Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разлажэньне


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Год таму стан здароўя нашай апазыцыі мне давялося назваць словам «кома». Сёньня працэс зайшоў яшчэ далей. Гэта разлажэньне.

Беручы шырэй, само слова «апазыцыя» і тады і цяпер ужываецца зь вялікай умоўнасьцю. Гаворка ідзе пра перадзел у той сфэры, якую мы называем незалежным грамадзтвам, грамадзянскай супольнасьцю ці маральнай большасьцю. Толькі няясна было, па якой лініі ўсё гэта будзе дзяліцца. Цяпер ясна.

Не па лініі лёгікі. Хоць бы таму, што ўсе сталі апраўдвацца, а гэта першы сыгнал алягізму. Апраўданьням ніхто ня верыць.

Не па лініі ідэй, бо красныя ў нас даўно гавораць белымі словамі, а немцы надзяваюць форму «нашых». І наадварот. Так і ходзяць. Сёньня красныя, заўтра белыя. Толькі твары не мяняюцца.

Не па лініі «агентаў КДБ», бо пра гэта сказана так шмат, што нават тыя, хто не агент, даўно ў душы агенты. Самі да сябе ў снах прыходзяць са словамі: На каго ты работаеш! Гавары праўду!.. Загаварылі вапрос.

І не па лініі цынізму – усе на грантах, а там, ясная рэч, муць, сваркі, неразьбярыха, гарлахвацтва. Ужо ніхто ня скажа, чаму той нешта публічнае зрабіў ці сказаў. Усе разумеюць: не таму, што хацеў, а проста ў іх там унутры забурліла. І хто з такога выйдзе чыстым? Няма веры.

Падзел пойдзе па галінах усяго гэтага дрэва. Цяпер раптам з усяго скопішча агентаў і цынікаў сталі вылучацца ня белыя і пушыстыя, а крышталёва праведныя, загаварылі аб прынцыпах, пачаўся ціск на мараль. Клеткі адміраюць, і чалавек пачынае жыць ня дзеля сябе і сваёй групы, ня дзеля краіны, тым больш, а дзеля хімэраў ва ўласнай галаве. Страшнаваты працэс, але, на жаль, непазьбежны.

Трэба разумець, што таўсьцейшыя галіны пачынаюць адсыхаць, робяцца ломкімі. Модны трэнд – незгібальнасьць: я памылак не рабіў! Ніколі, ні разу, ніводнай. Спачатку адзін так казаў, а цяпер проста павальна ўсе.

Адсохлыя галіны, як вучаць на ўроках дзю-до, бліжэйшай зімою проста хрэснуць пад шапкамі сьнегу. Бо не жыве тое, што не памыляецца. А навейшыя, гнуткія й ня надта бачныя пакуль галінкі скінуць зь сябе тыя сьнегавыя шапкі і, можа быць, народзяць іншую музыку. Бо тая какафонія, што засталася ад колішніх акордаў, даўно не выклікае ні даверу, ні цікавасьці ні нават змогі яе трываць.

«Праведнікі»-лузэры накінуліся цяпер на кандыдатку са свайго ж нібыта кола, бэсьцячы яе за цынізм, агентуру і безыдэйнасьць, – усё тое, што сёньня ў беларускім грамадзкім жыцьці, дзякуючы ім самім, перастала штось значыць. Яны самі й прывучылі народ да пустаты гэтых слоў. Таму народ на тое і не глядзіць. Глядзяць, што жанчына, што нармальная, як мы, не шалёная, хоча нешта зьмяніць, стараецца. Астатняе – за шумавым бар’ерам. Дапусьцім, прэзыдэнтам яна ня стане. Цяпер. Але што будзе пасьля, невядома.

Так бывае заўсёды. І як раб хоча зусім не свабоды, а толькі ўзвышэньня над іншымі, так і лузэр прагне зусім не перамен, а зьнішчэньня таго, над кім прымярэсьціўся яму арэол посьпеху.

Зусім хутка пападаюць шапкі сьнегу – самі ці разам з сукамі сухадрэвін – і мы пабачым зьменены, абноўлены, празрысты краявід. І ўсё пачнецца спачатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG