Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пэдагог раіць, як прымусіць ЗША «хутка капітуляваць»


Карыкатура "Настоящего времени".
Карыкатура "Настоящего времени".

Расейскае выданьне надрукавала рэкамэндацыі адносна «стратэгіяў паводзінаў Масквы на эўра-атлянтычных накірунках».

У «Военном обозрении» (дадатак да да расейскай «Независимой газеты») Васіль Мікрукоў прадстаўлены як «доктар пэдагагічных навук», «кандыдат тэхнічных навук», «правадзейны член Акадэміі ваенных навук». Ён датэлёва аналізуе стан (у тым ліку і тэхнічны) войскаў краінаў-сябраў НАТА і дае рэкамэндацыі на выпадак ваенных дзеяньняў.

Найбольшы кавалак тэксту прысьвечаны амэрыканскаму войску.

«Узброеныя сілы ЗША займаюць 1-е месца ў рэйтынгу самых моцных армій сьвету і 2-е месца па колькасьці дзеючай арміі (1 млн 369 тыс. 532 чалавека), — піша аўтар. — Ваенны бюджэт ЗША — найбуйнейшы ў сьвеце. Па дадзеных Стакгольмскага інстытута дасьледаваньняў сьвету, у 2014 годзе годзе на долю Злучаных Штатаў прыпадала прыкладна 34% сукупных ваенных выдаткаў краін сьвету. У цяперашні час амэрыканскае войска мае вялікую тэхналягічную перавагу, у яго добра адладжаная сыстэма кіраваньня, якая базуецца шмат у якіх элемэнтах на касьмічныя сродкі».

Але — ня ўсё, паводле аўтара, добра ў войску ЗША: «Як вядома, ваенная магутнасьць узброеных сілаў складаецца з двух складнікаў — матэрыяльнай і духоўнай. І калі з боку ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі ў арміі ЗША усё ў парадку, то духоўны складнік іх войскаў знаходзіцца на самым нізкім узроўні. ЗША ніколі ня ўмелі ваяваць на мяжы чалавечых сілаў і магчымасьцяў».

Пад гэтую выснову аўтар падводзіць гістарычны падмурак:

«Справа ў тым, што, за выключэньнем грамадзянскай вайны (1861-1865) паміж паўночнымі і паўднёвымі штатамі, на тэрыторыі ЗША не вяліся ваенныя дзеяньні. Гэта абумовіла адсутнасьць у амэрыканскага народа здольнасьці трываць працяглую нястачу, выкліканую ваеннымі дзеяньнямі, мірыцца з абмежаваньнямі ў правах і свабодах, непазьбежнымі ахвярамі ў час вайны і да т. п. Гэта адбілася і на амэрыканскім войску, якое прызвычаілася карыстацца вялікімі выгодамі ва ўмовах казармавага жыцьця і вельмі хваравіта пераносіць нягоды вайны. Гэтым абумоўліваецца і імкненьне амэрыканскіх войскаў весьці вайну на адлегласьці, малой крывёй і пажадана чужымі рукамі».

Адметна, што, закранаючы грамадзянскую вайну ХIХ стагодзьдзя, Васіль Мікрукоў не сказаў пра такую падзею стагодзьдзя ХХ, як Другая Сусьветная вайна — хаця сучасная дзяржаўная ідэалёгія Расеі шмат у чым пабудаваная на ўзгадаваньні гэтай вайны. Прыкметна, што называюць яе ў Расеі інакш, чым на Захадзе, акцэнтуючы сэнсавы націск на вызначэньні «Айчынная» і адкідаючы «Сусьветная» — тым самым выводзячы на другі плян ў справе перамогі над Гітлерам ролю саюзьнікаў (у тым ліку і ЗША). Між тым, у сучаснай заходняй гісторыяграфіі прызнана, што менавіта ўступленьне Злучаных Штатаў у вайну (спачатку ў форме матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі саюзьнікам, вайсковых апэрацый на моры, а затым і сухапутнай апэрацыяй на эўрапэйскім тэатры ваенных дзеяньняў) кардынальна паўплывала на вынік вайны. Пры гэтым умовы, у якіх знаходзіліся амэрыканскія вайскоўцы, былі далёкія ад курортных.

У завяршэньні свайго агляду пэрспэктыў вайсковага супрацьстаяньня з ЗША Васіль Мікрукоў дае наступную параду:

«Варта адзначыць, што баяздольнасьць войска ЗША шмат у чым залежыць ад народнай падтрымкі. Прычынай паразы арміі ЗША ў Карэі (1953-1956), у Віетнаме (1965-1975), у Самалі (2005) і інш. было тое, што гэтыя вайны не падтрымліваліся грамадзкай думкай амэрыканскіх грамадзян. У той жа час, калі амэрыканскім ідэолягам атрымоўвалася давесьці насельніцтву краіны неабходнасьць ваенных дзеяньняў, ЗША атрымлівалі буйныя перамогі (вайна ў Пэрсыдзкай затоцы 1991, вайна ў Іраку і Аўганістане ў 2003 годзе і інш.).

У сувязі з гэтым неабходна ва ўсіх даступных сродках масавай інфармацыі (перш за ўсё ў Інтэрнэце), а таксама з выкарыстаньнем агентаў уплыву фармаваць нэгатыўнае стаўленьне да гегеманістычных памкненьняў ЗША, пастаянна выкрываць сквапнасьць ваенна-палітычнага кіраўніцтва Злучаных Штатаў, іх памкненьне да захаваньня сусьветнага панаваньня, навязваньню дыктату іншым краінам, выкрываць агрэсіўны характар амэрыканскай ваеннай машыны, раскрываць яе заганы і слабасьці. І пастаянна трымаць ЗША і краіны блёка НАТА ў страху магчымага адплаты з боку Расеі ў выпадку разьвязаньня супраць яе буйнамаштабнай вайны».

І — выснова:

«Стратэгія ў вайне з ЗША палягае ў навязваньні амэрыканскаму войску буйнамаштабных кантактных бітваў з уцягваньнем у іх значнай колькасьці асабовага складу. Пры гэтым зацягваньне ваенных дзеяньняў у большай меры мае нэгатыўную ролю ў дачыненьні перш за ўсё узброеных сілаў ЗША, а перанос ваенных дзеяньняў на тэрыторыю гэтай краіны здольны прывесьці да яе хуткай капітуляцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG