Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чырвона-зялёныя» і «бел-чырвона-белыя» заўзятары паразумеліся пасьля куфля піва


У Чэхіі працягваецца чэмпіянат сьвету па хакеі. Беларусы пасьля перамогі над славенцамі і паразы ў авэртайме ад славакаў займаюць у сваёй групе месца пасярэдзіне — чацьвёртае з васьмі камандаў. Цікавыя падзеі разгортваюцца ня толькі на лёдзе, але і на трыбунах. Ці не ўпершыню на ўсясьветных першынствах заўважаныя аматары хакею ў нацыянальных вышыванках, а гістарычныя бел-чырвона-белыя сьцягі суседнічаюць з афіцыйнымі чырвона-зялёнымі. Што гэта? Замірэньне ці безвыходнасьць ад марнага чаканьня зьменаў?

Заўзятарскі дэсант у Остраве, дзе кватаруе зборная Беларусі пад кіраўніцтвам канадзкага спэцыяліста Дэйва Льюіса, досыць шматлікі і пры гэтым «рознакаляровы». Нават з апублікаваных здымкаў можна зрабіць выснову: бальшыня — у хакейных майках зь вялізным вянком-гербам на грудзях, зь дзяржаўнымі палотнішчамі і расфарбаванымі чырвона-зялёнымі тварамі. Відаць, што пастараліся актывісты з БРСМ — сам быў сьведкам, як на аналягічны чэмпіянат у Хэльсынкі «камсамольцы» везьлі сьцягі ў літаральным сэнсе чамаданамі.

Іхнія ідэйныя апанэнты складаюць меншую групу: збольшага абгорнутыя ў бел-чырвона-белае, такія ж мініятурныя сьцяжкі на шчоках, беларуская гаворка. Нярэдка сустракаецца і «гібрыдны» варыянт — вышыванкі і бээсэсэраўскія сьцягі.

За прамінулыя дні асаблівых канфліктаў у асяродзьдзі заўзятараў, падзеленых па ідэалягічнай прыкмеце, не зафіксавана. Мала таго, на трыбунах назіраецца своеасаблівае яднаньне — сацыяльныя сеткі абышоў здымак, дзе гістарычны сьцяг на парэнчах «заціснуты» паміж двума дзяржаўнымі. Камэнтатары адразу ж пачалі ставіць пляны на будучыню: дамагчыся, каб прапорцыя была 2:1 — дзяржаўны ў аблозе двух нацыянальных.

Зрэшты, як кажа заўзятар беларускай зборнай Мікіта Самкоў, які цяпер навучаецца ў Чэхіі, лякальныя непаразуменьні ўсё ж здараюцца:

«Быў на матчы Беларусь — Славенія. Магу сказаць, што беларусаў прыехала дастаткова — са славенцамі прыкладна 50×50. Пры ўмяшчальнасьці арэны ў 10 тысяч яна была запоўненая на 6 тысяч, і недзе больш за 2,5 тысячы — беларусы. З гэтай колькасьці афарбаваных у чырвона-зялёныя колеры, са сьцягамі, часам у саламяных капелюшах — працэнтаў 70, астатнія — зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, у майках з гербам „Пагоня“.

Перад матчам асаблівай канфрантацыі не заўважыў, усе заходзілі, рассаджваліся. Але ўжо пасьля першага пэрыяду стаў сьведкам непаразуменьня. У перапынку на выхад рушылі беларусы з афіцыйнай сымболікай, сьледам за імі — з нацыянальнай. Чырвона-зялёныя пагардліва кідаюць: „Ну што, і вы сюды даехалі?“. Тыя адказваюць: „А што такога?“ „Дык вы ж, — кажуць, — не беларусы“. „Як гэта не беларусы? Хіба гэта не адвечныя беларускія колеры — бел-чырвона-белыя?“. Пачалася спрэчка, але, на дзіва, у выніку разышліся мірна. Мала таго, потым выпілі піва і нават разам заўзелі, вырашылі канфлікт шляхам перамоваў. У прынцыпе, агульны настрой быў пазытыўны, усе эмацыйна падтрымлівалі каманду».

Наступны матч, які плянуе наведаць Мікіта зь сябрамі, адбудзецца 9 траўня, сустрэнуцца Беларусь і Расея. Напярэдадні 70-й гадавіны Перамогі крамлёўская прапаганда шматкроць узмацніла націск, хваля ваяўнічага патрыятызму захліснула ці ня большую частку расейцаў. Як паводзяць сябе ў Чэхіі заўзятары з усходу? Першае, што кідаецца ў вочы, кажа Мікіта Самкоў, — надзвычайная «мілітарызаванасьць» расейскай публікі: салдацкія пілёткі, марскія бесказыркі, георгіеўскія стужкі і г. д.:

«Тыя, якіх мы бачылі ў Остраве, паводзілі сябе зь нейкім публічным выклікам, не зважаючы на іншых. Многія хадзілі п’яныя, досыць агрэсіўныя. Некаторыя прыходзілі заўзець за беларусаў, дык нейкія мужыкі — ажно з Уладзівастоку, у фуражках марскога флёту, з рознымі напаўваеннымі сьцягамі, георгіеўскімі стужкамі. Усімі сваімі паводзінамі паказвалі, што сіла з намі, а значыць, усё астатняе здабудзем. То бок, як расейцы ўмеюць: прыяжджаюць і адчуваюць сябе як дома, дзе б яны ні былі. Таму ніхто асабліва не зьдзіўляецца. Але тыя ж славенцы, мы самі бачылі, у асноўным іх абміналі, ніхто не хацеў уступаць ні ў якія размовы. А тыя, паўтаруся, вальяжна разгульвалі, адчувалі сябе ледзь не гаспадарамі».

Адметна, што на тле чырвона-зялёнага засільля на трыбунах штаб беларускай зборнай і прадстаўнікі Фэдэрацыі хакею Беларусі дэманструюць прыхільнасьць да бела-чырвонай гамы. Прынамсі, і старшыня фэдэрацыі Ігар Рачкоўскі, і галоўны трэнэр каманды Дэйв Льюіс зьяўляюцца на публіцы ў элегантных бела-чырвоных шаліках з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG