Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы з расейскага чорнага сьпісу: «Пуціна трэба сагнаць з пальмы»


Расейская служба Радыё Свабода зрабіла падборку выказваньняў пра Ўладзімера Пуціна эўрапейскіх палітыкаў, якія трапілі ў «чорны сьпіс» Міністэрства замежных спраў Расеі.

У траўні стала вядома пра наяўнасьць у Расеі «чорнага сьпісу» палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў краінаў Эўропы, якім забаронены ўезд у Расеі. 30 траўня гэты сьпіс, перададзены МЗС Расеі Эўразьвязу, быў апублікаваны ў шэрагу эўрапейскіх выданьняў.

Сёньня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў абвінаваціў Эўразьвяз у парушэньні «этычных нормаў» з-за публікацыі гэтага сьпісу 89 палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якім Расея забараніла ўезд на сваю тэрыторыю.

Паводле Лаўрова, Расея з разуменьнем паставілася да просьбы Нямеччыны перадаць ЭЗ гэты сьпіс, але не разьлічвала, што ён стане «прадметам уцечкі» і будзе апублікаваны ў прэсе. Эўразьвяз скрытыкаваў Расею за складаньне гэтага сьпісу, назваўшы яго «неаб’ектыўным» і «непразрыстым», Лаўроў у адказ заявіў, што ў «стоп-ліст» трапілі тыя эўрапейскія палітыкі і чыноўнікі, якія падтрымалі «дзяржаўны пераварот на Украіне».

Радыё Свабода сабрала выказваньні пра Украіну, пра Расею і яе прэзыдэнта Пуціна ад асобаў, якія трапілі ў «чорны сьпіс» МЗС РФ.

Лена Адэльсан Лілерот, міністар спорту Швэцыі (пра Алімпіяду ў Сочы, студзень 2014):

«Там нават горш, чым я думала. Проста жудасна. Ці паеду я на Алімпіяду? Зразумела, не. Гэта магчымасьць для Пуціна і ягонага рэжыму паказаць сябе. Я не хачу ўдзельнічаць у гэтым».

Ёханэс Карнэліс Ван Баален, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Нідэрляндаў:

«Ад Крамля мы ўжо чулі: няма расейскіх войскаў у Крыме, а цяпер іх „няма“ на ўсходзе Украіны. Аднак усе ведаюць, што гэта хлусьня. У ЭЗ ёсьць доказы, у НАТО ёсьць доказы, але Пуцін іх усё роўна абвяргае і адмаўляе. Хоць, калі расейскіх войскаў ва Ўкраіне няма, то адкуль бяруцца целы забітых расейскіх салдатаў? Адкуль паступаюць параненыя ў шпіталі Растова і Санкт-Пецярбургу? Гэта нонсэнс».

Луіс Бонтэс, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Нідэрляндаў:

«Пуцін — пагроза эўрапейскай бясьпецы. Імпэрыя зла вярнулася. Мы не павінны стаць ахвярай маньяка Пуціна».

Багдан Барусевіч, маршал Сэнату Польшчы, пасьля таго, як расейскія ўлады адмовілі яму ва ўезьдзе ў Расію напярэдадні пахаваньня Барыса Нямцова:

«Я чакаю, што будуць знойдзеныя і пакараныя тыя, хто зрабіў забойства, і адначасова таксама тыя, хто адказвае за распачаты шавіністычны перасьлед людзей, якія не ўхваляюць імпэрскую палітыку і агрэсію супраць суседніх дзяржаваў. Ахвярай менавіта такой палітыкі стаў Барыс Нямцоў».

Карл-Георг Вэльман, дарадца канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, дэпутат Бундэстагу ад партыі ХДС. У траўні расейскія ўлады адмовілі яму ва ўезьдзе ў краіну:

«Пуцін павінен зьлезьці з пальмы на зямлю. Мы хочам яму ў гэтым дапамагчы».

Гі Вэрхофштат, былы прэм’ер-міністар Нідэрляндаў:

«Пуцін ператварыў Расею ў таталітарную дзяржаву, у якой няма павагі да дэмакратыі і свабоды, дзе няма месца апазыцыі».

Інэса Вайдэрэ, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Латвіі, сакавік 2013 года, на слуханьнях у Эўрапарлямэнце на тэму «Нешматлікія народы пад прыгнётам таталітарызму»:

«Злачынствы таталітарнага камунізму трэба расьсьледаваць, а вінаватых — караць як у выпадку з нацызмам. Расея не судзіла злачынцаў НКВД. Гэта плявок у твар усім грамадзянам Латвіі і іншых краінаў, якія былі забітыя або страцілі здароўе ў савецкіх канцлягерах. Расея, як правапераемніца СССР, павінна падумаць, як выплаціць гэтым людзям кампэнсацыі, гэтак жа, як выплачваюцца кампэнсацыі пацярпелым у нацысцкіх канцлягерах».

Іліян Васілеў, былы пасол Баўгарыі ў Расеі, аб забойстве Барыса Нямцова:

«Забілі былога віцэ-прэм’ера Расеі, які паўстаў супраць новага моцнага гаспадара ў Крамлі. Барыс быў у ліку рускіх апазыцыянэраў, якія былі запрошаныя прыехаць у Баўгарыю, каб расказаць пра іншую, некрамлёўскую вэрсію Расеі. Для нашых баўгарскіх русафілаў існуюць толькі актуальныя пазыцыі ўлады ў Маскве, таму што для іх гэта крыніца прывілеяў і фінансавай выгады».

Гедэмінас Грына — дырэктар дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы, верасень 2014 года, аб актывізацыі расейскіх спэцслужбаў у рэгіёне:

«Мы адзначаем актывізацыю дзейнасьці. І тлумачэньне можа быць вельмі простым. Таму што мы павінны ўлічваць, што жывем у рэгіёне, у якім фактычна ідзе вайна».

Марк Дэмэсмэкер, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Бэльгіі:

«Я як раз засьпеў адступленьне ўкраінскай арміі, некалькі тысяч вайскоўцаў выходзілі з Дэбальцава. Я ніколі ня бачыў настолькі зьнясіленых людзей, некаторыя нават не маглі гаварыць. Камандзіры распавялі мне, што іх падразьдзяленьні былі пад пастаянным агнём, іх абстрэльвалі і падчас адступленьня. Там не проста была сканцэнтраваная вялікая колькасьць прарасейскіх сілаў, якія сьвядома спрабавалі зьнішчыць фізычна як мага большую колькасьць людзей. Як па мне, гэта акт тэрору».

Роберт Зіле, дэпутат парлямэнту Латвіі — аб неабходнасьці рэфармаваць Нацыянальную раду па электронных СМІ ў Латвіі:

«Нам трэба замяніць Раду на такую структуру, у вачах супрацоўнікаў якой электроннае СМІ выглядала б зброяй супраць чалавечага мозгу. Цяпер гэта зброя ў руках ворага, і канкрэтна — ў руках адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна».

Сандра Калніеце, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Латвіі. Расейскія ўлады адмовілі ёй ва ўезьдзе ў краіну, калі яна паспрабавала трапіць на пахаваньне Барыса Нямцова:

«Данбас ня стаў лёгкай прагулкай для Пуціна. Я высока цаню і захапляюся добраахвотнікамі. Як тымі, якія ідуць абараняць сваю краіну са зброяй у руках, так і тымі грамадзянамі Украіны, якія працуюць у лягерах уцекачоў, якія дапамагаюць забесьпячэньнем прадуктамі харчаваньня, мэдыкамэнтамі і так далей. У народу, які з настолькі вялікай ахвярнасьцю гатовы абараняць сваю краіну, вялікая будучыня».

Нік Клэг, лідэр партыі лібэральных дэмакратаў Вялікабрытаніі, пра рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі футболу аддаць права на правядзеньне чэмпіянату сьвету па футболе Расеі:

«Цяжка прыняць думку пра тое, што сьвет павінен даць Расеі гэты прывілей. Я ня ведаю, колькі яшчэ людзей павінныя быць забітыя да таго, як стане ясна, што далей так працягвацца не можа».

Даніэль Канбэндыт — адзін з лідэраў студэнцкага пратэсту ў Францыі 1968, дэпутат Эўрапарлямэнту ад партыі «зялёных»:

«Пуцін рыхтаваўся, казалі нам, вярнуць расейскім грамадзянам іх базавыя правы, змагацца з карупцыяй і гарантаваць свабодныя і дэмакратычныя выбары. Адчуваючы падвох, я ўжо тады папярэджваў некаторых з маіх сяброў пра легкаважнасьці падобных развагаў. Сёньня я разумею, як далёкі я быў ад таго, каб уявіць, што пройдзе які-небудзь год і гэтая „новая расейская ўлада“ пагрузіць краіну ў рэпрэсіі, страх і нянавісьць».

Станіслаў Казей — кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы, 2009 год, пра «газавую вайну» Расеі і Ўкраіны:

«Мы ўступілі ў эпоху малой „халоднай вайны“, якую Расея абвясьціла Захаду. Тым самым Крэмль скончыў пераходны пэрыяд у сваёй зьнешняй палітыцы. Ён адмовіўся ад постсавецкай палітыкі і пачынае палітыку „Наваросіі“. У гэтай гульні ў новую „халодную вайну“, стаўка ў якой гэта, перш за ўсё, панаваньне над прасторай вакол Расеі, асаблівую ролю адыгрывае ўкраінская праблема».

Тунэ Кэлам, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Эстоніі, пра сваю праграму «СТОП пуцінскай карупцыі!», якая закліканая зьнізіць уплыў Расеі ў Эўропе:

«Карупцыйны пуцінскі рэжым пагражае свабодзе Ўкраіны, а таксама бясьпецы і эканоміцы ўсёй Эўропы. Эўропа павінна паказаць волю па абароне сваіх каштоўнасьцяў і зрабіць гэта неадкладна».

Юльян Кіфу, дарадца прэзыдэнта Румыніі па зьнешняй палітыцы, 2011 год, аб адносінах Румыніі з самаабвешчанамі рэспублікамі Абхазіяй і Паўднёвая Асэтыяй:

«Расея павінна ўсьвядоміць сваю ролю агрэсара ў вайне з Грузіяй і ў адпаведнасьці з міжнароднымі правіламі дазволіць грузінскім тэрыторыям вярнуцца пад кантроль Тбілісі».

Андрус Кубілюс, былы прэм’ер-міністар Літвы, дэпутат літоўскага парлямэнту:

«У Пуціна вельмі добра атрымалася ўсім навязаць тэрміналёгію, што гэта — украінскі крызіс. І ўсе так цяпер у Эўропе і кажуць: «крызіс ва Ўкраіне», «ўкраінскі крызіс» — а самога Пуціна быццам і няма на Данбасе, у Крыме. Таму наша прапанова — называць гэта «вайной Пуціна».

Вітаўтас Ландсбэргіс, былы старшыня Вярхоўнага Савету Літвы і літоўскага Сэйму:

«Цяпер Расея павінна ненавідзець усіх іншых, таму што ўсе іншыя дрэнныя. А расейцам цяпер даводзяць тое, што яны асаблівыя, што яны пакрыўджаныя, яны былі на каленях, яны павінныя ўстаць. Ёсьць глыбокія псыхалягічныя карані ў шматвяковага расейскага імпэрыялізму, які і ў XIX стагодзьдзі вуснамі цара казаў, што ў Расеі ва ўсім сьвеце толькі два сябра — расейская армія і расейскі флёт. Якая агрэсіўная, злосная самота!»

Бэрнар-Анры Леві, францускі грамадзкі дзеяч, палітык, журналіст, філёзаф і пісьменьнік. Фрагмэнт яго звароту да ўдзельнікаў Эўрамайдану, апублікаванага ў газэце Le Mond:

«У кожным грамадзяніне Майдане больш культуры і гісторыі, чым у сочынскім самахвале, гэтым надзьмутым Тарзане, які зьяўляецца ворагам сьвятой Сафіі і яе мудрасьці».

Эдвард Макмілан Скот, віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту, лістапад 2010:

«У Расеі сёньня аўтарытарны, небясьпечны рэжым і для нас, і для саміх расейскіх грамадзянаў. Калі мы будзем падтрымліваць незарэгістраваныя партыі, запалоханыя СМІ, грамадзянскую супольнасьць, гэта прывядзе да станоўчага выніку. Небясьпечна маўчаць ды бязьдзейнічаць. Яшчэ больш небясьпечна — прыкідвацца, што Расея — дэмакратычная краіна».

Марэк Мігальскі, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы, аўтар пэтыцыі з заклікам да лідэраў краін ЭЗ байкатаваць алімпіяду ў Сочы:

«Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін у апошнія гады істотна абмяжоўвае права на свабоду сходаў, свабоду слова, актыўна і люта змагаецца з апазыцыяй. Фэдэральны сход Расейскай Фэдэрацыі прымае законы, якія абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды. Апазыцыйныя сродкі масавай інфармацыі зазнаюць перасьлед, а на няўрадавыя арганізацыі вешаюць ярлык „замежны агент“. У сувязі з гэтым мы заклікаем кіраўнікоў і палітыкаў Эўрапейскага Зьвязу не прыяжджаць на Алімпійскія зімовыя гульні, якія адбудуцца ў 2014 годзе ў Сочы».

Крысьціна Оюланд, Эстонія, лідэр Партыі народнага адзінства, былы дэпутат Эўрапарлямэнту і экс-міністар замежных справаў Эстоніі. Лістапад 2014, сустрэча ў брытанскім парлямэнце «Што чакае Расею пасьля Пуціна: празь пяць гадоў пасьля сьмерці Сяргея Магніцкага»:

«Месца Уладзімера Пуціна — на лаве падсудных у Міжнародным судзе ў Гаазе. Гэта не зьяўляецца чымсьці невыканальным, сьведчаньне чаму — судовы працэс над былым прэзыдэнтам Югаславіі Слабаданам Мілошавічам».

Арціс Пабрыкс, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Латвіі, сьнежань 2014:

«Пуцін сказаў прэзыдэнту Францыі Франсуа Алянду, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Нешта я не магу зразумець. А як жа Крым? Ён што, лічыць, што ўвесь сьвет тупы?»

Яцэк Сарыюш-Вольскі, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы, сьнежань 2014 году:

«У дактрыне Пуціна няма месца дыялёгу, нармалізацыі адносінаў і пабудове пазытыўнага парадку дня ў адносінах з краінамі Эўразьвязу і Ўсходняга партнэрства, не кажучы ўжо пра ЗША. Але ёсьць месца для правакацый, ўварваньня, анэксіі, вайны і беспрэцэдэнтнай з часоў Савецкага Саюзу дзяржаўнай прапаганды».

Рыха Тэрас, камандуючы Сіламі абароны Эстоніі, аб дапамозе ад НАТО, на якую разьлічвае яго краіна ў выпадку агрэсіі Расеі:

«Пытаньне ў тым, ці верыць Пуцін у тое, што артыкул 5 статуту НАТО, у якім гаворыцца аб абароне любога чальца альянсу ад нападу, працуе. Мы не павінны даваць прэзыдэнту Пуціну права на памылку ў разьліках».

Штэфан Фюле, прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях пашырэньня і палітыцы добрасуседзтва:

«Мы ўжо жылі ў двухпалярным сьвеце, падзеленым „жалезнай заслонай“. Затым мы перайшлі да шматпалярнай мадэлі. Прэзыдэнт Пуцін спрабуе пабудаваць сьвет бяз полюсаў, дзе дзейнічала б толькі адно правіла — правіла аб адсутнасьці якіх-небудзь правілаў ».

Рышард Чарнецкі, намесьнік старшыні Эўрапарлямэнту, Польшча:

«Расейскі рубель павінен перастаць быць канвэрсоўнай валютай, рубель трэба выключыць з міжнароднага фінансавага абароту. Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін павінен ведаць, чаго баяцца, што яго чакае».

Карэл Шварцэнбэрг, былы міністар замежных справаў Чэхіі:

«Пуцін дзейнічае па тым жа прынцыпе, што і Адольф Гітлер падчас ўварваньня ў Аўстрыю, Чэхаславаччыну і Польшчу ў 1938 і 1939 гадах. Ён не супакоіцца, пакуль не зжарэ Ўкраіну па частках».

Аб сваім ўключэньні ў «чорны сьпіс» МЗС РФ:

«Быць у гэтым сьпісе для мяне гонар. Мне здаецца, там падабраліся прыстойныя людзі з усёй Эўропы, так што я апынуўся ў добрай кампаніі. Саромецца няма чаго».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG