўгасу «Дрыбінскі» Мікалаю Юркову 80 год


Мікалаў Юркоў хваліцца сваёй гаспадаркай
Мікалаў Юркоў хваліцца сваёй гаспадаркай

Сябар БНФ і былая давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі — Мікалай Фёдаравіч Юркоў палову жыцьця, а гэта 40 гадоў, працаваў у сельскай гаспадарцы. Доўгі час кіраваў славутым саўгасам «Дрыбінскі». Сышоў у 2001 годзе, калі ягоныя падначаленыя прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах за цяперашняга кіраўніка Беларусі.

Пра тое, як склалася ў Мікалая Фёдаравіча жыцьцё, ён расказаў Свабодзе напярэдадні свайго васьмідзесяцігадовага юбілею. Яго ён адзначыць 5 ліпеня разам са сваімі блізкімі ў доме ў вёсцы Нікольск.

Паселішча на беразе возера, утворанага запруджанай невялікай рачулкай Камейкай. Вадаём — улюблёнае месца адпачынку вяскоўцаў і прыежджых. Ён нагадвае пра часы дырэктарства Юркова. Асфальтаваная дарога ў вёсцы таксама напамін пра саўгаснае мінулае юбіляра. Дарожнае палатно за некалькі дзясяткаў гадоў эксплюатацыі пасечанае расколінамі ды выбоінамі, але яшчэ трывалае.

Зь Мікалаем Фёдаравічам гутарым у прасторнай залі яго сямейнага дому. Насупраць стол, на якім разгорнутая кніга з творамі Янкі Купалы. Тут жа шашачнае поле і выразка з газэты «Народная воля», на якой гульнявая задача. Жонка Галіна Дзьмітрыеўна гаспадарыць на кухні. Пасьпявае накарміць сына Андрэя, які наведаўся да бацькоў, ды прыгледзіць немалую гаспадарку.

Зь сям’і раскулачаных

Нарадзіўся я на Ўрале. Туды выслалі пасьля раскулачваньня маю сям’ю. У 1947 годзе дазволілі вярнуцца на радзіму. Жылі спачатку ў людзей. Пазьней бацька паставіў невялікую хату. Калі былі ў ссылцы і адзін вясковец захацеў на дзедавым селішчы збудаваць сабе дом, то адпісала бацьку яго сястра: «Ці можна?». Бацька адказаў: «Калі пачаў чалавек працаваць, дык няхай працуе».

Нікольск за ўзгоркам. Да дому Юрковых два кілямэтры
Нікольск за ўзгоркам. Да дому Юрковых два кілямэтры

З жонкай Галінай Дзьмітрыеўна пражылі пяцьдзесят тры гады. На ёй усё трымалася. Я зранку зьяжджаў, і мяне дзень не было ў двары. Недзе даводзілася і гарэлкі папіць, а яна за гаспадаркай глядзела. Дзеці працавітыя, дапамагалі.

У мяне чацьвёра дзяцей, восем унукаў. Як праўду сказаць, то я спакойна дажываю век. Ведаю, што маіх дзяцей-унукаў ужо халопамі ня зробяць.

Унучка адказала: «А вы што супраць беларускай мовы? Мне яна вельмі падабаецца і праблемаў у мяне няма». Я б так ня здолеў адказаць у яе гады.

Мае ўнучкі не пайшлі ў БРСМ. Адну прыціснулі былі, а яна адказала: «Дык што ня трэба ведаў ніякіх, а толькі трэбы быць у БРСМ?». Унукі па-беларуску гавораць. У адной выпытвалі: «А што бацька вас прымушае? Дык мы можам паўплываць на яго?». А ўнучка адказала: «А вы што супраць беларускай мовы? Мне яна вельмі падабаецца і праблемаў у мяне няма». Я б так ня здолеў адказаць у яе гады.

Хто каго эксплюатаваў

Асфальтаваная дарога да вёскі пабітая расколінамі і выбоінамі, але яшчэ трывалая. Яна нагадвае пра часы дырэктарства Юркова ў саўгасе
Асфальтаваная дарога да вёскі пабітая расколінамі і выбоінамі, але яшчэ трывалая. Яна нагадвае пра часы дырэктарства Юркова ў саўгасе

Яшчэ ў ссылцы я паступіў у горна-мэталюргічны тэхнікум у Ніжнім Тагіле. А калі служыў у войску, то адзін чалавек падказаў, што ў Беларусі ёсьць сельскагаспадарчая акадэмія. Там вывучыўся на эканаміста. Чаму?

У жніво дзед наймаў жнеяў. За дзень працы ім плата была пуд жыта і два разы кармілі. А ў вядомым калгасе Арлоўскага ў той час давалі 2 кіляграмы за працадзень і пра гэта грымелі ўва ўсіх газэтах як пра дасягненьне.

Раз спрачаўся з бацькам. Тады ж я быў камсамольцам і даказваў: слушна зрабілі, што яго раскулачыўшы. Даводзілася да ўсяго сваім розумам даходзіць. Па кроплі зь сябе раба выціскаць. У бацькі пытаю: «Ты ж эксплюатаваў людзей?». А ён адказвае: «Так было! У жніво твой дзед, казаў ён, наймаў жнеяў. За дзень працы ім плата была пуд жыта і два разы кармілі». А ў вядомым калгасе Арлоўскага ў той час давалі 2 кіляграмы за працадзень і пра гэта грымелі ўва ўсіх газэтах як пра дасягненьне.

Пасьля гэтай спрэчкі я задумаўся. Выходзіла, што непісьменны дзед так паставіў справу, што меў магчымасьць плаціць пуд жыта за дзень. Бацька паставіў пытаньне, якое мяне прывяло ў тупік: «Дык хто эксплюатаваў?». Я зрабіў выснову, што ўсё трэба лічыць. Цяпер жа кажуць пра эканомію. Ды ня трэба эканоміць, а трэба не марнаваць.

У партыю не ўзялі

Юркоў за гутаркай
Юркоў за гутаркай

У партыю ўступаў, калі мне было пад пяцьдзесят гадоў. Увесь час даймалі мяне: «давай і давай». Я адказваў, што не сасьпеў яшчэ. І вось наважыўся. Усіх, хто са мной былі, прынялі, а мне адмовілі. Патлумачылі, што я ня так напісаў характарыстыку.

Я пасьля зрабіў выснову, што з маімі дакумэнтамі папрацавалі, відаць, з КДБ і не зусім дбайна. Не гатовыя былі прыняць мяне. А я ў характарыстыцы не таіў, што майго бацьку ў трыццатых гадах раскулачылі. Пачалі ад мяне патрабаваць, каб я перапісаў яе. Я адмовіўся. «Дык, што вы лічыце, што вас трэба прымаць з такой характарыстыкай?», — запыталі ў мяне. Я адказаў: «Як хочаце, гэтак і рабіце, бо я зрабіў усё добра. І перапісваць ня буду. Вось гэтым учынкам я ганаруся».

Мяне ўсю дарогу вучылі, як трэба сеяць

Як узначаліў гаспадарку, то паставіў задачу: «Адолець безграшоўе». Шмат хто казаў, што гэта немагчыма, але я выканаў уласную пастанову. Няшмат было гаспадарак у Беларусі, у якіх рэнтабэльнасьць сягала за пяцьдзесят працэнтаў. У маёй бывала і пад семдзесят.

Цяжка было зразумець сытуацыю, калі ў суседзяў па паўмільёну рублёў стратаў, а ў мяне паўтара мільёну прыбытку.

За час кіраўніцтва саўгасам тры разы падаваў заяву пра звальненьне. Даводзіў начальству: «Усё кіруйце самі, бо інакш я кіраваць не магу». Даказваў, што гаспадаркай мусіць кіраваць адзін чалавек і зыходзячы з тых магчымасьцяў, якія ў гаспадарцы ёсьць. А мяне ўсю дарогу вучылі, як трэба сеяць, убіраць. Знаходзіліся кіраўнікі, якія пагаджаліся са мной, разумелі мае патрабаваньні. Былі палкія спрэчкі. Недзе мне саступалі, недзе я саступаў. Такім кіраўніком быў Васіль Лявонаў. Каб ня ён, дык многа мне б не ўдалося зрабіць у гаспадарцы.

Краявід у Нікольску
Краявід у Нікольску

Цяжка, аднак, было зразумець сытуацыю, калі ў суседзяў па паўмільёну рублёў стратаў, а ў мяне паўтара мільёну прыбытку. А заробкі ўва ўсіх былі прыкладна аднолькавыя. Акрамя таго нам давалі плян, колькі грошай мы можам патраціць. Няшмат кіраўнікоў гаспадарак было, якія наважваліся бараніць свае правы. Быў Васіль Старавойтаў, Іван Мельнік. Для мяне яны былі аўтарытэтамі. Сваімі высновамі яны даводзілі, што ў непрадуктыўнасьці працы вінавата існуючая сыстэма. Такія людзі былі як стрэмкі ў воку для ўлады, хоць і выстаўлялі іхныя гаспадаркі як вітрыну пасьпяховага савецкага гаспадараньня.

Каб людзі ў Саюзе ня кралі, паўміралі б

Людзей прывучылі красьці. Я адкрыта казаў: калі людзі ня кралі б, то ня выжылі. Вымерлі! Улада змушала красьці. Людзі ж працавалі і зараблялі драбок. За доўгія гады красьці стала звычкай. Казалі ж так: «Як у калгасе крадзеш, то гэта не крадзеж».

Я пытаю: «Навошта табе былі гэтыя буракі? Ты за штраф купіла б машыну мукі сабе». А яна мне: «Ды я ня ведаю, нашто яны мне. У мяне сваіх цэлы пограб».

У нас быў закон такі ў саўгасе: як скраў, то сто працэнтаў 13-га заробка вылічвалі. Працавала ў гаспадарцы добрая даярка. І яна ўзяла, ідучы з фэрмы, зь дзесятак буракоў. І яе ўпільнавалі. Я пытаю: «Навошта табе былі гэтыя буракі? Ты за штраф купіла б машыну мукі сабе». А яна мне: «Ды я ня ведаю, нашто яны мне. У мяне сваіх цэлы пограб». Гэта такая завядзёнка была: «Ну, як ісьці і ня ўзяць калгаснага».

Адносная свабода для сельскіх гаспадарак зьявілася, калі пачалася гарбачоўская перабудова. Адным з прыкладаў таго, як тая вольніца паўплывала на сытуацыю, стала грэчка. Калі памятаеце, яе давалі пэўным катэгорыям людзей па кіляграму на месяц, а ў крамах яе было не купіць. Калі далі свабоду рабіць, зыходзячы з магчымасьцяў гаспадарак, то наша за два гады забясьпечыла мясцовае жыхарства гэтымі крупамі. Я толькі забараніў прадаваць вялікі мяхамі, каб не было спэкуляцыі. Выраб жа грэчкі самы танны. Вялікіх высілкаў дзеля яе ня трэба прыкладаць.

Краявід у Нікольску
Краявід у Нікольску

Падбіў людзей на страйк

Пры цяперашняй жа ўладзе я рабіў усё, каб не распараджаліся нашымі заробленымі грашыма. Напрыклад у людзей забіралі грошы праз малаказаводы. І было такое ў раёне меркаваньне: «Юркоў выкруціцца!», маўляў, у яго грошы заўжды ёсьць. Раз гэтак не аддалі людзям грошы, другі. Я тады да людзей зьвяртаюся: «Нічога не магу зрабіць, каб выбіць вашы грошы. Дапамажыце! У нас іншага выйсьця як „сілавы“ варыянт няма. Зробім страйк».

Людзі пагадзіліся, але я іх папярэдзіў, што справа сур’ёзная. Правялі сходы на фэрмах, брыгадах. Гэта было пры канцы 1990 гадоў. Ужо кіраваў тады Лукашэнка.

Выйшаў з канторы, а перад ёю машыны стаяць шнурком, даяркі ў белых халатах. Яны ўзялі патроху малака і карцінна яго вылівалі: маўляў, лепей яго выліць, чым здаваць.

«Саўгасны прафкам узяўся страйк арганізоўваць. Забастоўка была на гадзіну. Зроблена было гэтак: людзі прыйшлі да канторы і патрабавалі ад мяне грошы. Казалі: «Мы распачалі страйк, каб з намі разьлічыліся».

Ніколі такога ня бачыў. Выйшаў з канторы, а перад ёю машыны стаяць шнурком, даяркі ў белых халатах. Яны ўзялі патроху малака і карцінна яго вылівалі: маўляў, лепей яго выліць, чым здаваць. Да мяне людзі з пытаньнямі. Я ім тлумачу, што грошы ёсьць, але выканкам пастанавіў іх разьмеркаваць між іншымі гаспадаркамі. Людзям паабяцаў, што заўтра ў банку грошы будуць.

Праз гадзіну людзі разышліся, а на заўтра сапраўды грошы нам вярнулі. І пакуль я заставаўся кіраўніком гаспадаркі, улада такіх выхадак не дазваляла сабе.

Пазьней пасьля страйку ў райвыканкаме злосна на мяне глядзелі і даймалі: «Што, казалі, хацеў працаваць, дык ня трэба было х... маецца». Але звольніць мяне не наважыліся.

Кніга з творамі Янкі Купалы
Кніга з творамі Янкі Купалы

Лукашэнка дужа любіць уладу

Калі Лукашэнка балятаваўся на прэзыдэнта ў 1994 годзе, то да мяне прыяжджалі агітавалі, каб я ўвайшоў у ягоную каманду. Я адмовіўся.

Я пайшоў за Лукашэнкам, рызыкуючы сваёй пасадай. У 1989 годзе ён намагаўся абрацца на зьезд народных дэпутатаў СССР. Тады дужа счапіўся з старшынёй ураду БССР Вячаславам Кебічам.

Я даў Лукашэнку згоду, што буду ягонай даверанай асобай. Уладу ён дужа любіць. У мяне засталося пасьведчаньне з таго часу, што я ягоная давераная асоба. Як ехаў калі на нейкую дэманстрацыю, дык браў гэтае пасьведчаньне з сабою. Як раптам, думалася, затрымаюць, то знайшлі б яго...

Шашкі, «каб не засынала галава»
Шашкі, «каб не засынала галава»

А разышліся нашы дарогі з Лукашэнкам, калі ён заявіў: «Я гатовы на каленях паўзьці да Масквы, каб беларускаму народу жыць было добра». Пачуўшы гэтыя словы мяне нібы адрэзала ад яго. Я тады сказаў: «Прабач шаноўны, я буду грошы зарабляць. На каленях ні да кога не папаўзу». Калі Лукашэнка балятаваўся на прэзыдэнта ў 1994 годзе, то да мяне прыяжджалі агітавалі, каб я ўвайшоў у ягоную каманду. Я адмовіўся.

Лукашэнку не спадабаліся словы пра свабоду

Неяк прыяжджалі да мяне журналісты зь дзяржаўнага тэлебачаньня і пыталіся, што мне патрэбна, каб гаспадаркай добра кіраваць. Я і сказаў, каб мне не перашкаджалі. І гэта перадалі яны ў сваёй праграме. Неўзабаве Лукашэнка адрэагаваў на мае словы. Была нарада, на якой ён «з брудам мяшаў» кіраўнікоў выканаўчай улады. Ён гэта ўмее рабіць. На гэтай нарадзе, не называючы мяне, кіраўнік дзяржавы заявіў: некаторым кіраўнікам гаспадарак патрэбная свабода, мала ім яе, а самі кіруюць па дваццаць год. Тады мяне ўгаварылі яму не адказваць. Я і змоўчаў.

Мікалай Юркоў ля свайго дому
Мікалай Юркоў ля свайго дому

Лукашэнка страшна ня любіць, калі супраць яго выступаюць. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ў раёне фіксаваліся выпадкі іх фальшаваньня на карысьць тагачаснага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Як перамог Лукашэнка, то ўсіх паразганяў вінаватых. Мы тады жылі без начальства ў раёне месяцы чатыры, пакуль не прызначылі новых. А гады праз два Лукашэнка звольненых вярнуў на працу: яны спатрэбіліся яму, бо ўмелі рабіць тое, за што іх звольніў.

Лукашэнка змарнаваў надзеі

Я тады не таіў: як людзі прагаласуюць за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, то сыду. І ў саўгасе пра маю пазыцыю ведалі, але прагаласавалі за яго. Месяца не прыйшло, я разабраўся са справамі, і сышоў.

Можна сказаць, што надзеі, якія я ўскладаў на Лукашэнку, былі змарнаваныя. Ён мяне расчараваў. Я яму паверыў. Я быў перакананы, што ўмовы, у якіх працавалі калгасы, трэба было мяняць. І ён пра гэта ж казаў і згаджаўся з гэтым.

Цяперашняя бяда наша ў тым, што кіраўнікі, якія ўмеюць працаваць, вымушаны найперш думаць, што пра іх скажа начальства. А хіба так можна працаваць? Памылкі бываюць ва ўсіх. І ў мяне былі памылкі, але больш я ўсё ж зрабіў карыснага, бо кіраваўся сваім разуменьнем таго, як і што трэба рабіць.

Дзелавіта па двары разгульваюць куры і індыкі
Дзелавіта па двары разгульваюць куры і індыкі

У 2001 годзе я сышоў з пасады. Я тады не таіў: як людзі прагаласуюць за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, то сыду. І ў саўгасе пра маю пазыцыю ведалі, але прагаласавалі за яго. Месяца не прыйшло — я разабраўся са справамі і сышоў. Тады я сказаў людзям, што ня маю магчымасьці ім плаціць годны заробак пры існуючай сыстэме ўлады.

У Пазьняку ўбачыў новае і сьмелае

Я сябра Народнага фронту з 1993 году. Папраўдзе кажучы, туды я пайшоў за Зянонам Пазьняком. За ім праглядалася новыя, сьмелыя ідэі. У яго слова заўжды шчырае, без хлусьні. Я быў перакананы, што без рэформаў мы прыйдзем да фінішу.

У 1999 годзе мне Пазьняк дужа дапамог. Тады праводзілі альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта. У нас тут была свая каманда. Прывезьлі нам бюлетэні, скрынкі. Пра нас ведалі ў пракуратуры і КДБ. Выклікалі на гутарку да пракурора па даных. Папярэдзілі пра адказнасьць за парушэньне закону.

Возера — таксама напамін пра дырэктарства Юркова
Возера — таксама напамін пра дырэктарства Юркова

Я з хлопцамі пасьля гэтага гутару, а яны сядзяць, нібы іх зьбіраюцца расстрэльваць. Бачу, што баяцца яны. Я тады званю Пазьняку ў Варшаву і пытаю, што рабіць? Заўтра, кажу, пойдзем «да пятлі». Ісьці трэба, бо паабяцалі. А ён у мяне пытае: «У цябе ёсьць магчымасьць у пэўны час і ў пэўным месцы рабіць справу, як належыць?». Адказваю, што такога няма. «Тады, — ён кажа, — адводзіць людзей ад удару». Мы сабраліся і пастанавілі, што выбары правесьці ня можам. Склалі адпаведную паперу. І зь ёю паехаў да пракурора, і ад яго даведаўся, што на заўтра на нас было абвешчана паляваньне.

Сын Мікалая Фёдаравіча возіць у Дрыбіне і Горках "Пагоню"
Сын Мікалая Фёдаравіча возіць у Дрыбіне і Горках "Пагоню"

Папрацаваў у Расеі

Паехаў у Расею, каб заробіць, прызнаюся шчыра. Там я ўпершыню ў жыцьці хадзіў у краму спакойна. Я ніколі не шыкаваў, але там я мог спакойна, нагледзеўшы нейкую рэч, купіць яе.

Як сышоў з саўгасу, то паехаў у Расею. Працаваў у дзьвюх гаспадарках. У адной адпрацаваў нядоўга. Паглядзеў і сказаў кіраўніку: калі ты будзеш так кіраваць, то гаспадарку збанкрутуеш. А ён рознымі мудрыкамі зарабіў у Беларусі грошы і думаў, што гэтак можна і гаспадаркай кіраваць. І я ў час зьехаў, бо да яго неўзабаве прыехалі, як мне расказаў адзін знаёмец, людзі з аўтаматамі і пазабіралі ўсё вартае.

У другой гаспадарцы кіраўнікамі былі так званыя «крутыя», але маіх парадаў яны трымаліся. Я ім дапамог, зьвёўшы да мінімуму выдаткі. Потым сказаў ім: «Мне 68 год і я не пасьпею ўсяго зрабіць, каб ваша гаспадарка была рэнтабэльнай». Дапамагаў ім, пакуль яны не знайшлі мне замены. Мне засталіся вінаватымі яны 2 тысячы даляраў. Аддалі гады праз два.

Вуліца Зарэчча ў Нікольску. На ёй дом Мікалая Фёдаравіча Юркова
Вуліца Зарэчча ў Нікольску. На ёй дом Мікалая Фёдаравіча Юркова

Паехаў у Расею, каб заробіць, прызнаюся шчыра. Там я ўпершыню ў жыцьці хадзіў у краму спакойна. Я ніколі не шыкаваў, але там я мог спакойна, нагледзеўшы нейкую рэч, купіць яе. Тады я гэты дом дабудоўваў. На яго патрэбныя былі грошы.

Скончыўшы гутарку Мікалай Фёдаравіч вынес невялікую пляшку свойскага вінаграднага віна, каб замацаваць, як ён выказаўся, «матэрыял для дысэртацыі». Падсілкаваўшыся абедам, згатаваным Галінай Дзьмітрыеўнай, юбіляр паказаў сваю гаспадарку. Па двары ля вінаградніку дзелавіта разгульвалі куры і індыкі. За домам вялікі сад з кустамі сасьпелых ягад. За дзьве сотні мэтраў ад дому возера. Мікалай Фёдаравіч жартам паскардзіўся, што жонка апошні час не дазваляе яму без прыгляду плаваць. Раней жа без напрагу кожную раніцу адольваў уплаў ад берагу да берагу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG