Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штогадовы рытуал Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

29 красавіка адбудзецца сумеснае паседжаньне абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі, на якім з традыцыйным пасланьнем да парлямэнту і народу выступіць Аляксандар Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі зьвяртаецца да краіны з такімі пасланьнямі штогод. Свабода вырашыла згадаць асноўныя тэзы леташняга звароту Аляксандра Лукашэнкі і паглядзець, што з таго, да чаго ён заклікаў летась, выканана.

Леташняе пасланьне было агучана Аляксандрам Лукашэнкам 22 красавіка. Дарэчы, і сёлета першапачатковай датай значылася тое ж 22 красавіка. Перанос пасланьня, як кажуць, зьвязаны зь першым афіцыйным візытам кіраўніка беларускай дзяржавы ў Грузію, які праходзіў 22–24 красавіка.

«Моцная эканоміка і сумленная ўлада — падмурак незалежнасьці краіны і квітненьня нацыі», — такі назоў мела пасланьне летась.

А першыя словы, зь якіх Лукашэнка пачаў прамаўляць, гучалі так:

«Бурліць Украіна, у поўны рост спрабуе ўстаць Расея. Пацягнула дымком ад выбухаў».

«У гэтай сытуацыі, — падкрэсьліў Лукашэнка, — мы павінны любымі сродкамі адстаяць галоўную нашу каштоўнасьць — незалежнасьць краіны, сьвятое права жыць на сваёй зямлі і самім распараджацца сваім лёсам.

Для гэтага неабходны як мінімум тры рэчы:

Па-першае, адзінства народа Беларусі;

Па-другое, зрабіць урокі са сваіх памылак і памылак суседзяў;

Па-трэцяе, ясны праект будучыні Беларусі, здольнай натхніць і аб’яднаць як старэйшае, так і маладое пакаленьне нашай краіны».

Акцэнтуючы ўвагу на адзінстве, Лукашэнка заяўляў:

«Шчыры, сумленны грамадзкі дыялёг — гэта самая надзейная гарантыя ад расколу і смуты».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Гэтае абяцаньне Лукашэнкі ня выкананае. Грамадзкага дыялёгу як не было ў Беларусі, так і няма па сёньня», — канстатуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Пэрыядычна беларускае кіраўніцтва прамаўляе рытуальныя словы пра тое, што патрэбны дыялёг у грамадзтве. І гэтая тэза часам гучыць у пасланьнях дзеля таго, каб яны выглядалі цывілізавана. Трэба ж паказаць, што тут Эўропа, што тут няма дэспатыі.

Але гэтыя словы правісаюць у паветры. Галоўная прычына ў тым, што сама беларуская аўтарытарная сыстэма апрыёры не прызначаная для зваротнай сувязі. Бо, урэшце, і выбары — гэта зваротная сувязь. А ў нас гэты галоўны мэханізм заблякаваны. І таму і дыялёгу сапраўднага — дзеля зрухаў, ператварэньняў, прагрэсу — у нас быць ня можа. Кіраўніцтва дзяржавы ў ім не зацікаўленае».

Летась, кажучы пра памылкі, Лукашэнка найперш зьвярнуўся да падзеяў ва Ўкраіне:

«Ва ўкраінскага крызісу дзьве прычыны. Слабасьць эканомікі і татальная карупцыя... Мы стала і жорстка змагаемся з карупцыяй, з гэтым злом. Папярэджваю, ніякіх палёгкаў людзям, якія прычыніліся да карупцыі, няма, не было і ня будзе».

Леў Марголін
Леў Марголін

«У Беларусі барацьба з карупцыяй ператвараецца ў пустаслоўе», — мяркуе намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

«Ёсьць адзін вельмі яскравы прыклад — чыноўнікі і дэпутаты адмовіліся публікаваць свае дэклярацыі аб даходах. Калі чалавеку няма чаго баяцца, дык ён гатовы кожнаму расказаць пра свае прыбыткі і выдаткі. Калі гэтага няма, то ўзьнікае пытаньне: ці ёсьць у нашай краіне сапраўдная барацьба з карупцыяй? Няма».

Будучыня Беларусі, пра якую Лукашэнка ў 2014 годзе разважаў напрыканцы пасланьня, на ягоны погляд, выглядае так:

«Моцная эканоміка і сумленная ўлада — гэта падмурак незалежнасьці краіны і квітненьня нацыі. Гэта ідэал, да якога мы павінны імкнуцца».

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«За год, які прайшоў з моманту папярэдняга пасланьня, Беларусь ня толькі не наблізілася да заяўленых мэтаў, а нават аддалілася ад іх», — канстатуе кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Мы прасунуліся ўніз, прасунуліся да эканамічнага крызісу, да рэцэсіі. І з гэтым ужо ніхто ня можа спрачацца. Гэта як аксіёма, як тое, што двойчы два чатыры. Урад адназначна не дывэрсыфікаваў эканоміку, ён не стварыў новых інстытутаў.

Што тычыцца сумленнасьці ўлады, то ўпершыню, мабыць, за апошніх гадоў 15 інвэстыцыйную праграму Беларусі засакрэцілі. Гэта азначае, што чыноўнікі баяцца паказаць людзям сьпіс прыярытэтаў, баяцца паказаць, каму і колькі грошай яны дадуць. Якая ж тут сумленная ўлада?!»

Выступаць з пасланьнем Лукашэнка пачне ў 11 гадзін. Трансьляцыю будзе весьці тэлеканал «Беларусь 1» і першы нацыянальны канал Беларускага радыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG