Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонім: актывіст незалежнага прафсаюзу застаўся бяз працы за тры гады да пэнсіі


Міхаіл Сошка
Міхаіл Сошка

Слонімскі раённы суд не задаволіў скаргу рабочага камвольна-прадзільнага камбінату Міхаіла Сошкі да адміністрацыі фабрыкі аб непрацягненьні яму працоўнага кантракту за тры гады да пэнсіі. Міхаіл Сошка адпрацаваў на фабрыцы 30 гадоў. Апошнія некалькі гадоў ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу і стаў сябрам прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, пачаў займацца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю. Актывісты кажуць, што Сошка ня раз заступаўся за правы іншых рабочых на прадпрыемстве.

Міхаіл Сошка ў судзе даводзіў, што кантракт за тры гады да выхаду на пэнсію зь ім не працягнулі беспрычынна, бо дзеля гэтага ў адміністрацыі не было юрыдычных падставаў. А на фабрыцы Сошка адпрацаваў тры дзесяцігодзьдзі.

Юрыст Юры Белякоў, які прадстаўляў Сошку ў судзе, назваў рашэньне суду дыскрымінацыйным і патлумачыў сваю пазыцыю:

Чалавеку не працягнулі кантракт нібыта з прычыны таго, што ў яго было адно дысцыплінарнае спагнаньне.

— Уявіце сабе, што чалавеку не працягнулі кантракт нібыта з прычыны таго, што ў яго было адно дысцыплінарнае спагнаньне. Дык цікава, што ён атрымаў яго за тое, што разам зь іншымі рабочымі, пасьля таго як пафарбаваў трубы на прадпрыемстве, пайшоў памыцца ў душ і разам зь іншымі атрымаў гэтае спагнаньне. Дык вось усім працягнулі кантракт, а Сошку не працягнулі. Хіба гэта не дыскрымінацыя?

Белякоў сказаў, што прадстаўніца камвольнай фабрыкі спрабавала прадставіць у судзе і іншыя факты парушэньня Сошкам працоўнай дысцыпліны. У судзе быў прадстаўлены працоўны журнал штодзённага кантролю тэхнікі бясьпекі з фабрыкі, у якім было запісана, што Сошка курыў на прадпрыемстве ў месцы, якое для гэтага не прызначана, і з гэтае прычыны ў журнале майстрам цэху яму была запісана заўвага. Гэты факт Міхаіл Сошка пракамэнтаваў у судзе наступным чынам:

— Гэта надуманая заўвага, паколькі я шмат гадоў працую на фабрыцы і ніколі не куру ў неадпаведных месцах. Дый потым, калі б мяне сапраўды майстар застаў у тым месцы з цыгарэтай, а гэта побач з кацельняй, то з працы вытурылі б ужо тады адразу. Такія рэчы ў нас недапушчальныя, гэта грубае парушэньне супрацьпажарнай бясьпекі. Яны зрабілі адмыслова гэты запіс для суду.

Дыскрымінацыяй юрыст Белякоў лічыць і тое, што суд узяў пад увагу наступны аргумэнт прадстаўніка адміністрацыі фабрыкі ў судзе: Сошка выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу, уступіў у незалежны прафсаюз РЭП — і таму, маўляў, дзеяньне калектыўнай дамовы і тарыфных пагадненьняў на яго не распаўсюджваецца.

— Я падкрэсьліваў у судзе, што на Сошку, паводле дзейнага заканадаўства, у любым выпадку распаўсюджваецца дзеяньне і калектыўнай дамовы, і тарыфных пагадненьняў — незалежна ад таго, ці ўваходзіць ён у склад афіцыйнага прафсаюзу. Ну хіба гэта не дыскрымінацыя? Тут нават камэнтаваць нічога ня трэба. Паводле заканадаўства, работніку дастаткова толькі выказаць сваю згоду дзеля таго, каб на яго распаўсюджвалася і калектыўная дамова, і дзеяньне тарыфных пагадненьняў, незалежна ад таго, сябрам якога прафсаюзу ён зьяўляецца.

Міхаіл Сошка заявіў Свабодзе, што ня згодзен з рашэньнем суду і будзе абскарджваць яго ў вышэйшай судовай інстанцыі.

Гэтае рашэньне суду яўна заказное і незаконнае. Заканадаўства парушана нават у тым, што на мяне не распаўсюджваецца дзеяньне калектыўнай дамовы і тарыфнага пагадненьня.

— Гэтае рашэньне суду яўна заказное і незаконнае. Заканадаўства парушана нават у тым, што на мяне не распаўсюджваецца дзеяньне калектыўнай дамовы і тарыфнага пагадненьня. То пра што казаць далей? Рашэньне прынята на падставе толькі таго, што я сябра не афіцыйнага прафсаюзу, а незалежнага. У мяне напачатку была нейкая надзея на справядлівасьць, але цяпер яна зусім зьнікла. Але я на гэтым не спыняюся і буду падаваць скаргу ў вышэйшую інстанцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG