Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — Нобэлеўская лекцыя Сьвятланы Алексіевіч. Пачатак а 19.30


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

З 6 па 12 cьнежня ў сталіцы Швэцыі Стакгольме праходзіць тыдзень нобэлеўскіх урачыстасьцяў.

У панядзелак, 7 сьнежня а 9.30 раніцы ў Швэдзкай каралеўскай акадэміі навук адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя ляўрэатаў ў галіне фізыкі, хіміі.

А 13-й гадзіне па швэдзкім часе ў Каралінскім мэдыцынскім інстытуце (Aula Medica Karolinska Institutet) адбудзецца Нобэлеўская лекцыя па мэдыцыне і фізіялёгіі. Нобэлеўскай прэміяй 2015 году ў гэтай галіне ўзнагародзяць Уільяма Кэмпбэла і Сатосі Амурэ «за распрацоўку новай тэрапіі супраць інфэкцый, выкліканых чарвякамі-паразытамі», а таксама Тую Юю за «распрацоўку новай антымалярыйнай тэрапіі».

А 16-й гадзіне адбудзецца брыфінг аб праекце «Нобэлеўскі цэнтар» у Нобэлеўскім музэі.

А 17.30 (па швэдзкім часе, а 19.30 — па беларускім) адбудзецца Нобэлеўская лекцыя па літаратуры ў Швэдзкай Акадэміі, якую будзе прамаўляць Сьвятлана Алексіевіч.

Як паведамляе афіцыйны сайт Нобэлеўскага камітэту, «лекцыя будзе праходзіць на расейскай мове і будзе трансьлявацца ў жывым эфіры на Nobelprize.org. Стэнаграма расейскага тэксту, а таксама пераклады на нямецкую, францускую, ангельскую і швэдзкую мовы будуць апублікаваныя на сайце 7 сьнежня. Відэа лекцыі таксама будзе даступнае тут празь некалькі дзён». Пазьней тэксты лекцыяў усіх сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскі фонд апублікуе ў адмысловым томе.

Тэкст Нобэлеўскай лекцыі Сьвятлана Алексіевіч адправіла ў Нобэлеўскі камітэт яшчэ 20 лістапада, каб над ім далей працавалі перакладчыкі.

2 сьнежня, яшчэ перад ад’ездам ў Стакгольм, Сьвятлана Алексіевіч на пытаньне Радыё Свабода, пра што яна будзе распавядаць грамадзкасьці, адказала:

— У нобэлеўскай лекцыі я распавяду пра тое, чым я займалася амаль 40 гадоў, што я пісала і ў імя чаго. Гэта гісторыя «чырвонага чалавека», бо, нягледзячы на тое, што мы распаліся на розныя краіны, паўсюль жыве вось гэты «чырвоны чалавек». І вось гэтыя савецкія людзі вучаць іншых, сучасных людзей. То бок час пакуль перамешаны.

Некалі Варлам Шаламаў, які 17 гадоў адседзеў у лягеры, сказаў: «Я быў сьведкам гіганцкай прайгранай бітвы за абнаўленьне чалавецтва». І скончылася ўсё крывёю. Вось пра гэта я буду казаць. І чаму.

— А пра сучасную Беларусь будзеце казаць?

— Так. Буду казаць, як дзеці выйшлі на плошчу (хоць там былі і старэйшыя людзі) і як яны спрабавалі супраціўляцца. Але, відаць, прамежкавы час — ён доўгі. Ня трэба думаць, што свабода можа прыйсьці проста так, як мы наіўна ўяўлялі сабе ў 1990-я гады. Напэўна, патрэбны працяглы час.

— Лекцыя будзе жорсткай, суровай, — пішуць у СМІ.

— Ну так, паколькі ў мяне тэма такая. Тое, што я буду распавядаць, канечне, досыць жорсткі матэрыял. Але так мы жылі. І жывём.

На лекцыю Сьвятланы Алексіевіч — уваход па квітках, колькасьць якіх абмежаваная.

Беларускія дзяржаўныя каналы не пакажуць жыўцом ні лекцыю Сьвятланы Алексіевіч, ні ўрачыстую цырымонію ўручэньня прэмій. Паглядзець нобэлеўскія ўрачыстасьці можна будзе на афіцыйным сайце Нобэлеўскага камітэту (http://www.nobelprize.org), на YouTubе, на беларускім канале Белсат, які вяшчае з Польшчы.

Белсат рыхтуе трянсляцыю лекцыі і 10 снежня а 18:30 – наўпроставую трансляцыю цырымоніі з перакладам на беларускую мову, а таксама адмысловы «Нобэлеўскі тыдзень са Святланай Алексіевіч».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG