Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міністар абароны СССР Язаў абвінавачаны ў ваенных злачынствах


Дзьмітры Язаў, 1988
Дзьмітры Язаў, 1988

Літоўская Генпракуратура на судзе па «справе 13 студзеня» завочна абвінаваціла 92-гадовага былога міністра абароны СССР Дзьмітрыя Язава ў стварэньні «арганізаванай групы са 160 ваенных і палітычных дзеячаў з мэтай вяртаньня Літвы ў склад СССР».

Як перадае агенцтва «Інтэрфакс», пракуроры ў пятніцу пачалі зачытваць абвінаваўчы акт у справе аб трагічных падзеях 13 студзеня 1991 году, якая разглядаецца ў Віленскім акруговым судзе.

Маршалу Дзьмітрыю Язаву, які пражывае ў Расеі, прад’яўленыя абвінавачваньні ў ваенных злачынствах і ў злачынствах супраць чалавечнасьці.

Язаў на пасяджэньні суду не прысутнічае, яго прадстаўляе прызначаны Літвой адвакат.

Паводле абвінаваўчага акту, Язаў «стварыў арганізаваную групу разам з савецкімі дзеячамі (цяпер нябожчыкамі) — былым кіраўніком МУС СССР Барысам Пугам, старшынём КДБ СССР Уладзімірам Кручковым, сакратаром ЦК КПСС і членам Палітбюро КПСС Алегам Шэніным».

Паводле Генпракуратуры Літвы, Язаў дзейнічаў, ведаючы, што ў пэрыяд паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі Літва была незалежнай, а 11 сакавіка 1990 г. абвясьціла аб аднаўленьні незалежнай дзяржавы.

У абвінаваўчым акце гаворыцца, што, прыцягваючы кампартыю і ствараючы розныя арганізацыі, Язаў са сваімі паплечнікамі даручыў іншым службовым асобам «падрыхтаваць плян зьмены ўлады ў Літве, скласьці сьпіс стратэгічна важных аб’ектаў, якія падлягаюць захопу, уключыўшы ў яго дзяржаўныя органы ўлады і кіраваньня, аб’екты масавай інфармацыі, камунікацыі».

Згодна з дакумэнтам, «11 студзеня 1991 г. пры рэалізацыі пляну пры дапамозе ваенных дзеяньняў былі пачатыя агрэсія з боку Савецкага Саюзу і ўзброены канфлікт у Літве». У дакумэнце гаворыцца, што «каля двухсот вайскоўцаў на ваеннай тэхніцы прыбылі да Дома друку і пачалі забароненую міжнародным гуманітарным правам ваенную атаку супраць цывільных асобаў, якія працавалі ў будынку і абаранялі яго, падчас якой бесчалавечна паводзілі сябе з асобамі, што знаходзяцца пад абаронай міжнароднага гуманітарнага права; перасьледавалі цывільных асоб па палітычных і нацыянальных матывах, што забараняе міжнароднае права, нанесьлі цяжкую шкоду іх здароўю, у выніку чаго гэтыя людзі сталі хворымі, выкарыстоўвалі сродкі запалохваньня і тэрору, а таксама забароненыя міжнароднымі дамовамі ваенныя сродкі», — гаворыцца ў абвінаваўчым акце.

Паводле вэрсіі літоўскіх уладаў, пры спробе штурму савецкімі вайскоўцамі 13 студзеня 1991 году тэлевежы і будынку Камітэту радыё і тэлебачаньня ў Вільні загінулі 14 чалавек, 31 былі цяжка параненыя, больш як тысяча атрымалі раненьні іншых ступеняў цяжкасьці.

У судовым працэсе вочна ўдзельнічаюць два грамадзяніна Расеі — былыя савецкія афіцэры — Генадзь Іваноў, які жыве ў Вільні і ў 1991 годзе быў начальнікам службы ракетна-артылерыйскага ўзбраеньня 107-й мотастралковай дывізіі, і арыштаваны ў Літве грамадзянін РФ Юры Мель, які, паводле дадзеных пракурораў, знаходзіўся ў адным з савецкіх танкаў падчас штурму Віленскай тэлевежы. Астатнія абвінавачаныя, іх больш за 60 чалавек, знаходзяцца за мяжой, у асноўным у Расеі.

Сярод абвінавачаных — генэрал-лейтэнант Уладзімер Усхопчык, які цяпер жыве ў Беларусі. У 1991 годзе менавіта Ўсхопчык быў камандзірам Віленскага гарнізону. У 2011 годзе па просьбе Генпракуратуры Літвы Ўсхопчыка дапыталі ў пракуратуры Беларусі.

Некалькі гадоў таму ў інтэрвію газэце «Народная воля» Ўсхопчык заявіў, што «я не злачынца — злачынца той, хто разваліў Савецкі Саюз».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG