Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваны ў забойстве Нямцова пройдзе дэтэктар хлусьні


Галоўны падазраваны ў забойстве Барыса Нямцова Заур Дадаеў пагадзіўся прайсьці праверку на дэтэктары хлусьні. Тым самым ён разьлічвае даказаць сваю невінаватасьць, піша расейская газэта «Коммерсант».

Прайсьці праверку на паліграфе Дадаеву прапанаваў яго новы адвакат Шамсудзін Цакаеў. У ходзе першай сустрэчы Дадаеў распавёў свайму абаронцу, што затрыманьне ў Інгушэціі стала для яго поўнай нечаканасьцю. Ён сьцьвярджае, што ў Маскве вывучаў рынак ахоўных паслугаў, а ў кватэры на Веернай вуліцы жыў таму, што яна была зарэзэрваваная для байцоў батальёну «Поўнач», у якім Дадаеў служыў з 2004 году. Дадаеў заявіў, што падпісаць прызнальныя паказаньні яго прымусілі праз катаваньні і пагрозы.

13 красавіка расейскі апазыцыянэр Ільля Яшын напісаў у Facebook, што ключавы сьведка па справе аб забойстве Барыса Нямцова Руслан Герэмееў можа хавацца ў Арабскіх Эміратах. «Калі гэта так, мы будзем дамагацца яго абвяшчэньня ў міжнародны вышук», — адзначыў Яшын. Гэтае прозьвішча неаднаразова фігуравала ў розных публікацыях адносна гібелі Нямцова. Нягледзячы на інфармацыю, якая зьявілася ў прэсе, аб тым, што сьледчыя дапыталі Герэмеева, ніякіх сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да яго на самай справе праведзена не было, піша Яшын.

На думку Яшына, адна з самых верагодных вэрсій заключаецца ў тым, што матывам для забойства стаў афіцыйны запыт Нямцова з указаньнем факту ўдзелу ў баявых дзеяньнях у Данбасе чачэнскіх баевікоў і ролі Кадырава ў гэтай вайне, напісаў Яшын ў Facebook.

Барыс Нямцоў быў забіты позна ўвечары 27 лютага ў цэнтры Масквы. Па справе аб забойстве палітыка, акрамя Заўра Дадаева, арыштаваныя яшчэ чатыры чалавекі — Анзор і Шадзід Губашавы, Тамерлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG