Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўсё ад безвыходнасьці», — Аўтуховіч тлумачыць, чаму былыя беларускія зэкі едуць ваяваць за «ДНР»


Беларус Аляксандар Агрэніч (пазыўны «Гарыныч»), які ваюе на Данбасе супраць Украіны

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавёў Свабодзе пра сваё знаёмства з жыхаром Ваўкавыску Аляксандрам Агрэнічам, які паехаў на Данбас ваяваць за сэпаратыстаў.

На мінулым тыдні Свабода пісала пра беларуса з Ваўкавыску Аляксандра Агрэніча — былога крымінальніка-рэцыдывіста, які цяпер ва ўзброеных фармаваньнях «ДНР» узначальвае атрад у 400 чалавек. У інтэрвію Свабодзе баявік прызнаўся, што падчас вайны ён забіў больш за сотню ўкраінцаў.

Адзін з сваіх крымінальных тэрмінаў будучы палявы камандзір «ДНР» адбываў у папраўчай калёніі № 5 у Івацэвічах, дзе ў 2010–2012 гадах сядзеў палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

У інтэрвію Свабодзе Мікалай Аўтуховіч распавёў пра сваё знаёмства з Аляксандрам Агрэнічам (пазыўны «Гарыныч») і дадаў, што гэта не адзіны жыхар Ваўкавыску, які цяпер ваюе на баку сэпаратыстаў.

— Як вы можаце ахарактарызаваць Аляксандра Агрэніча? Што гэта за чалавек?

Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч

— Як чалавек ён ня кепскі. Так, ён махляр. Ёсьць у яго такія здольнасьці. Ну, як сам і кажа: у аднаго ўзяў, сказаў «аддам» — і не аддаў. Ці бярэцца, напрыклад, дапамагчы атрымаць правы кіроўцы, а сам увогуле ня ведае, як гэтае пытаньне вырашаецца, але грошы бярэ і зьнікае. Ці мог прадаць адзін кампутар дзесяці чалавекам.

Я, насамрэч, шмат баек чуў пра тое, што ён рабіў — дык гэта ералаш нейкі, пра гэта можна кіно здымаць. Вось уявіце, як можна набраць групу людзей на вайну ў Самалі, сабраць зь іх па 300 эўра, забраць пашпарты? І гэтыя людзі шчыра думалі, што яны паедуць ваяваць у Самалі. А калі прыйшоў дзень зьяжджаць і гэтыя людзі сабраліся на вакзале, то ён проста прыслаў чалавека, які аддаў пашпарты і сказаў ім, што яны дурныя. То бок знаходзіў такіх дурняў, такая была ў яго дзейнасьць. Але ён ня быў нейкім жорсткім уркам (бандытам. — РС) — проста дробны паскуднік.

— Але ж «Советская Белоруссия» давала інфармацыю, што адзін з тэрмінаў быў за забойства....

— Я ня ведаю, пра якое забойства ідзе гаворка. Атрымліваецца, ён агулам адседзеў 8 гадоў. Апошні тэрмін, калі мы разам знаходзіліся ў калёніі, быў тры гады, і тады ён сядзеў не за забойства. Застаецца 5 гадоў, але пяць гадоў за забойства не даюць, тым больш калі гэта ня першая судзімасьць. Магчыма, там было сапраўды забойства па неасьцярожнасьці або ў стане афэкту. (Паводле дадзеных «СБ», менавіта ў стане афэкту. — РС).

— Калі вы даведаліся, што ён паехаў ваяваць на Данбас?

Я пісаў ім, што вы, хлопцы, проста захопнікі. А ён піша, што «нас тут паважаюць, мы тут вызваліцелі».

— Я даведаўся, што ён на Данбасе, праз «Аднаклясьнікі». У «Аднаклясьнікі» я заходжу вельмі-вельмі рэдка, але калі зайшоў, убачыў там Агрэніча ў форме, і ён грукаецца да мяне ў сябры. Па фотках я пазнаў яшчэ некалькі чалавек. Тады зь імі ў нас была размова. Я пісаў ім, што вы, хлопцы, проста захопнікі. А ён піша, што «нас тут паважаюць, мы тут вызваліцелі». Я кажу — маўляў, можа, цяпер так і здаецца. Але ты ж ведаеш, што ты прыйшоў на чужую зямлю і заўсёды будзеш захопнікам. Карацей, яны не пагаджаліся, хацелі неяк апраўдацца. А потым быў час, калі яны напісалі, хацелі параіцца — маўляў, што нам рабіць, нам тут грошы ня плацяць, нас «зьліваюць». А потым, калі я даведаўся, што ён такі «герой інтэрнэту», я кажу: ну чым я табе дапамагу? Калі ты, дурань, яшчэ кажаш, што столькі чалавек забіў, то ты проста падпісаў сабе прысуд. Ці магчыма наагул казаць пра гэта ў інтэрвію, што ты забіў больш за сто чалавек? Ну, дурань проста.

— На вашу думку, навошта Агрэніч паехаў ваяваць на баку сэпаратыстаў?

— Калі ён выйшаў з турмы, яму не было куды падацца. Са сваякамі ў яго кепскі кантакт, не было дзе жыць. І яны сабраліся зь сябрам і паехалі працаваць будаўнікамі ў Расею.

Калі б я быў побач, то, хутчэй за ўсё, ён бы паехаў ваяваць за Ўкраіну. Проста не было каму падказаць, як і што.

Гэта ўсё менавіта ад безвыходнасьці. Гэта не таму, што ён моцна хацеў паваяваць ці ён такі заўзяты прыхільнік Расеі і Пуціна. Не. Калі б я быў побач, то, хутчэй за ўсё, ён бы паехаў ваяваць за Ўкраіну. Проста не было каму падказаць, як і што. Гэта ён цяпер кажа, што лічыць гэтую тэрыторыю расейскай — гэта ўсё проста апраўданьне. А атрымалася ўсё насамрэч спантанна, ад безвыходнасьці.

Каб яго накіраваць у патрэбнае рэчышча, то ён бы мог нешта добрае зрабіць. Бачыце, ён цяпер кіруе атрадам у 400 чалавек — гэта ж таксама ня проста так, гэта значыць, што чалавек мае пэўныя здольнасьці. Але накіраваць у патрэбнае рэчышча не было каму, таму так і атрымалася. Але сам па сабе ён чалавек ня кепскі.

— Вы кажаце, што ў «Аднаклясьніках» пазналі яшчэ некалькі беларусаў, якія ваююць на Данбасе. Вы таксама пазнаёміліся ў калёніі?

— Адзін хлопец — ён проста з Ваўкавыску, я яго пазнаў, знаёмы твар быў. А яшчэ аднаго з хлопцаў я таксама ведаў па калёніі ў Івацэвічах — гэта сябра Агрэніча. Там у калёніі ўсе, хто быў з Ваўкавыску, сябравалі — калі я прыйшоў, мы нават гурток ваўкавыскіх зрабілі. А гэты хлопец (ня буду называць ягонага прозьвішча) — ён цудоўна малюе, нават нейкія прызы на конкурсах атрымліваў. То бок гэта чалавек, у якога магла быць будучыня — ня ведаю, чаму ён на Данбас паехаў. Але ведаю, што сядзеў ён за наркаманію. Магчыма, у гэтым уся справа. Магчыма, яму было цяжка завязаць — як той казаў, былых наркаманаў не бывае.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG