Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму разгаварыліся «чыноўніцы-тэрмінатары»?


 Натальля Качанава і Лілія Ананіч
Натальля Качанава і Лілія Ананіч

Чаму чыноўнікі ўсё часьцей дапускаюць выказваньні пра заробкі і даходы, якія абураюць большасьць грамадзянаў?Ці азначае гэта, што насельніцтва рыхтуюць да цяжкіх часоў? Ці кажа гэта, што асуджэньне людзей уладу ўжо не цікавіць і не палохае?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі і намесьнік рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Апошнім часам некаторыя беларускія чыноўнікі ўсё часьцей дапускаюць выказваньні, якія выклікаюць абурэньне ў многіх грамадзянаў. Напрыклад, віцэ-прэм’ер Натальля Качанава недаўна выказалася: «Вось прыходзіць малады трэнэр на заробак 1,3 мільёны. Ну што зробіш, такі заробак..» Здаецца такога раней не было, калі чыноўнікі ўсё часьцей выказваюцца даволі рэзка, і на думку многіх, абуральна — пра даходы і працу грамадзян..

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Гэта сьведчыць пра тое, што рэфэрэнтная група — людзі, чыё меркаваньне важна для гэтых чыноўнікаў — знаходзіцца не сярод шырокіх масаў беларускага насельніцтва, а ў Саўміне і Адміністрацыі прэзыдэнта. Раней быў вельмі важны чыньнік — прапаганда таго, што наша дзяржава клапоціцца пра ўсіх. А зараз гэтыя чыноўнікі ўвесь час прысутнічаюць на паседжаньнях, дзе абмяркоўваецца, як дзе і што ашчадзіць — і бачаць, што гэта на сёньня галоўны накірунак. У выніку чыноўнікі нарэшце пачалі казаць тое, што яны сапраўды думаюць.

Цыганкоў: Думаеце, такія выказваньні — гэта ініцыятыва і думка кожнага канкрэтнага чыноўніка, альбо зьверху даецца ўказаньне «давайце казаць народу непрыемныя рэчы»?

Быкоўскі: Я ня думаю, што ёсьць устаноўка «казаць непрыемныя рэчы». Хутчэй яны ў сваім асяродку ўвесь час разважаюць, як падзяліць кавалак пірага, які застаўся. Гэта заўсёды было ўласьціва фінансаваму блёку кіраўніцтва. Аднак раней гэты стрымлівалася тым, што былі палітычныя кампаніі, якія заміналі пра гэта казаць. А зараз такой заслоны няма, і даводзіцца працаваць з тым, што ёсьць.

Выбары 2015 году прайшло на фоне падзеньня даходаў насельніцтва, і Аляксандар Лукашэнка ўжо не абяцаў «мядовых гадоў». Зараз ён ужо напрост кажа, што «мядовых гадоў» няма і бліжэйшым часам не чакаецца.

Цыганкоў: Можа, беларускія чыноўнікі кажуць такія жорсткія рэчы, як сапраўдныя рэфарматары — не баяцца казаць праўду народу? Ці такое параўнаньне можа выклікаць толькі іронію?

Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

Панкавец: Каб заслужыць параўнаньне з рэфарматарамі — трэба нешта рэфармаваць, у нас пакуль ніякіх рэформаў не відаць. Думаю, тут працуе старая добрая схема «добры паліцэйскі-кепскі паліцэйскі». Крызіс у краіне будзе нарастаць, беларусы лепш жыць не стануць. Таму такія выказваньні чыноўнікаў на мяжы хамства — магчыма, гэта спробы кіраўніцтва краіны абвінаваціць ва ўсім пэўную праслойку чынавенства. Маўляў, менавіта гэтыя людзі вінаватыя ва ўсім, што робіцца. А потым прэзыдэнт разруліць усе іхнія правалы і недахопы...

Цыганкоў: Эканаміст Яраслаў Раманчук нават ужыў такую фармулёўку «жанчыны-тэрмінатары Лукашэнкі». Заўважна, што найперш абуральныя заявы рабілі якраз жанчыны-чыноўніцы — Ермакова, Качанава, Шчоткіна, Ананіч. Ці можна ў гэтым адзначыць нейкую тэндэнцыю?

Панкавец: Так, я таксама заўважыў гэта. Сярод лукашэнкаўскіх чыноўнікаў адыёзных пэрсанажаў жаночага полу становіцца ўсё болей. І ўсё яны нібыта як на падбор — і Шчоткіна, і Качанава, і не ўзгаданая тут намесьніца міністра гандлю Ірына Наркевіч, рукамі якой адбываюцца закрыцьці шматлікіх установах.

Так, гэта вельмі цікавая тэндэнцыя, што менавіта руками жанчынаў-чыноўніц робяцца самыя брудныя справы. Я ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Магчыма, няма мужчынаў, якія здольныя агучваць такія заявы. Ці вырасла такое пакаленьне жанчынаў-чыноўніцаў, якія не баяцца народнага гневу. На розных сайтах першая рэакцыя на такія словы — «хай гэтыя людзі прададуць свае катэджы ў Драздах і жывуць, як усе людзі».

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі ўлада адчувае сябе дастаткова разьняволена. Але наперадзе парлямэнцкія выбары ў гэтым годзе. Ці можна сказаць, што гэтыя выбары не зьяўляюцца стрымліваючым чыньнікам для чыноўнікам, калі яны дапускаюць такія заявы?

Быкоўскі: Мне падаецца, што пакуль для чыноўнікаў ёсьць «акно магчымасьцяў» нешта рабіць. Потым пачнецца выбарчая кампанія, і дзяржаўны бюджэт зноў будзе трашчаць. Мне здаецца, ёсьць падзел на чыноўнікаў, яія адказваюць за палітычныя кампаніі, і на тых, хто адказвае за фінансавы блёк.

Чаму такія заявы робяць пераважна жанчыны? Гэта сапраўды, прыкметная рэч. Я б зазначыў, што існуе розная ськіраванасьць у чыноўнікаў — адны зь іх маюць палітычнае значэньне, а іншыя проста робяць «кар’еру пры двары». Мне падаецца, што ў кожным ведамстве ёсьць такі падзел, і на жаль, пры вельмі кансэрватыўным ладзе нашага грамадзтва, жанчыны ня вельмі прэтэндуюць на палітычную ролю.

Цыганкоў: Хіба ў нас усе чыноўнікі не прэтэндуюць на палітычныя ролі, а граюць чыста выканаўчыя функцыі?

Быкоўскі: Ёсьць тыя, у каго прысутнічае разуменьне, што яны мусяць быць і папулярнымі. І ёсьць тыя, хто на гэта не зважае. І лічыць важным толькі паказчыкі эфэктыўнасьці сваёй працы, і што іх будзе ацэньваць толькі кіраўнік дзяржавы. Можна прыгадаць Натальлю Пяткевіч, якая не баялася рабіць непапулярныя рэчы, і ішла насуперак насельніцтва і нават значнай колькасьці чынавенства.

Панкавец: Непрыемныя рашэньні насьпелі, яны патрабуюцца часам, людзі іх чакаюць. Але калі гэта будуць проста такія словы, як у Качанавай — то гэта адно. Калі дзяржава прапануе нейкі плян рэформаў — гэта зусім іншае.

Думаю, такія жорсткія заявы будуць працягвацца. Парлямэнцкія выбары — гэта хутчэй місія «сілавікоў», яны за гэта адказваюць. Наўрад ці прадстаўнікі сацыяльнай сфэры будуць мікшыраваць свае заявы.

Але шмат чаго залежыць ад самога Лукашэнкі. Калі ён правядзе нейкі Ўсебеларускі Сход, які ніяк не адбудзецца, і скажа, што крызіса няма — дык тады і Качанава ня будзе казаць. што ў нас ёсьць крызіс.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG