Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Дзьмітры Строцаў заклікаў расейскую культуру да сьвядомага «самаўмаленьня» дзеля адраджэньня беларускасьці


Дзьмітры Строцаў, паэт
Дзьмітры Строцаў, паэт

На «Днях расейскай кнігі і расейскамоўных літаратур у Парыжы» расейскамоўны паэт зь Беларусі Дзьмітры Строцаў двойчы паўтарыў наступныя тэзы:​

«Першае, пра што сёньня трэба казаць, — гэта пра кенозіс расейскай мовы ў Беларусі, пра кенозіс як пра ўсьвядомленую задачу, аб новай мадэлі паводзін, аб самаўмаленьні расейскага ў сытуацыі памежжа, у сытуацыі сустрэчы з другой моўнай стыхіяй — беларускай, — 51-гадовы Дзмітры Строцаў пераказаў зьмест сваіх выступаў у сябе ў фэйсбуку. — Неабходна забыцца пра якую-кольвек барацьбу за ўплыў, аб спаборніцтве, аб праявах «мяккай» сілы.​

А сіла ёсьць і вось якая: у дзевяноста выпадках са ста, камунікацыя зь дзецьмі і падлеткамі ў беларускіх дзіцячых садках і школах вядзецца на расейскай мове, ва ўсіх вышэйшых навучальных установах выкладаньне вядзецца на расейскай мове, амаль у ста выпадках тэлевізійнае і радыёвяшчаньне — на расейскай, газэты і часопісы — амаль усе на расейскай, кнігі ў кнігарнях практычна ўсе на расейскай мове.​

​Немагчыма паўплываць на камэрсантаў, якія змагаюцца за рынкі, але мы, літаратары, павінны ўсьвядоміць сваю адказнасьць. З нашага папушчальніцтва, з-за нашых крыўдаў беларуская мова можа раптам зьнікнуць у Беларусі, як ужо адбылося з ідыш, які яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя быў адной з дзяржаўных моў у Савецкай Беларусі. Неабходна саступальная камунікацыя, уважлівая сустрэча зь беларускай славеснасьцю, неабходна актыўна перакладаць беларускіх аўтараў на расейскую, прапагандаваць беларускую літаратуру, прыцягваць беларусаў да ўдзелу ў расейскіх праектах ўсюды, дзе толькі можна.

І мы павінны дапамагчы тым расейскамоўным аўтарам Беларусі, якія яшчэ не зусім адарваліся ад каранёў, перайсьці з расейскай на беларускую. Гэта годна, гэта па-хрысьціянску, гэта — кенозіс. Нельга скнарнічаць», — падсумоўвае Строцаў.​

Як нагадвае Наша Ніва, Дзьмітрый Строцаў — паэт-мэтафізык, сябар Беларускага ПЭН-Цэнтра, і выдавец (выдавецтва «Вінаград»). Праваслаўны вернік, ён выдае шмат непрыбытковай беларускамоўнай праваслаўнай літаратуры.​

Кенозіс — гэта тэалягічны тэрмін, які азначае ахвярнае і прыніжанае сыходжаньне бога ў сьвет, зь любові да людзей, ад грэч. κένωσις — спусташэньне.​ Сам Строцаў мае расейскія карані. Па прафэсіі ён архітэктар, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Ён тата Андрэя Строцава.​

Як піша Мікола Бугай на сайце Нашай Нівы, «заклік Строцава да сьвядомага самаўмаленьня расейскай культуры ў Беларусі, заклік да расейскамоўных беларусаў вяртацца да мовы сваіх прашчураў — каштоўны маральны жэст, рэдкасны на плянэце, дзе часьцей адбываецца вайна культур».

Намесьніца старшыні ТБМ імя Францішка Скарыны Алена Анісім пракамэнтавала Свабодзе ініцыятыву Дзьмітрыя Строцава:

«Гэта мае глыбокі маральны кантэкст, і такую ініцыятыву варта вітаць. Спадзяюся, што тыя творцы, якія сёньня пішуць на рускай мове, таксама зразумеюць сутнасьць гэтай ініцыятывы. Што яны адчуюць новае дыханьне, яшчэ большае пакліканьне да сваёй справы, і гэта дапаможа ім разьвіць свой талент. Напрыклад, Янка Купала ня стаў бы Купалам, калі б не пачаў пісаць па-беларуску. А першыя спробы ён рабіў зусім не на беларускай мове. Напэўна, і Максім Багдановіч ня стаў бы такой асобай, калі б ён у свой час не абраў беларускую мову. Я жадаю тым творцам, хто пачуе гэты заклік і знойдзе ў сабе жаданьне і пакліканьне пісаць па-беларуску, адчуць і моц свайго таленту, і нейкае новае дыханьне, і стварыць насамрэч таленавітыя творы. І гэта паслужыць узбагачэньню наагул культуры. Бо культура як паняцьце агульнае больш дае чалавеку сілы, моцы, чым калі людзі пачынаюць сыходзіць на зусім дробязныя рэчы. Пры гэтым я не хачу, каб людзі самаўмаляліся ці рабілі гэта пад нейкім ціскам, што гэта мода ці яшчэ нешта, а рабілі менавіта па закліку душы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG