Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцаў і беларусаў аб’ядноўвае любоў да вышыванак і нацыянальных строяў


Літоўцы лічаць свае нацыянальныя строі сымбалямі дзяржаўнасьці, як сьцяг ды гімн, — заявіў Свабодзе дырэктар літоўскага Цэнтру народнай культуры Саўліўс Ляўса.

У Магілёве распачаліся Дні літоўскай культуры. 8 красавіка ў выставачнай залі музэю гісторыі Магілёва адкрылася выстава фатаграфіі і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасьці «Літоўскі гасьцінец». На ёй прадстаўлены і нацыянальны літоўскі строй.

«Строй — гэта як сымбаль дзяржаўнасьці, разам з гімнам ды сьцягам», — адзначыў у інтэрвію Свабодзе дырэктар літоўскага Цэнтру народнай культуры Саўліўс Ляўса (Saulius Liausa).

Паводле госьця зь Літвы, нацыянальны строй бліжэй да чалавека:

«Нездарма, — кажа ён, — у 19 стагодзьдзі зьявілася традыцыя насіць нацыянальны строй ня толькі ў Літве, але ўва ўсёй Эўропе.

Тады распадаліся імпэрыі. Маленькія краіны шукалі свой шлях да сувэрэнітэту, да сваёй дзяржаўнасьці. Сымбалем гэта стаў нацыянальны строй з народу, з нашых традыцыяў. І цяпер зноў адраджаецца пашана да нацыянальнага строю. І для нас, літоўцаў, дужа дарагі гэты сымбаль».

Саўліўс Ляўса
Саўліўс Ляўса

На пытаньне: «На колькі цяпер у сучаснай Літве нацыянальны строй папулярны?» — суразмоўца падкрэсьліў:

«У дваццаць першым стагодзьдзі, вядома ж, традыцыі шукаюць кантактаў з моладзьдзю. Мы, у Літве, імкнемся, каб нацыянальны строй сышоў са сцэны. Так сталася, што апошнія дзесяцігодзьдзі нацыянальнаму строю адведзенае месца на сцэне — ён як рэпрэзэнтант культуры.

Мы ж хочам, каб ён зноў стаў бліжэй да народа. Летась на дзень дзяржаўнасьці 6 ліпеня абвясьцілі Дзень нацыянальнага строю, каб адбывалася яго папулярызацыя. Дызайнэры бяруць асобныя яго элемэнты і выкарыстоўваюць іх, бо строй цалкам штодня насіць ня будзеш, але асобныя яго дэталі можна. Нас чакае вялікая праца, бо попыт і цікавасьць да яго ёсьць. Маладое пакаленьне таксама выкарыстоўвае дэталі нацыянальнага строю».

Літоўскі нацыянальны строй
Літоўскі нацыянальны строй

На думку Саўліўса Ляўсы, беларусы таксама праяўляюць інтарэс да свайго нацыянальнага строю. Госьць зь Літвы адзначае, што яму даводзілася бачыць рэгіянальныя строі беларусаў — іхныя ўзоры:

«У вас дужа багатая традыцыя нацыянальнага строю. Багатая традыцыя этнакультуры. У маленькіх вёсках, у старых людзей ёсьць тое, што неабходна цяпер фіксаваць. На будучыню думаць, што з гэтым рабіць, каб ня зьніклі традыцыі гэтыя. На сёньняшні дзень у вас вельмі шмат багацьця».

Саўліўс Ляўса адзначае, што ў літоўскага нацыянальнага строю і беларускага шмат падабенства. Багата і адрозьненьняў.

«Асобныя дэталі з таго, з чаго ствараецца строй, падобныя ўзоры — бо што такое адлегласьць у сто кілямэтраў. Гэта ж нічога ня значыць. Межы ўмоўныя, — заўважае суразмоўца. — Іх проста нехта правёў у свой час. Сказаў, што тут будзе мяжа. А людзі ж жывуць з абодвух бакоў мяжы. Традыцыі перамешваюцца. На памежжы строі падобныя. Далей ад мяжы больш адрозьненьняў».

На адкрыцьці выставы «Літоўскі гасьцінец» шмат гаварылася пра важнасьць міжкультурных абменаў. Гэта адзначыў і амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, які павітаўся з грамадою, якая прыйшла на адкрыцьцё выставы, па-беларуску. Да сваіх землякоў зьвяртаўся па-літоўску.​

Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус зьвяртаецца да сваіх землякоў.
Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус зьвяртаецца да сваіх землякоў.

Пра гэта ж казалі і чыноўнікі Магілёўскага аблвыканкаму. Яны віталі гасьцей зь Літвы па-расейску. Пахваліліся, што на Магілёўшчыне адноўленыя ўзоры беларускага нацыянальнага строю з усіх 21 раёнаў вобласьці.

8 сакавіка адбыўся канцэрт літоўскага акадэмічнага хору «AVE VITA». Прагучалі літоўскія народныя песьні. Магілёўцы пачулі ўнікальную манеру шматгалосага выкананьня харавой песьні — «сутарцінес», якая ўнесенае ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Дні літоўскай культуры ў Магілёве завяршацца 9 красавіка.

Літоўскія музыкі ў нацыянальных строях
Літоўскія музыкі ў нацыянальных строях

Экспанаты выставы
Экспанаты выставы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG