Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незалежнасьць нібыта маем, але нейкая яна ня надта пераканаўчая...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

На працягу апошніх тыдняў адна з асноўных тэмаў у пошце Свабоды — стаўленьне да падзеяў у Расеі і вакол яе. Адбудова так званага «рускага сьвету», за якую актыўна ўзяўся прэзыдэнт Пуцін, так ці інакш закранае і Беларусь — ледзь не адзінага саюзьніка, які застаўся ў Масквы ў выніку яе шматлікіх спробаў даказаць сьвету сваю веліч.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслаў Юры Кавалёў зь Менску. Слухач піша:

«Такое ўражаньне, што Масква сьвядома паставіла перад сабой мэту перасварыцца з цэлым сьветам. Ну нібыта яна сапраўды ў атачэньні ворагаў. З Грузіяй — ваявала, з Украінай — ваюе. З Прыбалтыкай, здаецца, гатовая ваяваць. Цяпер вось Турэччына не дае спакою — за тое, што цьвёрда стаіць на варце ўласных межаў.

Паглядзіш расейскае тэлебачаньне — дык там нейкая суцэльная гістэрыя. Выглядае, што ўсе расейцы перакананыя: Захад толькі і марыць пра тое, каб паставіць іх на калені. А яны незгінальныя і гатовы ахвяраваць усім, што маюць, каб толькі ўстаць з каленяў і паказаць усім сваю круцізну.

І як жа нам, беларусам, застацца ўбаку ад гэтай бойкі? Столькі разоў ужо здаралася ў гісторыі: улезе Расея ў якую авантуру — а ўсе шышкі падаюць на нашы галовы. Няўжо так будзе і гэтым разам? Незалежнасьць мы нібыта маем, але нейкая яна ня надта пераканаўчая», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Юры Кавалёў зь Менску.

Расейская імпэрыя распалася на палітычных мапах, але працягвае існаваць у галовах многіх расейцаў — у гэтым, відаць, галоўная прычына шматлікіх канфліктаў, у якія раз за разам увязваецца крамлёўскае кіраўніцтва. Фантомныя болі імпэрыі не даюць спакою значнай частцы расейскага грамадзтва. Аказалася, усьведамленьне прыналежнасьці да вялікай дзяржавы, якая здольная дыктаваць сваю волю іншым, — настолькі вялікая каштоўнасьць для рускага чалавека, што дзеля яе ён гатовы ахвяраваць нават тым сьціплым дабрабытам, які быў зь цяжкасьцю дасягнуты за мінулыя два дзесяцігодзьдзі.

Дзеля справядлівасьці варта заўважыць, што з падобнымі ж постімпэрскімі праблемамі сутыкаліся і іншыя нацыі. Да прыкладу, распад колішняй Асманскай імпэрыі таксама суправаджаўся падобнымі хваравітымі настроямі і зьявамі. Адгалоскі іх дагэтуль адбіваюцца на двухбаковых дачыненьнях сёньняшняй Турцыі з многімі суседзямі, якія калісьці былі імпэрскімі ўскраінамі — Баўгарыяй, Грэцыяй, Армэніяй...

На працягу апошніх тыдняў цывілізаваны сьвет некалькі разоў скаланаўся ад тэрарыстычных атак ісламісцкіх экстрэмістаў. Гучыць гэтая тэма і ў лістах слухачоў Свабоды. Наш даўні аўтар Аляксей Былінскі з Рэчыцы, разважаючы пра асьвятленьне гэтых падзеяў у мэдыях, піша:

«Ажыятажам вакол катастрофы авіялайнэра А-321 у небе над Эгіптам Расея перасьледуе дзьве мэты. Першая зь іх — палітычная: імкненьне зьмяніць пазыцыю Эгіпту адносна Сырыі. А другая — эканамічная: адабраць частку турыстычнага бізнэсу, перанакіраваць яго на сваю карысьць», —

— гэтак лічыць Аляксей Былінскі з Рэчыцы.

Даволі нечаканыя высновы, спадар Аляксей. Асабліва ўлічваючы той факт, што Масква ўсьлед за заходнімі краінамі (хоць і пасьля некаторага роздуму) прызнала, што прычынай катастрофы лайнэра стаў тэракт.

Што да ажыятажу, то любая падзея такога кшталту выклікае вялікі грамадзкі розгалас. Да таго ж у гэтым канкрэтным выпадку цягнуўся ён ня надта доўга. Парыская драма, што адбылася неўзабаве, адцягнула на сябе амаль усю грамадзкую ўвагу.

І яшчэ адзін кароткі ліст, аўтарка якога, Вольга Дударэнка з Нясьвіскага раёну, напісала на Свабоду, убачыўшы па тэлебачаньні рэпартаж пра чарговую нараду ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Слухачка піша:

«Народ на мяжы выжываньня і голаду, а Лукашэнка праводзіць нараду па праблемах хакея. Вось, аказваецца, якая ў нас самая актуальная праблема, якая найбольш турбуе прэзыдэнта. Ну ці ж не адарваўся ён ад рэальнага жыцьця? Мільярды змарнаваў на гэтыя недарэчныя лядовыя палацы, у той час як людзям патрэбныя бальніцы, школы, паліклінікі.

Вы можаце сабе ўявіць прэзыдэнта Абаму, які сабраў міністраў і расьпякае іх за тое, што амэрыканскія хакеісты дрэнна гуляюць? Асабіста я — не!» —

— напісала ў сваім лісьце на Свабоду Вольга Дударэнка зь Нясьвіскага раёну.

Хто ведае, можа, якраз таму, што ў Белым доме не праводзяць такіх нарадаў, амэрыканскія хакеісты паказваюць зусім не благія вынікі, а лядовыя арэны там будуюцца без прэзыдэнцкіх указаў і казённых грошай. Пры гэтым, што адметна, дзяржаўны бюджэт ЗША ніякім чынам не фінансуе хакейныя каманды. Наадварот, хакейныя клюбы і лядовыя арэны, як і любы іншы бізнэс, спраўна папаўняюць агульную скарбонку сваімі падаткамі.

________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG