Упраўленьне па кантролі якасьці харчовых прадуктаў і лекавых прэпаратаў ЗША (FDA) ўпершыню ў гісторыі ухваліў пігулку, створаную з дапамогай 3D-друкаркі. Пра гэта паведамляе BBC.
Раней FDA ўжо ўхваліла вытворчасьць з выкарыстаньнем 3D-друкарак розных прыладаў і апаратаў, якія ўжываюцца ў мэдыцыне, у прыватнасьці пратэзаў.
Новы прэпарат Spritam, створаны з дапамогай трохмернага друку, дапамагае кантраляваць эпілептычныя курчы.
Кампанія Aprecia Pharmaceuticals, якая стварыла пігулка, абяцае распрацаваць пры дапамозе сучасных тэхналёгіяў і іншыя лекавыя прэпараты.
3D-таблетка распускаецца ў арганізьме чалавека, гэтак жа як і іншыя лекі.
Друк пігулак дазваляе падвысіць дакладнасьць дазаваньня і ствараць індывідуальныя лекавыя прэпараты з утрыманьнем актыўнага рэчыва да 1000 міліграмаў.
Новая тэхналёгія дазволіць у будучыні ствараць пэрсаніфікаваныя лекі «на замову» у залежнасьці ад канкрэтных патрэбаў пацыента, замест адзінай дазіроўкі для ўсіх, упэўненыя экспэрты.
«Апошнія 50 гадоў мы штампавалі пігулкі на фабрыках і затым развозілі іх па шпіталях. Упершыню ў гісторыі мы можам ствараць лекі, не адыходзячы ад пацыентаў», — кажа аўтар лекцый па фармацэўтыцы Ўнівэрсытэту Цэнтральнага Ланкашыру Махамад Альбед Альнан.
Дазаваньне лекаў можа мяняцца ў залежнасьці ад патрэбаў пацыента простай маніпуляцыяй з друкаркай. У мінулым, паводле Альнана, падобныя лекі «пад ключ» былі вельмі дарагія ў вытворчасьці.
У аснове 3D-друку ляжыць прынцып папластовага стварэньня аб’екту.
Пры стварэньні пігулкі 3D-прынтэр выкарыстоўвае ў якасьці «чарнілаў» лекавыя рэчывы, якія пласт за пластом фармуюць пігулку.
У мэдыцыне трохмерным друкам ужо карыстаюцца пры стварэньні розных прыладаў, у прыватнасьці, імплянтатаў для пацыентаў з рознымі траўмамі.
Стаматолягі раней таксама ўжо ўжывалі новыя тэхналёгіі для друку на 3D-прынтары сківіц і зубных імплянтантаў.