Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі расейскага касмадрому абвясьцілі страйк і галадоўку, бо ім ня плацяць


«Будоўля стагодзьдзя» ў Расеі стала жахам для соцень працаўнікоў. На будаўніцтва касмадрому «Ўсходні» прыехалі нават з Украіны і Малдовы.

Дзесяткі будаўнікоў далёкаўсходняга касмадрому «Ўсходні» — на мяжы галадоўкі. Ім не выплачваюць заробак. Многія ня бачылі грошай з Новага году. У рабочых, якія прыехалі з цэнтральнай Расеі, няма грошай нават на квіткі дадому, а нядаўна працадаўца перастаў аплачваць харчаваньне ў сталовай. Каля тыдня работнікі страйкуюць — не выходзяць на будоўлю. Яны абвясьцілі, што з 4 красавіка пачынаюць галадаць — бестэрмінова. У адказ на пратэсты іх называюць «сабатажнікамі».

Будаўніцтва будучага галоўнага расейскага касмадрому «Ўсходні» ў Амурскай вобласьці пачалося ў 2012 годзе. Ужо напрыканцы гэтага году, паводле пляну, павінен адбыцца першы запуск. Для працаўнікоў будуюць цэлы новы горад на некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Сам горад афіцыйна яшчэ не існуе, але з падачы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна яго ўжо назвалі Цыялкоўскі.

На будоўлю зьехаліся людзі з усёй Расеі і ня толькі. Сярод будаўнікоў сустракаюцца людзі з Украіны, з Малдовы, а таксама сярэднеазіяцкіх краінаў. Вахтавікам на словах абяцалі заробкі па 40, 45 і нават 70 тысяч расейскіх рублёў на самых «простых» пасадах зваршчыкаў, бэтоншчыкаў і мантажнікаў. Па тэлевізары казалі пра грандыёзную будоўлю стагодзьдзя, новы БАМ і сусьветную касьмічную гавань.

Аднак з часам ад працаўнікоў пачалі паступаць трывожныя навіны. Камусьці заплацілі ў некалькі разоў менш, чым абяцалі. Пра кагосьці забыліся наогул. Хтосьці стаміўся чакаць грошай, пакінуў будоўлю і стараўся хутчэй забыць пра Далёкі Ўсход. Гэтак, муж Кацярыны з Краснадарскага краю, як яна сьцьвярджае, напрыканцы мінулага году за тры месяца атрымаў у кампаніі «Элефант» 5 000 рублёў — і то пасьля разьбіральніцтваў з кіраўніком: «Аддаваў ён грошы праз пракуратуру. То бок ён аддаў, а муж напісаў заяву аб адмове ад крымінальнай справы». Грошы на дарогу дасылалі з дому.

Страйк ідзе ўжо больш за тыдзень

На пачатку 2015 году праблема стала масавай. Лік тых, каму ня плацяць, пайшоў на сотні. Звычайная сума — паміж 100 і 140 тысячамі расейскіх рублёў. 24 сакавіка супрацоўнікі аднаго з субпадрадных прадпрыемстваў — мантажнікі, бэтоншчыкі, манцёры, зваршчыкі — ня выйшлі на працу. З таго часу працягваецца страйк, паведаміў Радыё Свабода адзін са страйкоўцаў, Яўген:

— Я з Саратава, ёсьць хлопцы з Краснадару, Чалябінску, Чыты... Украінцы, малдаване. І я, і многія іншыя тут зь лістапада 2014 году. Атрымалі заробак толькі аднойчы — у лютым за сьнежань. Дома сем’і, жонкі ў шоку. І мы прыехаць ня можам — няма грошай. Кожны дзень прыходзім да офіса, стаім, страйкуем. Некаторыя людзі ўжо паміж сабой пачалі сварыцца. Там зрабілі чаргу, склалі сьпісы, хто першы будзе атрымліваць даўгі, і людзі канфліктуюць.

Яўген працуе ў адной з самых праблемных фірмаў пад назвай «Будіндустрыя-С». Роля гэтай кампаніі ў будаўніцтве касмадрому выглядае паказальнай. Гэта субсубпадрадчык, то бок грошы з бюджэту Расеі, перш чым прыйсьці да працоўных, прайшлі праз трох пасярэднікаў. Дзяржаўная ўстанова «Дальспэцбуд» даручыла працу кампаніі пад назвай «Ідэал». Тая, у сваю чаргу, перапрадала замову «Будіндустрыі», зарэгістраванай у Сочы. На нейкім этапе грошы згубіліся. Людзей нават перасталі пускаць у сталовую: поліўку ім цяпер разьліваюць па місках проста ў вагончыках, дзе тыя жывуць. Доўг працаўнікам гэтай кампаніі складае 14 мільёнаў расейскіх рублёў. Увесь апошні тыдзень штодня ім кажуць, што грошы вось-вось выплацяць. Пракуратура Амурскай вобласьці днямі нават паведаміла, што выплаты пачаліся. З фармальнага гледзішча яна ня схлусіла.

— Прывезьлі 400 тысяч рублёў на 100 чалавек. Грошы атрымалі 4 чалавекі. На наступны дзень прывезьлі 100 тысяч, атрымалі паўтара чалавека: аднаму вярнулі доўг цалкам, іншаму часткова. З нас нібы зьдзекуюцца. Калі сюды ляцелі, думалі: здаецца, касмадром, такая ўсерасейская будоўля стагодзьдзя. А тут такое... Ня ведаю, як назваць. У інтэрнэце ў нас людзі пытаюцца — як, што там, якія ўмовы? Што адказваць — проста казаць, каб сюды наогул ніхто ня ехаў? Мы і ўсе нашыя знаёмыя дакладна больш не паедзем. Будуць браць пачаткоўцаў. Яны прыяжджаюць, толкам нічога не ведаюць. Нас таксама папярэджвалі: тут нейкая бяда, пацаны, бяжыце. Мы: нічога страшнага. Засталіся. Вось і «засталіся»... — кажа Яўген.

Усё, пра што цяпер думае будаўнік з Саратава — атрымаць грошы і хутчэй зьехаць дадому. «Рамантычныя» паездкі на Далёкі Ўсход канчаюцца для людзей думкамі пра тое, што трэба хутчэй яго пакінуць і не вяртацца.

Карысьці для мясцовага бюджэту мала

Рамантычныя думкі аб бурным эканамічным разьвіцьці Амурскай вобласьці, дзе ідзе будоўля, пакуль таксама застаюцца для яе жыхароў марамі. Паводле дэпутата абласнога заканадаўчага сходу ад КПРФ Рамана Кабызава, дзякуючы «Ўсходняму» вырасьлі адлічэньні ў мясцовыя бюджэты, а таксама ў дарожны фонд. Гэта, па вялікім рахунку, усё, што рэгіён атрымаў, апроч касьмічнага гонару. Як дэпутат і прадстаўнік камуністычнай партыі Кабызаў атрымліваў скаргі ад працаўнікоў касмадрому з самага пачатку яго будаўніцтва. Зь мінулага года звароты сталі масавымі. Пры гэтым у самой Амурскай вобласьці амаль нічога зрабіць з гэтым усё роўна нельга: калі гаворка заходзіць пра касьмічныя мільярды, усе дарогі вядуць у Маскву.

— Большая частка тых будаўнічых арганізацый, якія працуюць, зьяўляюцца фэдэральнымі, не мясцовыя. На жаль, ва ўсёй Расейскай Фэдэрацыі ёсьць гэты заганны круг — «субчыкі», субпадрадчыкі. Магу прывесьці прыклад: каля году таму адзін з жыхароў Прымор’я, які мае сваю фірму, выйграў на аўкцыёне досыць буйны тэндэр на кладку труб у Амурскай вобласьці. Ён тут жа зьвярнуўся ў Благавешчанск да прадпрымальнікаў, якія маглі гэта рабіць, каб перадаручыць працу. На лягічнае пытаньне «А што ж ты сам не прыяжджаеш, раз ты выйграў тэндэр?» ён кажа: «Да вы што? Каб я яшчэ тэхніку гнаў? Я выйграў тэндэр, цяпер яго перапрадаю». Такая практыка існуе і існавала на ўсіх будоўлях, ад Калінінграду да Камчаткі. Пры ёй мы бачым не будоўлю стагодзьдзя, а ручное кіраваньне, дзе Рагозін прылятае з праверкамі кожныя ці то два тыдні, ці то тыдзень, — распавядае Раман Кабызаў.

У 2012 годзе будаўніцтва пачалі суправаджаць «этнічныя» скандалы: мясцовыя жыхары, якім захоплена распавядалі пра тысячы вакансій, са зьдзіўленьнем назіралі, як на касмадром зьяжджаюцца працаўнікі з Узбэкістану і Таджыкістану. Працоўныя месцы заставалася толькі праводзіць позіркам. У 2013 годзе тэма для абмеркаваньня зьмянілася — цяпер шматлікія фірмы — субпадрадчыкі дзяржаўнага «Спэцбуду» захапіліся гульнямі з заробкамі. З абяцаных сумаў вылічвалі грошы за харчаваньне, пражываньне, часам проста недаплачвалі. «Будоўлі стагодзьдзя» на руку апынулася павальная прававая непісьменнасьць людзей — з многімі дамовы замянялі «дамоўленасьцямі», а тыя дакумэнты, што былі, працаўнікі падпісвалі не чытаючы. З 2014 году модным на касмадроме стала ўжо не прыцягваць замежнікаў ці падманваць з памерам заробку, а затрымліваць яго.

Сярод дзесяткаў субпадрадчыкаў, якія сілкуюцца бюджэтнымі грашыма, вялікая частка ўсё ж плаціць працаўнікам у тэрмін. Аднак скандалаў сярод астатніх хапіла, каб найбуйнейшая расейская будоўля атрымала рэпутацыю «вахты для пачаткоўцаў». Людзі прыяжджаюць на паўгоду, расчароўваюцца, зьяжджаюць, але іх заўсёды зьмяняе сьвежая хваля на новы тэрмін.

Апроч таго, усе пастаянныя разборкі з заробкамі адбываюцца на фоне недахопу працоўных рук. Паводле ацэнак кіраўніка каардынацыйнага цэнтра касмадрому «Ўсходні» Канстанціна Чмарова, цяпер на будоўлі занятыя ад 5 да 7 тысяч чалавек, а патрабуецца 12-15 тысяч. У інтэрвію тэлеканалу «Расея 24» Чмарова спыталі пра затрымкі выплат, і ён абмаляваў сытуацыю наступным чынам:

— Цяжкая і доўгачасовая заўвага. І такі суправаджальны нэгатыўны фактар будаўніцтва касмадрома мае месца быць. Гэтае пытаньне знаходзіцца на пастаяннай крытыцы «Спэцбуду». Практычна кожны месяц прымаюцца рашэньні па гэтым пытаньні — лістамі, нарадамі, зваротамі. На жаль, пакуль такі недахоп ўласьцівы.

Відэатрансьляцыю з будоўлі спынілі

У дні, калі людзі пачалі баставаць, на касмадроме «Ўсходні» «з тэхнічных прычынаў» спынілася онлайн-трансьляцыя з будаўнічай пляцоўкі. Пра пачатак гэтага «народнага маніторынгу», каб за ўзьвядзеньнем аб’ектаў «сачыла ўся краіна», усяго некалькі тыдняў таму абвясьціў асабіста куратар «Усходняга» Дзьмітрый Рагозін.

24 сакавіка ў сваёй заяве пра забастоўку працаўнікі кампаніі «Будіндустрыя-С» далі пяць дзён на тое, каб іх патрабаваньні выканалі. У адказ кіраўнік «Дальспэцбуду» (адной з арганізацый, празь якую праходзілі грошы) абвінаваціў іх у сабатажы прац на важным дзяржаўным аб’екце.

3 красавіка група з 26 чалавек абвясьціла пра галадоўку, якая пачнецца з 4 красавіка. Адразу пасьля гэтага працаўнікоў папрасілі адмяніць рашэньне, паабяцаўшы, што ўжо на наступны дзень пройдзе важная нарада па гэтым пытаньні. Узгадаўшы ўсе афіцыйныя паведамленьні пра «выплаты пачаліся», «пад асабістым кантролем» і «займаюцца сабатажам», будаўнікі «Ўсходняга» ад гэтай прапановы адмовіліся.

Арыгінал артыкулу на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG