Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэнамінацыя: каляпсу не адбылося


Ці спраўдзіліся страхі наконт сур’ёзных праблемаў і нязручнасьцяў у сфэры грашовага абарачэньня, якія віравалі напярэдадні дэнамінацыі?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.


Цыганкоў: Ніякага каляпсу, катастрофы, нават праблем не адбылося, прынамсі на гэты момант.

Напярэдадні дэнамінацыі было вельмі шмат падазрэньняў, страхаў, што здарыцца каляпс з банкаўскай і ўвогуле грашовай сыстэмай, што ня будуць працаваць банкаматы, ня будуць праходзіць пераводы, і гэтак далей. Мне гэта нагадвае «праблему 2000 году», калі перасьцерагаліся, што кампутары ашалеюць і падумаюць, што наступіў нулявы год. Калі ўзгадаць, то тады на гэтай «праблеме» нажылася шмат фірмаў.

Гэтым разам такіх апакаліптычных прагнозаў не было, але перасьцярогі былі, што вось нешта непапраўнае здарыцца, і прынясе шмат клопату і праблемаў беларускім грамадзянам.

Першыя дні дэнамінацыі, як выглядае, не прынесьлі ніякіх вялікіх праблемаў. Гэта паказвае, што Беларусь — даволі разьвітая ў тэхнічным пляне краіна.

Дарэчы, мне адзін сябар, які працуе ў Парку высокіх тэхналёгіяў, казаў, што правядзеньне дэнамінацыі ў сярэдзіне году — вельмі няўдалае рашэньне. Значна прасьцей з тэхнічнага пункту гледжаньня было б правесьці яе ў пачатку году.

Але першыя дні дэнамінацыі, як выглядае, не прынесьлі ніякіх вялікіх праблемаў. Гэта паказвае, што Беларусь — даволі разьвітая ў тэхнічным пляне краіна.

Людзі прызвычаіліся, прыйшлі да высновы, што можна шукаць іншыя шляхі. Мой знаёмы дробны бізнэсовец расказаў гісторыю, калі ён паспрабаваў усталяваць абсталяваньне для дэнамінацыі, і кампутаршчыкі запрасілі, на яго думку, шмат грошай. Тады ён проста спытаў сяброў, яны параілі яму спампаваць з інтэрнэту адпаведную праграму, ён так і зрабіў, і абышлося яму гэта ўсё бясплатна. То бок не такі страшны зьвер, як яго малююць.

Карбалевіч: Як я разумею, дэнамінацыя — гэта працэс, расьцягнуты на паўгода. Яна не прайшла ў адзін дзень 1 ліпеня. Абсалютная большасьць людзей новых грошай яшчэ ня бачыла ў вочы. Таму ўсе праблемы яшчэ наперадзе. Усе нязручнасьці выкарыстаньня старых і новых грошай на працягу шасьці месяцаў людзі адчуюць трохі пазьней. І будзе шмат прыкрых гісторыяў, як людзей падманвалі ці яны самі падманваліся, блытаючыся ў наміналах купюраў.

А тое, што ня ўсе банкаўскія ўстановы, крамы ці іншыя ўстановы, якія абслугоўваюць насельніцтва, апынуліся гатовыя ў першыя дні дэнамінацыі выкарыстоўваць новыя грошы, то нічога страшнага. Новых грошай яшчэ няма і ў насельніцтва.

Дэнамінацыя павінная спрацаваць на канцэпт стабільнасьці. Бо грошы зь вялікай колькасьцю нулёў — гэта прыкмета пэрыяду хаосу.

Тут цікава, як гэтая дэнамінацыя, чыста тэхнічная працэдура, паўплывае на масавую сьвядомасьць.

З аднаго боку, цэлых паўгода гэтая блытаніна з грашыма будзе раздражняць людзей. Зь іншага боку, дэнамінацыя павінная спрацаваць на канцэпт стабільнасьці. Бо грошы зь вялікай колькасьцю нулёў — гэта прыкмета пэрыяду хаосу, нестабільнасьці, якая прыйшла з развалам СССР. Калі заробак лічыцца ў мільёнах, а узровень жыцьця падае, — гэта міжволі стварае сытуацыю нейкага сюррэалізму.

А вось цяпер зьявіліся нармальныя грошы, з манэтамі, як прынята ў цывілізаванай дзяржаве. То бок, гэта павінна быць знакам таго, што нейкі пераходны пэрыяд закончыўся, краіна вяртаецца да пэўнасьці.

Але парадокс у тым, што адначасова краіна ўступае ў доўгатэрміновы і пэрманэнтны крызыс, які па вызначэньні стварае сытуацыю нестабільнасьці. То бок, дэнамінацыя і сацыяльна эканамічныя працэсы ўступяць у дысананс.

Цыганкоў: На самай справе, безумоўна, так ня будзе. Паўгода — гэта максымальны тэрмін для замены ўсіх грошай, але рэальна ўжо ўчора я тры разы атрымліваў новыя грошы, будуць новыя выдавацца, а старыя забірацца. Празь месяц большасьць насельніцтва здасьць усе свае старыя грошы.

Дракахруст: Гэтыя цяжкасьці, рэальныя і гіпатэтычныя, моцна перабольшаныя. Беларусь мае вопыт дэнамінацыяў — на жаль. Але ў дадзеным выпадку ў пэўным сэнсе і на шчасьце. Бо калі ранейшыя дэнамінацыі праводзілі, ніякіх асаблівых катастрофаў не было. І незразумела, з чаго яны павінны быць.

Гэта хутчэй асаблівасьці псыхалёгіі, містыка такога інстытуту, як грошы. Нават ад такой чыста тэхнічнай працэдуры людзі чакаюць нейкіх непажаданых сюрпрызаў.

Але чалавек — істота, якая хутка адаптуецца. Недзе чытаў пра экспэрымэнт, як людзям апраналі акуляры, у якіх сьвет быў перавернуты. Спачатку ім было вельмі нязручна, бачыць сьвет дагары нагамі, але пасьля некалькіх дзён экспэрымэнту карцінка ў іх у мозгу пераварочвалася. Так і да новых грошай беларусы хутка прызвычаяцца.

Дэнамінацыя — гэта пэўны «якар» для ўладаў, які прымушае стрымліваць эмісію, не дапускаць, каб грошы абясцэньваліся з такой жа хуткасьцю, як яны абясцэньваліся раней.

Аднак, гледзячы па ўсім, у гэтым месяцы адбудзецца невялічкі скачок цэнаў, бо пры дэнамінацыі цэны, зразумела, акругляюцца ў бок падвышэньня. Але гэта не павялічыць тэмп інфляцыі, гэта будзе аднакратны скачок, а далей яно пойдзе як раней.

Мне падаецца куды важнейшым іншае. Дэнамінацыя — гэта пэўны «якар» для ўладаў, які прымушае стрымліваць эмісію, не дапускаць, каб грошы абясцэньваліся з такой жа хуткасьцю, як яны абясцэньваліся раней.

Раней, калі ўчора курс быў, скажам, 15 тысячаў, а сёньня стаў 20, гэта было кепска, але не было адчуваньня нейкай катастрофы. Але калі, ўмоўна кажучы, праз год зь цяперашніх двух рублёў за даляр курс упадзе да двух з палцінай — псыхалягічна гэта будзе куды горш.

Пра гэта сказаў Пётар Пракаповіч, маўляў, пакуль я жывы, манэты ня сыйдуць з абарачэньня. Мы памятаем, як напачатку 90-х гадоў амаль адразу выйшлі з абарачэньня «вавёркі» (50 капеек), а потым «зайчыкі» (1 рубель). Калі новыя грошы абясцэняцца так, што манэты ўжо рэальна выйдуць з абарачэньня, гэта будзе вельмі моцны ўдар па прэстыжу ўлады.

Я не выключаю, што адбыўся пэўны абмен. Кірыла Рудага, які больш за ўсіх гаварыў пра рэформы, адправілі ў Кітай — хай яшчэ там рэформам падвучыцца. Але ў абмен Нацбанк будзе працягваць жорсткую крэдытную палітыку, абмяжоўваць эмісію, стрымліваць інфляцыю.

Цыганкоў: Пажадаем Пятру Пракаповічу моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцьця.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG