Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дамоклаў меч» супраць «кактэйлю Молатава»


Як будзе дзейнічаць падпісаны днямі пакет законаў «супраць экстрэмізму»? Якія матывы прыняцьця гэтых законаў? Карную ці прэвэнтыўную ролю яны будуць адыгрываць?

Дракахруст: На мінулым тыдні ўступілі ў дзеяньне папраўкі ў КК, ўнесеныя палатай прадстаўнікоў раней ў красавіку. У кодэкс дадалі артыкул аб адказнасьці за ўжываньне кактэйлю Молатава — бутэлек з запальнай вадкасьцю, артыкул аб распальваньні нацыянальнай, расавай і рэлігійнай варажнечы дапоўнілі пунктам аб сацыяльнай варажнечы, ўвялі пункт аб экстрэмісцкай дзейнасьці, а таксама дадалі крымінальную адказнасьць за самачынны ўдзел у баявых дзеяньнях за мяжой. У пэўнай ступені папраўкі прынятыя «пра запас». Ніхто ў Беларусі, прынамсі пакуль, кактэйлі Молатава не кідае. Але выглядае, што ўлада чакае і рыхтуецца.

Ёсьць тры накірунку выклікаў. Першы — пагаршэньне эканамічнага становішча. Масавых пратэстаў няма зараз, але гэта ня значыць, што іх ня будзе заўтра. Другі выклік — новы парадак дзеяньняў міліцыі ў адказ на недазволеныя масавыя акцыі. Іх удзельнікаў не хапаюць. Пакуль акцыі нешматлюдныя, але карцінка іх паўтарэньня, калі людзей пры гэтым не разганяюць, можа раскартухаць грамадзтва. Нарэшце, ўдзел беларусаў у баявых дзеяньнях на Ўсходзе Ўкраіны. Іх там ваюе няшмат, але і ня пару чалавек. Дзесяткі ці нават сотні людзей, якія ўмеюць абыходзіцца са зброяй, вырашаць праблемы пры дапамозе зброі, у крытычнай сытуацыі могуць стаць дэтанатарам ці, прынамсі, каталізатарам непрыемных для ўлады падзеяў.

Вось яна загадзя і рыхтуецца. Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч пэўны час таму скардзіўся, што ўдзельнікаў вайны ў Данбасе цяжка прыцягнуць да адказнасьці за найміцтва, яго складана даказаць, не заўсёды факт найміцтва наагул прысутнічаў. А цяпер ня трэба напружвацца. Можна прасачыць аналёгію з перасьледам за акцыі «маўклівых воплескаў» у 2011 годзе. Спачатку хапалі і судзілі як за ўдзел у маніфэстацыі, потым хуценька паправілі заканадаўства, ўвялі пункт аб «актыўным бязьдзеяньні», каб перасьлед быў больш юрыдычны чыстым.

Мяркую, што пункт аб сацыяльнай варажнечы наўпрост накіраваны супраць друку, крытыкі чыноўнікаў і міліцыянтаў. Паасобку іх крытыкаваць як бы можна, чыноўнікаў і міліцыянтаў як такіх, як сацыяльную групу — калі ласка, закон. А пад экстрэмізм можна падвесьці ў прынцыпе любую апазыцыйную дзейнасьць.
Ці будуць дзейнічаць новыя законы напоўніцу, супраць усіх, хто пад іх падпадае. Мяркую, што не. Іх функцыя — быць своеасаблівым «дамоклавым мячом» над грамадзянскай супольнасьцю. Гэта сродак ціску, напаміну актывістам і патэнцыйным пратэстоўцам, у якой краіне яны жывуць.

Як гэта было з законам аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, прынятым у 2005 годзе. Па гэтым артыкуле ў 2006 годзе пайшлі ў турму чальцы арганізацыі «Партнэрства». Здаецца, больш «пасадак» па гэтым артыкуле не было, але спробы прыцягнуць да адказнасьці былі, папярэджваньні былі. Мяркую, што гэтак жа будуць дзейнічаць і новыя законы. У «мірны час».

Карбалевіч: Я згодзен, што гэта, па-першае, прэвэнтыўныя захады — «дамоклаў меч», які будзе вісець над галавой. Неабавязкова ён упадзе, але тое, што меч вісіць на тонкай нітцы, павінен будзіць страх у грамадзтва. Тут пагроза мацней за выкананьне. Чалавек ведае, што можа быць прыцягнуты да адказнасьці за распальваньне сацыяльнай варажнечы, якая, як і любы закон у Беларусі, трактуецца праваахоўнымі органамі вельмі шырока. Напрыклад, пакрытыкуеш ўладу, вось табе і артыкул за распальваньне сацыяльнай варажнечы. Зразумела, ўсіх не перасадзяць, але абыватэль ведае, што ён пад каўпаком. І будзе пісаць у сацыяльных сетках з аглядкай, як бы чаго не выйшла.

Па-другое, некаторых будуць прыцягваць. Вось цяпер пасадзілі за краты двух грамадзянаў, якія ваявалі ва Ўкраіне ў складзе ўкраінскага войска. І гэтыя факты суправаджаюцца актыўнай прапагандысцкай кампаніяй ў дзяржаўных мэдыях. То бок, закон будзе дзейнічаць выбарачна, паводле палітычнай мэтазгоднасьці.

А ва ўмовах сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве вельмі важна для ўладаў прыняць такія прэвэнтыўныя захады. Усе папракаюць, што падчас крызысу ўлада нічога ня робіць. Дык вось жа яна робіць, найперш ствараюць дадатковыя юрыдычныя падставы для нэўтралізацыі магчымых пратэстаў.

Хоць пасьля Майдану пайшоў трэці год, улады Беларусі не забыліся пра тыя падзеі

Каліноўскі: Відавочна, што неабходнасьць карэкціроўкі найперш крымінальнага кодэксу, а таксама кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і закону «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» выкліканы падзеямі ва Ўкраіне. І не толькі ўдзелам беларусаў у вайсковых фармаваньнях на абодвух баках канфлікту, але і падзеямі на Майдане падчас «Рэвалюцыі годнасьці». Таму што, як вядома, на Майдане шырока выкарыстоўваліся «кактэйлі Молатава». Сёньня ў Беларусі за выкарыстаньне такога прыстасаваньня можна атрымаць да 5 гадоў, а за выраб — да трох.

Таксама цікавыя папраўкі ў крымінальны кодэкс, якія тычацца стварэньня і фінансаваньня «экстрэмісцкага фармаваньня» ( тут напрошваецца прамая аналёгія з Майданам), а таксама папраўка, якая прадугледжвае пакараньне за распальваньне «расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо ІНШАЙ сацыяльнай варажнечы». Вядома, што Майдан паўстаў якраз з-за сацыяльнага выбуху народу, які ня мог больш трываць зьдзекі і ціск януковічаўскай намэнклятуры.

Хоць пасьля Майдану пайшоў трэці год, улады Беларусі не забыліся пра тыя падзеі і імкнуцца праз пагрозу крымінальнага перасьледу папярэдзіць магчымы сцэнар народнага бунту. Хоць на сёньня такі бунт нават і не праглядаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG