Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне Свабоды: Загадкавае атручэньне актывіста «Адкрытай Расеі»


Уладзімір Кара-Мурза-малодшы і Барыс Нямцоў у Вашынгтоне 30 студзеня 2014 году выступаюць з дакладам пра карупцыю пры падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Сочы
Уладзімір Кара-Мурза-малодшы і Барыс Нямцоў у Вашынгтоне 30 студзеня 2014 году выступаюць з дакладам пра карупцыю пры падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Сочы

На гэтым тыдні расейскі журналіст і апазыцыйны дзеяч Уладзімір Кара-Мурза-малодшы, як чакаецца, прыйдзе ў Сьледчы аддзел маскоўскага раёну Хамоўнікі: там яго павінны дапытаць па яго заяве аб спробе забойства.

26 траўня 2015 Уладзімір Кара-Мурза-малодшы быў шпіталізаваны ў вельмі цяжкім стане з дыягназам «вострая недастатковасьць нырак». Пасьля пасьпяховага лячэньня ў Маскве, у пачатку ліпеня журналіст зьехаў на рэабілітацыю і абсьледаваньне за мяжу.

Карэспандэнт Радыё Свабода Карл Шрэк пагаварыў зь сябрамі і паплечнікамі расейскага апазыцыянэра ды лекарамі і экспэртамі, каб зразумець, ці сапраўды яго нядаўняя хвароба магла быць наступствам наўмыснага атручэньня.

Каля поўдня 26 траўня 2015 расейскі палітычны актывіст, каардынатар узначаленага Міхаілам Хадаркоўскім руху «Адкрытая Расея» Ўладзімір Кара-Мурза-малодшы выйшаў з сваёй кватэры ў цэнтры Масквы. Меўся быць звычайны працоўны дзень: сустрэчы з калегамі, перамовы, абмеркаваньне бягучых спраў. Ён сеў у трамвай і паехаў у разьмешчаны непадалёк рэстаран, дзе ў яго была прызначаная сустрэча з Мікалаем Сарокіным, кіраўніком Кастрамскога аддзяленьня партыі «РПР-Парнас». Адзін з заснавальнікаў і лідэраў гэтай партыі, Барыс Нямцоў, быў забіты ў цэнтры Масквы трыма месяцамі раней. Кара-Мурза ўзяў бізнэс-ланч і шклянку морсу. Паводле Сарокіна, Кара-Мурза быў «бадзёры і вясёлы, быў вельмі пазітыўны».

Кара-Мурза і яго візаві рассталіся каля гадзіны дня ў мэтро «Парк Культуры» — там у Кара-Мурзы была прызначаная сустрэча з паліттэхнолягам Міхаілам Ястурбіцким. Удваіх яны адправіліся да разьмешчанага непадалёк будынку агенцтва «Новасти» і тэлеканалу Russia Today. Там у іх была прызначаная яшчэ адна сустрэча. Яна працягвалася каля дзьвюх гадзін, нічога асаблівага не адбывалася, Кара-Мурза заставаўся энэргічным і бадзёрым, ніхто з траіх нічога ня еў і ня піў. У нейкі момант нечакана Кара-Мурза пачаў моцна пацець, сэрцабіцьце пачасьцілася, адзін за адным падышлі прыступы млоснасьці.

«За нейкія дзесяць-пятнаццаць хвілін з цалкам здаровага чалавека я ператварыўся ў чалавека, якому вельмі дрэнна» — заявіў ён у нядаўнім інтэрвію Радыё Свабода. Кара-Мурза абапёрся на стол, за якім яны сядзелі, паклаў галаву на рукі і пачаў губляць прытомнасьць.

Ён быў увесь нейкі абмяклы і гаварыў вельмі павольна. Рухаць рукамі і нагамі ён фактычна ўжо ня мог.

Успамінае Ястурбіцкі: «Я вывеў яго ў калідор, каб пакласьці на канапу, якая там стаяла. Але да канапы мы так і не дайшлі: ён пачаў ванітаваць». Ястурбіцкі падставіў плячо свайму сябру і павёў яго ў туалет, каб той прывёў сябе ў парадак, аднак ваніты не спынялася. Кара-Мурза папрасіў Ястурбіцкага выклікаць хуткую — яна прыехала толькі праз паўгадзіны. «Ён быў увесь нейкі абмяклы і гаварыў вельмі павольна. Рухаць рукамі і нагамі ён фактычна ўжо ня мог. Вочы раз-пораз заплюшчваліся, і нам даводзілася пастаянна зь ім размаўляць, каб ён ня страціў прытомнасьці» — распавядае Ястурбіцкі.

Хуткая даставіла Кара-Мурза ў гарадзкую бальніцу № 23, дзе яму паставілі дыягназ «сардэчная недастатковасьць». Позна ўвечары пацыента перавялі ў адну зь лепшых сардэчных клінік Масквы, дзе лекары сталі рыхтаваць яго да апэрацыі. Пра гэта сьведчаць дакумэнты, зь якімі азнаёміўся карэспандэнт Радыё Свабода, і расповеды людзей, якія знаходзіліся ў той момант побач зь ім. Аднак раніцай хірург сустрэў сваякоў паведамленьнем, што апэрацыю адмянілі.

У сямейнікаў, сяброў і калегаў Кара-Мурзы дыягназ адразу выклікаў падазрэньні: ці не спэцыяльна яго атруцілі?

Калі высьветлілася, што ў апэрацыі на сэрцы няма ніякай неабходнасьці, Кара-Мурзу перавялі з кардыялягічнай клінікі ў рэанімацыю Пірагоўскай бальніцы, адной з найлепшых у Маскве. Там яго стан значна пагоршыўся. На працягу наступных 72 гадзін у яго выявіўся ацёк мозгу, і адзін за адным сталі адмаўляць асноўныя органы — лёгкія, сэрца, ныркі, печань, кішэчнік. Паводле Ястурбіцкага, лекары казалі, што бачаць усе прыкметы атручэньня, аднак не могуць зразумець яго прыроды: «Мы ня ведаем крыніцы гэтага атручэньня».

Уладзімір Кара-Мурза-малодшы 8 студзеня 2016 году.
Уладзімір Кара-Мурза-малодшы 8 студзеня 2016 году.

Жонка Кара-Мурзы Яўгенія распавядае, што калі яна прыляцела з ЗША ў Маскву, лекары паведамілі ёй папярэдні дыягназ: атручэньне цыталапрамам — папулярным антыдэпрэсантам, які Кара-Мурза прымаў на працягу некалькіх гадоў. Менавіта гэты дыягназ, мамэнтальна падхоплены тэлеканалам LifeNews, задаў тон усяму далейшаму асьвятленьню падзей у расейскай прэсе: Кара-Мурза, маўляў, сам сябе атруціў антыдэпрэсантамі — хутчэй за ўсё, выпадкова.

Ізраільскі лекар Экран Сегален, якога Хадаркоўскі запрасіў назіраць за станам Кара-Мурзы адразу пасьля яго шпіталізацыі, сумняваецца ў тым, што цыталапрам мае хоць нейкае дачыненьне да стану хворага. «Карціна вельмі незвычайная для перадазіроўкі, якой бы яна ні была — наўмыснай або выпадковай, — сказаў Сегален у інтэрвію Бі-бі-сі ў чэрвені мінулага году. — Гэта магла быць вострая інфэкцыя ці нейкі іншы таксін, якога мы не ведаем. Але ніякіх дадзеных пра прычыну ў нас няма».

Аналізы пробаў крыві, мачы, пазногцяў і валасоў Кара-Мурзы, праведзеныя ў лябараторыі за мяжою, не далі адназначнай высновы, чым мог быць атручаны расейскі журналіст.

«У мяне няма ніякіх сумненьняў у тым, што гэта было наўмыснае атручэньне з мэтай забойства і што яно зьвязанае з маёй грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Я быў здаровым 33-гадовым маладым чалавекам. Раптам за 24 гадзіны ў мяне адзін за адным адмаўляюць усе ўнутраныя органы, такое беспадстаўна ня здараецца» — сказаў Кара-Мурза-малодшы Радыё Свабода.

Кара-Мурза кажа, што да сваёй хваробы ён не атрымліваў ніякіх пагрозаў, аднак на ягонае жыцьцё маглі замахвацца ў сувязі з яго працай у «Адкрытай Расеі», каб «паслаць сыгнал» Хадаркоўскаму.

Цалкам чытаць расьсьледаваньне карэспандэнта Свабоды Карла Шрэка тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG