Дарадца прэзыдэнта Польшчы паведаміў, што ў вучэньнях будуць задзейнічаныя як армія, так і органы ўлады ўсіх узроўняў.
У сэрыі вучэньняў, якія пройдуць па ўсёй краіне, будуць задзейнічаныя ўрад, мясцовыя ўлады і вайскоўцы, паведаміў галоўны дарадца прэзыдэнта Польшчы па пытаньнях бясьпекі.
Былая краіна ўсходнеэўрапейскага блёка, якая стала сябрам НАТО ў 1999 годзе, Польшча занепакоеная, што расейская анэксія Крыма і падтрымка сэпаратыстаў ва Ўкраіне можа стаць прадвесьнікам спробаў Масквы зноў заявіць пра свае правы ў астатняй частцы Усходняй Эўропы.
Польшча таксама паскарае праграму мадэрнізацыі сваёй арміі, кошт якой ацэньваецца ў 33 мільярды даляраў.
Міністар абароны Польшчы Томаш Сэмоняк заявіў, што яго ўрад спадзяецца атрымаць крылатыя ракеты Tomahawk ад Злучаных Штатаў ці іншай краіны.
Польшча ацэніць сваю агульную гатоўнасьць да патэнцыйнага ваеннага канфлікту, заявіў Reuters кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі генэрал Станіслаў Казей. Вучэньні, верагодна, пачнуцца ў другой палове гэтага году.
«Гэта цэлая сэрыя вучэньняў, накіраваная на праверку гатоўнасьці ўсіх элемэнтаў дзяржавы — урада, міністраў, рэгіянальных кіраўнікоў, мясцовых саветаў, раёнаў — да крызісу або вайны», — заявіў Казей, які зьяўляецца дарадцам прэзыдэнта Браніслава Камароўскага па пытаньнях бясьпекі.
Па словах Казея, Расея вядзе «інфармацыйную вайну» супраць Захаду.
«Няма сумневаў у тым, што Польшча ўжо зьяўляецца аб’ектам расейскай агрэсіі ў гэтым дачыненьні. Для гэтага выкарыстоўваюцца тэлеканалы, радыёстанцыі, розныя інтэрнэт-тролі ў сацыяльных сетках», — сказаў ён.
Адказваючы на пытаньне аб тым, ці гатовая Польшча паставіць Украіне сьмяротную зброю, Казей сказаў, што рашэньне па гэтым пытаньні пакуль не прынятае, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Вядуцца інтэнсіўныя перамовы на розных узроўнях, але рашэньне будзе прынятае толькі пасьля стараннага вывучэньня пытаньня польскім і ўкраінскім бакамі», — сказаў Казей.