Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму чынавенства сёлета рвецца ў палату прадстаўнікоў?


Глод: Галоўнай адметнасьцю выбараў ў палату прадстаўнікоў шостага скліканьня, падобна, становіцца велізарнае жаданьне чыноўнікаў розных ўзроўняў стаць дэпутатамі. На гэтай глебе, як сьведчаць супрацоўнікі выканаўчай вэртыкалі, пачалі ўзьнікаць шматлікія і даволі вострыя канфлікты за права балятавацца ў парлямэнт.

І раней працэс адбору кандыдата ад ўлады, а гэта фактычна азначала і будучага дэпутата, часам нёс у сабе невялікія канфлікты. Гэта адбывалася тады, калі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі бачылі свайго прэтэндэнта, умоўна кажучы, па Смалявіцкай выбарчай акрузе. А ў аблвыканкаме хацелі б іншага чалавека. Але звычайна такія спрэчныя пытаньні вырашаліся ціха. Дзесьці саступала адміністрацыя, дзесьці — аблвыканкамы.

Раней пагасіць канфлікты было значна прасьцей, бо было дастаткова разьвесьці двух ахвотных стаць дэпутатамі. Сёлета сытуацыя значна адрозьніваецца ад ранейшай. На адну акругу прэтэндуюць ужо па пяць і нават болей чыноўнікаў. Чаму так адбываецца?

Нядаўна я шчыра размаўляў з адным адстаўным чыноўнікам, які яшчэ два гады таму быў намесьнікам старшыні выканкаму аднаго з раёнаў непадалёк ад Менску. Ён пацьвердзіў, што і ў ягоным раёне ўжо як мінімум чатыры чыноўнікі хочуць ісьці ў парлямэнт. Гэтае жаданьне можна зразумець. Ужо зараз чыноўнікам працаваць цяжка. Шмат прадпрыемстваў зачыняецца, шмат дзе затрымліваюць заробкі, шмат людзей незадаволеныя. Праўда, пакуль яны баяцца выказвацца крытычна пра ўладу адкрыта. Але між сабой у размовах яе моцна чахвосьцяць.

Галоўная зь іх — знайсьці на бліжэйшыя некалькі гадоў месца, дзе можна было б адседзіцца, перасядзець цяжкі час. І многія бачаць такое месца ў дэпутацкім крэсьле

Пэрспэктываў, што становішча бліжэйшым часам зьменіцца да лепшага, чынавенства ня бачыць. Наадварот, адчуваньне такое, што далей будзе яшчэ горш. Мясцовыя чыноўнікі гэта ведаюць. І робяць для сябе высновы. Галоўная зь іх — знайсьці на бліжэйшыя некалькі гадоў месца, дзе можна было б адседзіцца, перасядзець цяжкі час. І многія бачаць такое месца ў дэпутацкім крэсьле. Вось чаму сёлета незвычайна многа кандыдатаў на 110 месцаў у палаце прадстаўнікоў.

А тут яшчэ некаторыя старшыні аблвыканкамаў (першы зь іх кіраўнік менскай абласной вэртыкалі Сямён Шапіра) заявілі пра намер скараціць абласны апарат. Так што пэрспэктыва пайсьці на чатыры гады ў парлямэнт з добрым заробкам і ня пыльнай працай для многіх чыноўнікаў выглядае сёньня найлепшай. Асабліва, калі яшчэ і міжнародная супольнасьць прызнае Нацыянальны сход паўнавартасным парлямэнтам. А гэта — міжнародныя кантакты, замежныя паездкі. Пачнуць узьнікаць дэпутацкія групы — сяброў з парлямэнтамі іншых краінаў. Памятаю, што ў палаце прадстаўнікоў другога скліканьня самай вялікай была група сяброў з Баўгарыяй. У яе запісалася амаль 90 са 110 дэпутатаў. Іх любоў менавіта да Баўгарыі тлумачылася проста — кіраўнік групы Васіль Хрол публічна паабяцаў кожнаму дэпутату, які ўвойдзе ў гэтую групу, абавязковую паездку ў Баўгарыю.

Дык, вось, пытаньне да вас, калегі: ці ўнясе высокі конкурс чынавенства на дэпутацкае крэсла нейкія зьмены ў выбарчую кампанію-2016?

Ільяш: Мне здаецца, што Ўладзімер зьвярнуў увагу на вельмі цікавую рэч. Сапраўды, імкненьне чыноўнікаў стаць дэпутатамі выглядае цалкам зразумелым. Жыцьцё дэпутата палаты прадстаўнікоў вельмі простае: трэба проста галасаваць «за». Гэта вельмі спакойная і бясьпечная праца, якая да таго ж можа паспрыяць далейшаму пасьпяховаму разьвіцьцю кар’еры чыноўніка (Лукашэнка сам казаў, што ўспрымае дэпутатаў палаты прадстаўнікоў як пэўны кадравы рэсурс, і мы ўсе памятаем, як некаторыя дэпутаты з часам мянялі свае мандаты на міністэрскія пасады).

Карацей парлямэнт — гэта вам ня праца ў выканкамах, дзе трэба выконваць пляны (нярэдка нерэальныя), дзе заўсёды ёсьць магчымасьць трапіць пад гарачую руку прэзыдэнта, які захоча паказаць народу, хто вінаваты ў нізкім узроўні яго жыцьці.

Працэс фармаваньня палаты прадстаўнікоў адпрацаваны дасканала. Рэальнай барацьбы паміж двума прадстаўнікамі ўлады ў адной акрузе ня будзе — у адрозьненьні ад апазыцыі ўлада здольная сфармаваць свой «адзіны сьпіс»

Але між тым, я ня думаю, што падвышанае жаданьне чыноўнікаў трапіць на заканадаўчую працу неяк зьменіць характар парлямэнцкай кампаніі. Працэс фармаваньня палаты прадстаўнікоў адпрацаваны дасканала. Рэальнай барацьбы паміж двума прадстаўнікамі ўлады ў адной акрузе ня будзе — у адрозьненьні ад апазыцыі ўлада здольная сфармаваць свой «адзіны сьпіс».

Прычым улады будуць старацца захаваць тут пэўны статус-кво. Я упэўнены, што новы склад палаты прадстаўнікоў па біяграфіях кандыдатаў і іх сфэрам дзейнасьці будзе мала адрозьнівацца ад таго, што было раней. Проста калі гэта сыстэма столькі гадоў бездакорна працавала, то навошта ўносіць сюды нейкія зьмены?

Дракахруст: Магчыма двух тлумачэньняў, а менавіта што чыноўнікам стала зараз быць цяжэй, адказьней, і што ідзе ці чакаецца велізарнае скарачэньне, можа быць дастаткова, каб яны ірваліся ў дэпутаты.

Але мне здаецца, што зараз ёсьць яшчэ адзін, дадатковы фактар, які дазваляе быць гэтай чынавенскай канкурэнцыі. Гэта пэўныя дысфункцыя, разьмякчэньне сыстэмы. Яна не надта разьмякчаецца адносна грамадзтва, апазыцыі, але разьмягчаецца ўнутры сябе.

Уся краіна бачыць, як два гады Аляксандар Лукашэнка спрачаецца ў асноўным з кім? Са сваім урадам. Прычым гэта не такая звыклая расстаноўка сіл, што цар сядзіць дзесьці на воблаку, а ўрад нешта не тое робіць. Ён кажа: мне яны ўвесь час падкідаюць, я гэта адкідаю, нешта не адкідаю — два гады гэта працягваецца. Значыць, ёсьць розныя плыні, паміж якімі можна гуляць.

Іншы момант — гэта рускі сьвет. Моцны ідэалягічны наступ Расеі, да таго ж мы не ведаем, пра што ў расейскіх кабінэтах размаўляюць з беларускімі чыноўнікамі. Фраза Лукашэнкі, што кандыдаты павінны Бацькаўшчыну любіць, быць за незалежнасьць, невядома каму адрасавана

Іншы момант — гэта рускі сьвет. Моцны ідэалягічны наступ Расеі, да таго ж мы не ведаем, пра што ў расейскіх кабінэтах размаўляюць з беларускімі чыноўнікамі. Фраза Лукашэнкі, што кандыдаты павінны Бацькаўшчыну любіць, быць за незалежнасьць, невядома каму адрасавана. Не абавязкова нейкім прарасейскім нефармалам, якія захочуць ісьці ў парлямэнт. А можа і нейкім чыноўнікам. Але гэта яшчэ адзін момант дысфункцыі.

Ну і яшчэ адзін момант — паляпшэньне стасункаў з Захадам. Зараз ужо і не зразумела, дык у нас сябра ці вораг Захад. І бачна, што ёсьць людзі, якія прасоўваюць такую ідэю, і яны ў вялікіх чынах. Беларусь, прынамсі, ужо не «асаджаная крэпасьць».

Усё гэта не значыць, што нехта ўстае пад сьцягі рускага сьвету, ці Захаду, лібэралаў ці кансэрватараў ва ўрадзе. Але значыць, што людзі, якія хочуць рабіць кар’еру, разумеюць, што калі аблвыканкам хоча вылучыць аднаго, а нейкі іншы чыноўнік паспрабуе канкураваць за гэтае прызначэньне, то зараз гэтаму апаратнаму канкурэнту неабавязкова па галаве дадуць і скажуць «знай сваё месца».

На саміх выбарах, зразумела, гэта, хутчэй за ўсё, ніяк ня скажацца. Але бойку пад дываном перад тым, як афіцыйны сьпіс зьявіцца, суплёт гэтых фактараў спарадзіць можа. І , гледзячы па вашых, Уладзімер, словах, ужо і спарадзіў. І яна будзе такой, што я нават не выключаю, што ў некаторых месцах прарвецца на паверхню і будзе больш за аднаго кандыдата ад партыі ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG