Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творцы з Свабоднага тэатру заснавалі Міністэрства контракультуры

абноўлена

Лога фэстывалю Staging A Revolution, аўтар - Ай Вэйвэй
Лога фэстывалю Staging A Revolution, аўтар - Ай Вэйвэй

Сёньня ў сеціве зьявіўся інтэрнэт-партал Ministry Of Counterculture. Яго стварылі заснавальнікі Беларускага свабоднага тэатру, іх творчыя партнэры і сябры. 18 кастрычніка МК ладзіць у Лёндане канцэрт салідарнасьці з удзелам Brutto, Pussy Riot і Дэйвіда Гілмара.

Новы партал - moc.media - прэзэнтуе сябе як «онлайн-прастора для глябальнага мастацтва і сацыяльных зьменаў». Ён падсумоўвае ўсе інтарэсы, захапленьні, ідэі і напрацоўкі стваральнікаў за апошнія 10 гадоў.

Апрача навінаў зь сьвету контракультуры і барацьбы за свабоду самавыяўленьня, на партале можна пазнаёміцца з спэцыяльнымі рэпартажамі, гутаркамі праекту «Маналёг для дваіх», інфармацыяй пра дзейнасьць Свабоднага тэатру і яго грамадзкімі і культурнымі праектамі.

Паводле стваральнікаў, партал будзе будавацца паводле прынцыпу хаба, які дынамічна пашыраецца за кошт новых праектаў і галін разьвіцьця, а таксама за кошт сталага павелічэньня колькасьці партнэраў у розных краінах сьвету.

Стваральнікі «Міністэрства контракультуры» запрашаюць да супрацоўніцтва тых, хто мае цікавыя ідэі і праекты і хацеў бы рэалізаваць іх у кампаніі зь «Міністэрствам».

Пра ідэю і пляны парталу мы пагаварылі зь яго шэф-рэдактарам Мікалаем Халезіным.

Радыё Свабода: Беларускі свабодны тэатар быў прадстаўлены ў інтэрнэце асобным сайтам - выходзіць, што вам стала цесна ў яго рамках?

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Мікалай Халезін: З часу заснаваньня Свабоднага тэатру прайшло 10 гадоў, і, падводзячы прамежкавыя вынікі, мы зразумелі, што ўсе нашы праекты, ідэі і напрацоўкі раскіданыя па сетцы. Мы вырашылі аб’яднаць іх пад адным дахам. Пры гэтым, у нас велізарная колькасьць партнэраў у розных краінах сьвету, якія ня маюць доступу да шырокай аўдыторыі, і мы вырашылі, што адна з нашых місій — гэта ўзмацніць іх голас. Адсюль канцэпцыя пашырэньня плятформы за кошт творчых і сацыяльных праектаў.

Адзін зь першых такіх праектаў — адукацыйная праграма для творцаў з краін з жорсткімі палітычнымі рэжымамі, дзе ўшчамляецца права на свабоду выказваньня. Мы падключаем нашых партнэраў зь ліку прафэсуры і кіраўніцтва розных унівэрсытэтаў, якія змогуць на валанцёрскай аснове кансультаваць творчых асоб з гэтых краін, апроч іншага, ствараючы дыскусійныя плятформы для ўсіх зацікаўленых людзей і структур.

РС: Што ў найбліжэйшых плянах Міністэрства контракультуры?

Халезін: Мы вырашылі спалучыць абвестку аб запуску інтэрнэт-плятформы з абвесткай аб некаторых нашых бліжэйшых плянах. Першы вялікі праект восені — гэта канцэрт I Am With The Banned (Я з забароненымі). Гэта канцэрт салідарнасьці брытанскіх артыстаў з музыкамі Беларусі, Украіны і Расеі, якія трапляюць пад каток цэнзуры. 18 кастрычніка на сцэну лёнданскай канцэртнай залі Koko выйдуць гурты Brutto, Boombox, Начныя снайпэры, Pussy Riot, якіх падтрымаюць сваімі выступамі Дэвід Гілмар, Ніл Тэнант, Кім Катрэл, Джуліет Стывэнсан, і яшчэ цэлы шэраг спэцыяльных гасьцей.

А з 2 па 14 лістапада ў Лёндане пройдзе фэстываль Беларускага Свабоднага тэатру Staging A Revolution, на якім мы пакажам свае 10 спэктакляў розных гадоў стварэньня. Прычым, 7 з іх пройдуць у сакрэтных месцах, у якія публіку будуць запрашаць, як і ў Менску на спэктаклі Свабоднага тэатру, з дапамогай СМС і сацыяльных сетак. А апошнія тры спэктаклі пройдуць у тэатральнай прасторы — на сцэне лёнданскага тэатру Young Vic. Кожны са спэктакляў будзе суправаджацца грамадзкімі дыскусіямі, дэгустацыяй беларускай кухні, і онлайн-трансьляцыямі. Апошні раз фэстываль падобнага маштабу пад эгідай аднаго тэатра праходзіў у 60-х гадах XX стагодзьдзя.

Дарэчы, лягатып канцэрту і фэстывалю распрацаваў сусьветна вядомы кітайскі мастак-дысыдэнт Aй Вэйвэй, які знаходзіцца цяпер у Пэкіне пад хатнім арыштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG