Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў: «Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта»


Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра рэакцыю беларускіх пісьменьнікаў на зьбіцьцё дэпутатаў.

Начныя падзеі ў Авальнай залі 11-12 красавіка 1995 году, на думку некаторых аглядальнікаў, зафіксавалі пераход да новага этапу ў найноўшай гісторыі Беларусі. Але пра ацэнкі палітыкаў і палітолягаў — пазьней, цяпер — пра тое, як зрэагавалі літаральна ў першыя ж гадзіны пасьля зьбіцьця дэпутатаў беларускія пісьменьнікі.

Прывяду два тэксты — паэта і празаіка. Абодва прагучалі ў тыя дні на хвалях Свабоды.

12 красавіка 1995 году Сяржук Сокалаў-Воюш, які тады працаваў у мюнхенскай рэдакцыі Радыё Свабода, напісаў верш і даслаў яго факсам у Менск — і мы з калегамі-дэпутатамі прачыталі такія радкі:

Галодным — спагада, сытым — праклён,
А галадаючым — нізкі паклон,
А галадаючым — слава і плён...
«А хто гэта іх, не адзін мільён...»?
бяда? гора?
Брыда й гонар
Брыда: і здрадніцтва
І адступніцтва
Брыда варожасьці
І падкупніцтва,
Гонар за собскасьць
за люд
за нацыю
хай задураную,
абылганую,
але
не памерлую,
не заганную,
Якая раптам на каранацыю
Брыду прывяла праз давернасьць натуры,
А тэй
Захацелася
Дыктатуры...
Галодным — жаль мой,
Сытым — мой стрэл,
А галадаючым — мой жа ўдзел.
«чаго ж» ізноў «захацелась» нам? —
Прыйсьці ў заўтра, а не ўварвацца,
На зло «господам» і на зло «панам» —
ЛЮДЗЬМІ ЗАВЁМСЯ —
НАРОДАМ ЗВАЦЦА!
Галодным — заклік,
Сытым — гразьба
А галадаючым — цьвёрдасьць раба,
Што скінуў кайданы з рук
І ёрмы з гарба... касьба й малацьба...
Бязьмежнасьць жыцьця...
А
Ў гэтай бязьмежнасьці
Ёсьць унікальнасьць!
Няма зьліцьця
Ворага Незалежнасьці

12 красавіка 1995 году
Мюнхен.

Вестка пра тое, што адбылося ў Авальнай залі, разышлася пра Менску імгненна. Каля я вярнуўся да хаты, каб хоць некалькі гадзінаў паспаць, патэлефанаваў Уладзімер Арлоў. Празь нейкі час давялося яшчэ раз пераказваць абставіны падзеяў у Авальнай залі — пазваніў Васіль Уладзімеравіч Быкаў.

І неўзабаве на хвалях Свабоды прагучаў быкаўскі камэнтар (пазьней яго зьмясьціла газэта «Свабода», са скарачэньнем^; я падаю тэкст так, як яго прачытаў Быкаў):

«Вельмі хацелася б памыліцца, згледзіць усё як эпізод ў няпростых калізіях палітычнага змаганьня на Беларусі, але, здаецца, памыліцца тут немагчыма. Тое, што адбылося ў апошнія дні, ёсьць ні што іншае, як прэлюдыя фашыстоўскага перавароту, калі група асобаў учыняе крывавую лазьню ў сьценах парлямэнту і захоплівае ўсю паўнату ўлады ў краіне.
Адбылося тое, што нядаўна адбывалася хіба што ў шэрагу лацінаамэрыканскіх краінаў, у чорнай Афрыцы, некаторых краінах Азіі. Але што цікава: нідзе той дыктатарска-фашыстоўскі рэжым не затрымаўся надоўга. У крайнім выпадку, яго хутка зьмяняў такі ж, хоць і пад іншым кіраўніцтвам, які ставіўся да сваіх папярэднікаў гэтак сама бязьлітасна, як тыя ставіліся да сваіх. У нас жа вельмі непрыемна і нават страшна, што ўсё тое інспіравана зьверху, пад кіраўніцтвам быццам бы дэмакратычна абранага прэзыдэнта, у руках якога і без таго засяроджана вялізарная сіла.
Раней ён тую сілу праз сваю славутую «вэртыкаль» пагрозьліва рэалізоўваў на плошчах ды вуліцах, якія захапілі ўзброеныя фармаваньні з іхняй тэхнікай, як гэта было 9-ага красавіка, з арыштам кожнага, хто ў дзень угодкаў БНР адважваўся ўзяць у рукі беларускі нацыянальны сьцяг. Цяпер іх судзяць у розных судах сталіцы.
Але самае на ўвесь сьвет ганебнае ён учыніў у парляманце, калі прымяніў сілу да жменькі непакорнай апазыцыі. Нават кішэнны па сутнасьці, паслухмяны і пракамуністычны Вярхоўны Савет, стаў для яго перашкодай.
Але перашкодай на шляху — куды? Ведама ж, для ўстанаўленьня асабістай дыктатуры, каб «усур’ёз і надоўга». Сёньня ён перамог рукамі «гарылаў» у чорных масках. Ужо пэўна, што на Беларусі ня будзе парляманту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі вольнае прэсы.
Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта, а як кіруе хунта — мы добра ведаем зь нядаўняга вопыту. Беларусь падае яшчэ глыбей у прорву палітыка-эканамічнага крызісу, на выйсьце зь якога страчваюцца апошнія спадзяваньні.
Што ж, можна хіба павіншаваць беларусаў зь мінулымі выбарамі. Горай — ня зробіш. Для сябе, для грамадства, для нашчадкаў — таксама».

Апошнімі — па тым часе — былі выбары 1994 году, на якіх прэзыдэнтам краіны быў абраны Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG