Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менскія перамовы па Данбасе зайшлі ў тупік», — Фясенка


Падчас адной зь мінулых сустрэч Трохбаковай кантактнай групы ў Менску. Прадстаўнікі данецкіх і луганскіх сэпаратыстаў даюць інтэрвію журналістам. 30 студзеня 2015
Падчас адной зь мінулых сустрэч Трохбаковай кантактнай групы ў Менску. Прадстаўнікі данецкіх і луганскіх сэпаратыстаў даюць інтэрвію журналістам. 30 студзеня 2015

Сёньня ў Менску чакаецца паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе, а таксама сустрэча трох працоўных падгрупаў. Удзел у працы гэтых падгрупаў возьмуць прадстаўнікі АБСЭ, Украіны і Расеі, а таксама данецкіх і луганскіх сэпаратыстаў.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў інтэрвію Свабодзе выказаў сваё бачаньне пэрспэктывы чарговага этапу перамоваў:

Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

«Адказ на пытаньне, які можа быць вынік перамоваў, вельмі просты: нічога сур’ёзнага і нічога вырашальнага чакаць ня варта. Бо 2 чэрвеня стала відавочна, што перамоўны працэс мае вельмі сур’ёзны крызіс. Менавіта таму расейскі прадстаўнік пакінуў перамовы 2 чэрвеня, а затым адбыліся баі ў Мар’інцы каля Данецку праз наступ на ўкраінскія пазыцыі. Гэта было найбуйнейшае напружаньне пасьля лютага, калі адбыліся баі пад Дэбальцавам. Затым мы пабачылі інфармацыю пра адстаўку прадстаўніка АБСЭ Гайдзі Тальявіні. Усё гэта — азнакі крызісу. Розныя крыніцы сьведчаць пра супярэчнасьці паміж перамоўнікамі, асабліва ў пытаньнях палітычнага ўрэгуляваньня, і гэтыя супярэчнасьці вельмі сур’ёзныя. Фактычна я пакуль ня бачу ніякіх падстаў для кампрамісу, ніякіх. Каб знайсьці кампраміс, давядзецца прыкласьці намаганьні, і для гэтага спатрэбіцца час. Альбо яго проста ня змогуць знайсьці. На сёньня сытуацыя такая, што бакі перамоваў, уключна з прадстаўнікамі краінаў „нармандзкай чацьвёркі“, спрабуюць рэанімаваць менскі перамоўны працэс. Сёньня і, магчыма, 23 чэрвеня будзе спроба аднавіць перамовы, каб можна было знайсьці пункты дотыку дзеля кампрамісу.

Але яшчэ адна праблема, якая стаіць больш актуальна — гэта ваенная сытуацыя ў зоне канфлікту. Яна гарачая. Цяпер ёсьць рызыка эскаляцыя канфлікту. Таму найперш трэба дамовіцца, каб не адбылася новая эскаляцыя канфлікту на Данбасе. Калі будуць знойдзеныя магчымасьці пэўнай нэўтралізацыі гвалту, то тады будзе шанец на працяг перамоваў. Але сёньня для прыняцьця адмысловых рашэньняў ніякіх падстаў няма і нават намёкаў на гэта няма».

Карэспандэнтка: «Ці магчыма, што такія падставы зьявяцца з адстаўкай цяперашняга і прызначэньнем новага прадстаўніка АБСЭ?»

«Прадстаўнік АБСЭ не зьяўляецца галоўным чыньнікам перамоваў. Увогуле перамовы ў Менску, выбачайце за такую ацэнку, маюць другараднае значэньне. Ключавыя кампрамісы шукаюць на ўзроўні нармандзкай чацьвёркі. Менавіта там знаходзяць палітычнае рашэньне, а ў Менску яго толькі афармляюць. Больш за тое, калі, да прыкладу, узьнікаюць праблемы ў Менску, то пачынаюць шукаць кампрамісы і выхад з крызіснай сытуацыі зноў жа на ўзроўні нармандзкай чацьвёркі. 10 чэрвеня адбылася сустрэча намесьнікаў міністраў замежных спраў краін нармандзкай чацьвёркі, але прарыву не адбылося. Перамовы адбыліся, але не адбылося прарыву — гэтак я стрымана ацэньваю сытуацыю. Замена прадстаўніка АБСЭ, на мой погляд, — гэта спроба рэанімаваць і прадоўжыць перамоўны працэс, але сама па сабе яна не прывядзе да якогасьці прарыву».

Карэспандэнтка: «Ці не справакуюць менскія перамовы новую эскаляцыю гвалту ў рэгіёне канфлікту, як гэта адбывалася ўсьлед за папярэднімі перамовамі?»

«Гэта не зусім так: эскаляцыя была пасьля 2 чэрвеня, але тады стала відавочна, што перамовы зайшлі ў глухі кут, у тупік. Магчыма, што гэта і справакавала сытуацыю: сэпаратысты пры падтрымцы Расеі вырашылі выкарыстаць традыцыйны мэтад — змусіць да міру праз вайсковыя дзеяньні. Але гэтая спроба сталася няўдалаю, і больш за тое — эфэкт атрымаўся супрацьлеглы. Замест таго каб напалохаць Захад вайною і змусіць Украіну да саступак, эфэкт стаўся супрацьлеглым — наступ на Мар’інку моцна раззлаваў заходніх лідэраў. І таму на саміце вялікай сямёркі тыдзень таму былі досыць жорсткія заявы ў бок Расеі. Фактычна было папярэджаньне, што ў выпадку эскаляцыі канфлікту будуць уведзеныя санкцыі. І цяпер Расея змушаная на гэта рэагаваць. Рызыка эскаляцыі гвалту застаецца, таму тут, на жаль, няма ніякіх гарантыяў. І калі ня будзе нейкага зруху ў працэсе перамоваў, то рызыка новай эскаляцыі канфлікту будзе.

Але на сытуацыю ўплываюць ня толькі перамовы ў Менску. На сытуацыю ўплывае абароназдольнасьць Украіны ў зоне канфлікту. І Мар’інка засьведчыла, што лёгкай перамогі ў сэпаратыстаў ня будзе. Што спроба наступу атрымае адпор — дастаткова сур’ёзныя контрадзеяньні з боку ўкраінскіх войскаў.

Таму ёсьць два рэцэпты: пошук кампрамісу ў Менску — і не на ўмовах Расеі, а рэальнага кампрамісу, — і падвышэньне абароназдольнасьці ўкраінскіх войскаў у зоне канфлікту. Вось гэта — два складнікі магчымага міру, але шлях да яго будзе доўгі. Я ня бачу ніякіх простых і хуткіх шляхоў да міру».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG