Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На баль з каралём Алексіевіч зьявіцца ў бэзавым


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

6 сьнежня ў сталіцы Швэцыі Стакгольме пачынаюцца ўрачыстыя імпрэзы, зьвязаныя з уганараваньнем сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

У нядзелю ў Стакгольме адбудзецца вялікая прэсавая канфэрэнцыя з удзелам Нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры, беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч.

А 7 сьнежня кожны ляўрэат, у тым ліку і Сьвятлана Алексіевіч, выступіць з так званай «Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыяй». Сваю лекцыю Сьвятлана пачне ў 19:30. Тэксты лекцыяў Нобэлеўскі фонд штогод публікуе ў адмысловым томе.

Напярэдадні ад’езду ў Стакгольм Сьвятлана Алексіевіч прыадкрыла некалькі таямніц — пра што будзе яе Нобэлеўская лекцыя і ў якіх строях яна паўстане перад слухачамі і швэдзкім каралём.

— Сьвятлана, усе зь нецярпеньнем чакаюць, што ж скажа наша зямлячка ў сваёй нобэлеўскай прамове. Нядаўна Пётра Садоўскі апублікаваў у «Народнай Волі» свае развагі і меркаваньні наконт таго, пра што вы будзеце гаварыць у Стакгольме. СМІ пішуць, што лекцыя будзе жорсткай. Дык пра што вы насамрэч будзеце гаварыць?

— У нобэлеўскай лекцыі я распавяду пра тое, чым я займалася амаль 40 гадоў, што я пісала і ў імя чаго. Гэта гісторыя «чырвонага чалавека», бо, нягледзячы на тое, што мы распаліся на розныя краіны, паўсюль жыве вось гэты «чырвоны чалавек». І вось гэтыя савецкія людзі вучаць іншых, сучасных людзей. То бок час пакуль перамешаны.

Некалі Варлам Шаламаў, які 17 гадоў адседзеў у лягеры, сказаў: «Я быў сьведкам гіганцкай прайгранай бітвы за абнаўленьне чалавецтва». І скончылася ўсё крывёю. Вось пра гэта я буду казаць. І чаму.

— А пра сучасную Беларусь будзеце казаць?

— Так. Буду казаць, як дзеці выйшлі на плошчу (хоць там былі і старэйшыя людзі) і як яны спрабавалі супраціўляцца. Але, відаць, прамежкавы час — ён доўгі. Ня трэба думаць, што свабода можа прыйсьці проста так, як мы наіўна ўяўлялі сабе ў 1990-я гады. Напэўна, патрэбны працяглы час.

— Лекцыя будзе жорсткай, суровай, — пішуць у СМІ.

— Ну так, паколькі ў мяне тэма такая. Тое, што я буду распавядаць, канечне, досыць жорсткі матэрыял. Але так мы жылі. І жывём.

— Сьвятлана, ці гатовыя вы маральна да ўрачыстасьцяў у Стакгольме? З аднаго боку, там вас чакае даволі складаны і жорсткі пратакол, а з другога — гэта сьвецкае мерапрыемства, будзе кароль, будзе баль. Ці цяжка будзе вам, чалавеку, які вядзе даволі аскетычны лад жыцьця, вытрымаць усё гэта?

— Ну, нават ня ведаю. Там ёсьць такі адзін складаны момант, калі кароль бярэ кагосьці і танцуе. Танцы для мяне — самае складанае. Там будзе баль, але ня думаю, што такі, як раней у каралеўскіх палацах. Будзе кароль, забытыя сымбалі — гэта цікава. Але ў нас усё прасьцей.

— Ніхто не прызнаўся — ні мадэльер Варламаў, ні вашы сяброўкі, — у чым вы будзеце на гэтых імпрэзах...

— Шые мне не Варламаў, пэўна не Варламаў, а іншыя дзяўчаты. Гэта будзе бэзавы гарнітур — першы. Паводле дрэс-коду, убраньняў павінна быць ня менш як чатыры. Вы думаеце, лёгка? Каралеўскае жыцьцё патрабуе адпаведнасьці ўсяму гэтаму. Габэлен будзе — на вячэры з каралём. У Швэдзкай акадэміі будзе даволі складаны гарнітур, чорны зь яшчэ нечым. А чытаць Нобэлеўскую лекцыю я буду ў карычневай гаме, дакладней, у гарчычнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG