Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына: З 169 сябраў акруговых камісій — толькі 5 апазыцыянэраў


Назіральнік за выбарчым працэсам Раман Юргель
Назіральнік за выбарчым працэсам Раман Юргель

Прадстаўнікі гарадзенскіх апазыцыйных партый, пабачыўшы, як сфармавалі акруговыя камісіі, заяўляюць, што на выбары ўлады рыхтуюць чарговы спэктакль.

У Горадні сёньня сфармавана абласная выбарчая камісія, а таксама 13 акруговых камісій, у склад якіх увайшлі 169 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, працоўных калектываў, палітычных партый і рухаў.

З 169 сябраў камісій, паводле назіральніка за выбарчым працэсам Рамана Юргеля, толькі пяцёра прадстаўляюць апазыцыйныя палітычныя партыі. Усяго, паводле Юргеля, апазыцыйныя палітычныя партыі выставілі ў акруговыя камісіі 14 прэтэндэнтаў. Невядомым застаецца лёс трох прэтэндэнтаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія нібыта даслалі дакумэнты поштай, але іх кандыдатуры наагул не разглядаліся.

«Зыходзячы з таго, як фармаваліся камісіі, мы лічым, што прадстаўнікі ўлады дзейнічаюць паводле атрыманых інструкцый. Калі раней проста галасавалі за прапанаваны сьпіс, то сёлета, там дзе ў камісію прэтэндэнтаў было больш, чым патрэбна, называлася прозьвішча кожнага, як бы разглядалася канкрэтная кандыдатура. І паседжаньне адбылося не за 20 хвілін, а за дзьве гадзіны. Але было відавочна, што ўсё гэта наскрозь прасякнута штучнасьцю, бюракратызмам дзейснай сыстэмы. Асабліва, калі параўноўваеш гэта з выбарчым працэсам ва Ўкраіне, дзе працэс адбываецца вольна, без кантролю ўлады. А тут улады ўсё трымаюць пад кантролем: выступае старшыня аблвыканкаму, галасуюць за ўключэньне прэтэндэнтаў у сябры камісіі толькі прадстаўнікі ўлады і г.д. А яшчэ ў кожную камісію абавязкова ўключаныя па адным ці болей дзяржаўных служачых...»

Кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў сказаў, што партыя выставіла тры кандыдатуры і толькі адзін зь іх стаў сябрам акруговай камісіі:

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

«Дваіх нашых сябраў не ўключылі ў акруговыя камісіі з прычыны таго, што ў іх ёсьць адміністрацыйныя правапарушэньні, і гэта агучвалася і выдавалася як нешта безапэляцыйнае. Але, паводле заканадаўства, такія прычыны ня могуць служыць адмовай для ўключэньня чалавека ў склад камісіі, і аб гэтым ніхто нічога нават не ўспомніў. Таму я сядзеў і бачыў нейкую паказушную дэмакратыю, а сапраўдных зьменаў ужо падчас фармаваньня акруговых камісій не відаць. Складваецца ўражаньне, што ўлада рыхтуе чарговы выбарчы спэктакль».

Прадстаўнік грамадзкага руху «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук распавядае, што іх арганізацыя вылучала траіх прэтэндэнтаў у камісіі: аднаго ў абласную і дваіх у акруговыя, дзе зьбіраюцца балятавацца іх кандыдаты. Ніводзін зь іх у камісіі не патрапіў.

Зьміцер Бандарчук
Зьміцер Бандарчук

«Усе нашы кандыдатуры былі адхіленыя найперш на падставе таго, што мы нібыта ня мае вопыту працы ў камісіях розных узроўняў. А па-другое, мы падавалі дакумэнты на падставе збору подпісаў грамадзян, а гэтага маўляў недастаткова для таго, каб быць больш прадстаўнічым, чым іншыя кандыдаты. Бо, да прыкладу, прадстаўнікі „Чырвонага крыжа“, „Фонду міру“, БРСМ зьбіралі і подпісы грамадзян і вылучаліся ад сваёй арганізацыі. Ну і што тады казаць? Нягледзячы на тое, што некалькі апазыцыянэраў і ўключылі ў акруговыя камісіі, але працэс абсалютна непразрысты. Людзі, якія галасавалі за ўключэньне прэтэндэнтаў у сябры камісій, кіраваліся толькі рэкамэндацыямі прадстаўніка аблвыканкаму, які зачытваў прозьвішчы прэтэндэнтаў. А пра аднаго ён казаў, што гэта добры сумленны работнік, а іншы, маўляў, ня мае досьведу, не актыўны і г.д. І вось на падставе такіх, мякка кажучы, суб’ектыўных дадзеных яны рабілі высновы. А я думаю, што гэта было падобна да нейкага спэктаклю, дзе побач на паперцы алоўкам былі пазначаны патрэбныя прозьвішчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG