Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе ня плянуюць здымаць санкцыі, пакуль Расея ня выканае менскія пагадненьні


Саміт у Менску па ўрэгуляваньні расейска-ўкраінскага канфлікту, 11 лютага 2015
Саміт у Менску па ўрэгуляваньні расейска-ўкраінскага канфлікту, 11 лютага 2015

У Эўропе разважаюць над працягам санкцый у дачыненьні да Расеі на фоне замірэньня на Данбасе пасьля прыняцьця менскіх дамоўленасьцяў.

Абмежавальныя захады, якія былі ўведзеныя каля году таму пасьля далучэньня Крыму да Расеі і зробленыя больш жорсткімі з-за канфлікту на ўсходзе Украіны, мяркуецца ўвязаць з поўным выкананьнем пагадненьняў, высьветліла прэса.

Паводле Reuters, сытуацыю з магчымым працягам санкцый абмяркоўваў кіраўнік Рады Эўропы Дональд Туск з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам. Агенцтва зазначае, што эўрапейскія лідэры дамовіліся працягнуць санкцыі супраць Расеі прынамсі да канца 2015 году. Пры гэтым фармальнае рашэньне аб працягу санкцый, тэрмін дзеяньня якіх заканчваецца ў ліпені, ня будзе прымацца да наступнага саміту Эўразьвязу ў чэрвені.

Барак Абама
Барак Абама

Крыніцы, блізкія да кіраўніцтва ЭЗ, зазначылі, што цяперашні рэжым санкцый можа быць захаваны да поўнага выкананьня менскіх пагадненьняў, у зрыве якіх Масква абвінаваціла Кіеў, паведамляе Handelsblatt. Пра тое, што адмяняць санкцыі да гэтага выкананьня дамоўленасьцяў ЭЗ ня мае намеру, публічна заяўлялі і Мэркель, і Туск перад пачаткам саміту арганізацыі, які пройдзе з 19 да 20 сакавіка. А напярэдадні Мэркель і прэзыдэнт ЗША Барак Абама пагадзіліся, што зьмякчэньня санкцый Расеі дакладна не відаць, пакуль ня будуць выкананыя дамоўленасьці.

Пры гэтым іншыя эўрапейскія палітыкі заклікаюць праяўляць абачлівасьць у санкцыйнай палітыцы. У прыватнасьці, канцлер Аўстрыі Вэрнэр Файман у камэнтары Die Welt заклікаў удзельнікаў саміту ЭЗ у Бруселі праявіць стрыманасьць у пытаньні антырасейскіх захадаў. «Увядзеньне новых санкцый або ўзмацненьне жорсткасьці ўжо дзейных ня можа замяніць плян мірнага ўрэгуляваньня», — заявіў палітык, словы якога падае InoPressa.

Прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана адносяць да "сяброў Пуціна"
Прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана адносяць да "сяброў Пуціна"

Агенцтва Bloomberg сьцьвярджае, што за зьмякчэньне санкцыйнага рэжыму выступаюць, акрамя Аўстрыі, Гішпанія, Італія, Грэцыя і Кіпр, а таксама ўсходнеэўрапейскія Вугоршчына і Славаччына, занесеныя ў сьпіс «сяброў Пуціна».

Санкцыі ў дачыненьні да Расеі былі прынятыя каля году таму. У адказ РФ у жніўні 2014-га тэрмінам на адзін год увяла эканамічнае эмбарга на шэраг прадуктаў з краінаў ЭЗ, ЗША, Аўстраліі, Канады і Нарвэгіі. З тых часоў «чорны сьпіс» Захаду некалькі разоў дапаўняўся. У Крамлі зазначаюць, што ня лічаць санкцыйную палітыку разумнай. Пры гэтым прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў напярэдадні канстатаваў, што «Расея вучыцца жыць эфэктыўна ва ўмовах тых санкцый, якія ёсьць».

Дзьмітры Пяскоў
Дзьмітры Пяскоў

Комплекс захадаў па выкананьні менскіх пагадненьняў, які складаецца з 13 пунктаў, быў падпісаны ў Менску ў лютым уладамі Кіева і сэпаратыстамі. Дакумэнт прадугледжвае спыненьне агню бакамі канфлікту на Данбасе, адвод цяжкіх узбраеньняў абодвума бакамі, аднаўленьне поўнага кантролю Кіева над дзяржаўнай мяжой, канстытуцыйную рэформу Ўкраіны. У мінулы аўторак дэпутаты Вярхоўнай Рады ўхвалілі пералік раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, у якіх уводзіцца асаблівы парадак мясцовага самакіраваньня, але пасьля выбараў. Сэпаратысты назвалі гэта зрывам менскіх дамоўленасьцяў, той самай пазыцыі прытрымліваюцца ў Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG