Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іўе: у абарону асуджанага «вертыкальшчыка» людзі зьбіралі подпісы да Лукашэнкі і грошы на адваката


Былы старшыня Івейскага райвыканкаму Міхаіл Ваўчэцкі
Былы старшыня Івейскага райвыканкаму Міхаіл Ваўчэцкі

Былы старшыня Івейскага райвыканкаму Міхаіл Ваўчэцкі асуджаны судом Лідзкага раёну да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Былога «вэртыкальшчыка» прызналі вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства паводле часткі 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу — у перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, што пацягнула шкоду ў буйным памеры. Аднак дагэтуль у Іўі ёсьць ягоныя прыхільнікі, якія зьбіралі подпісы да Лукашэнкі ў яго абарону.

Былы кіраўнік Івейскага райвыканкаму Міхаіл Ваўчэцкі быў затрыманы 23 чэрвеня 2014 году. Крымінальная справа аб злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі была ўзбуджана супраць яго Генэральнай пракуратурай РБ паводле матэрыялаў Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС РБ.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, чыноўнік будаваў два дамы для адпачынку за кошт мясцовых будаўнічых арганізацыяў. На працягу некалькіх гадоў аддаваў кіраўнікам мясцовых арганізацыяў загады выдзяляць бясплатна на будоўлю матэрыялы і транспарт, пасылаць туды будаўнікоў.

Паводле дадзеных Генэральнай пракуратуры, страты ад дзейнасьці чыноўніка склалі 125 мільёнаў рублёў. Міхаілу Ваўчэцкаму прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

У Іўі тэма асуджанага чыноўніка добра вядомая сярод мясцовага насельніцтва, праўда, гавораць пра яе даволі неахвотна. Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірына Давідовіч распавядае, што пра гэта адзін аднаму кажуць шэптам, але думкі людзей падзяліліся: адны зьбіралі подпісы да Лукашэнкі ў абарону чыноўніка і нават грошы на адваката, а іншыя ўзгадваюць ягоныя карупцыйныя справы. Праўда, заўважае Давідовіч, пасьля вынясеньня прысуду многія з тых, хто ставіў свой подпіс у абарону чыноўніка, зьмянілі сваё стаўленьне да яго.

Ірына Давідовіч
Ірына Давідовіч

— Цяпер, пасьля суду, атрымалася так, калі перачыталі ўсю гэтую інфармацыю — а справа, як высьветлілася, была шматтомная: тыя людзі, якія выказвалі яму падтрымку, сказалі, што каб ведалі, што ён такі гад, то не зьбіралі б гэтыя грошы. Мне здаецца, што многія перапалохаліся, што падтрымлівалі карупцыянэра.

Пэнсіянэр Антон Шыдлоўскі застаецца на баку асуджанага старшыні райвыканкаму. Ён сказаў Свабодзе, што пасылаў Лукашэнку ліст у абарону Ваўчэцкага, а таксама прадставіў суду тысячу подпісаў жыхароў Іўя, якія прасілі спыніць справу ў дачыненьні да былога старшыні райвыканкаму.

Паводле Шыдлоўскага, Ваўчэцкі за час свайго праўленьня зрабіў для ўпарадкаваньня гораду вельмі шмат. Сярод канкрэтных спраў Шыдлоўскі называе адкрыцьцё фірмовай крамы Ашмянскага мясакамбінату, якая, паводле яго, нашмат аблягчыла жыцьцё гараджан. Шыдлоўскі лічыць, што за прысудам Ваўчэцкаму стаіць нечы цень.

Думаеце, чаму людзі сталі на яго абарону? Таму што людзі пабачылі, якую карысьць ён рабіў.

— Суд і законы — як дышаль... Ну, няхай і зрабіў нейкія адступленьні, але ж можна пакараць па-іншаму, каб справа не пацярпела, якую ён рабіў. Бо, думаеце, чаму людзі сталі на яго абарону? Таму што людзі пабачылі, якую карысьць ён рабіў.

Яшчэ спадара Шыдлоўскага ўразіла тое, як сьледчыя сачылі за былым кіраўніком раёну. На судзе сярод доказаў віны, якія прад’яўляла сьледзтва, былі запісы тэлефонных размоваў і відэаздымкі.

— Вымалі сьведчаньні з усіх кампутараў, два з паловай гады ці колькі праслухоўвалі кожнае слова па мабільніку і стацыянарным тэлефоне. Калі прасіў на лаўку недзе нейкую дошку — запісвалі. І калі нехта ў судзе адпіраўся, што дапамагаў, то ўключалі ў судзе гэтую размову. Гэта проста жах, так можна разваліць усю дзяржаву.

Спадар Шыдлоўскі таксама пацьвердзіў, што прымаў удзел у зборы грошай сярод гараджан на тое, каб наняць адваката для абароны Ваўчэцкага ў судзе. Ён патлумачыў гэта тым, што і Ваўчэцкі, і ягоная жонка — людзі даволі сьціплыя і ня мелі надта вялікіх даходаў.

Паводле Ірыны Давідовіч, Ваўчэцкі — звычайны чыноўнік дзейнай сыстэмы, які адчуваў сябе ў Іўі так, як яму хацелася. Яна кажа, што звычайныя людзі подпісы ў яго абарону ня ставілі, нават адмаўляліся гэта рабіць, бо нічога незвычайнага насамрэч Ваўчэцкі ў Іўі не зрабіў.

Тое, што Іўе за апошнія гады яўна зьмянілася ў лепшы бок, — паводле яе, гэта ня столькі заслуга чыноўніка, колькі тое, што дзейнічала праграма малых гарадоў, за кошт якой зьмянілі свой выгляд шмат якія раённыя цэнтры.

Давідовіч узгадвае, як на пачатку сваёй кар’еры ў Іўі Ваўчэцкі пачаў адразу будаваць сабе катэдж на беразе возера, і гэта тады ўжо прыцягнула ўвагу мясцовых людзей і стала тэмай для абмеркаваньня.

Свой першы дом ён пачынаў будаваць у прыродаахоўнай зоне, і ўжо тады людзі пачалі казаць, што гэта незаконна. Некаторыя тэлефанавалі ў Ахову прыроды, але безвынікова.

— Свой першы дом ён пачынаў будаваць у прыродаахоўнай зоне, і ўжо тады людзі пачалі казаць, што гэта незаконна. Некаторыя тэлефанавалі ў Ахову прыроды, але безвынікова. І пасьля рабочыя, якія там працавалі, а іх называлі рабамі, распавядалі, якія там кабіны для лазенкі, плітка, колькі гэта каштуе і г.д. Людзі хоць і баяцца ў нас улады, але ўсё роўна распавядаюць.

Ірына Давідовіч упэўненая, што насамрэч карупцыйная справа ў іх раёне яшчэ можа быць працягнута. Паводле яе, ня вельмі верыцца ў тое, што Ваўчэцкі рабіў свае справы ў адзіночку.

Зрэшты, прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG