Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2017-м Менск хоча стаць кніжнай сталіцай сьвету


Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандар Суша
Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандар Суша

Сёлета беларуская грамадзкасьць адзначае 525-годзьдзе Францішка Скарыны і рыхтуецца да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукаваньня.

6 жніўня 1517 году Францыск Скарына ў Празе ў створанай зь ягонай ініцыятывы друкарні выдаў першую беларускую кнігу «Псалтыр». Зь яе Скарына распачаў сваю асьветніцкую місію, якой праславіўся сам і пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну — выдадзеныя ім кнігі. Як адзначаліся беларусамі юбілеі Скарыны і як маюць яны цяпер адзначацца? Свабодзе на гэтыя пытаньні адказаў намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандар Суша, які зрабіў экскурс у гісторыю знакавых датаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю беларускага першадрукара.

Пяцісотгадовы юбілей Францішка Скарыны беларуская грамадзкасьць адзначыла ў 1990 годзе. Аляксандар Суша заўважае: імпрэзы тады ладзіліся ня толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Іх удзельнікамі былі знаныя беларусы, якія зьяжджаліся амаль з усіх куткоў сьвету. Было выдадзена шмат кніг, усталёўваліся памятныя дошкі і помнікі, у тым ліку і за мяжой, у Празе і Падуі. У Менску імем Скарыны назвалі цэнтральны праспэкт горада, пазьней перайменаваны Аляксандрам Лукашэнкам. Зьявіўся і ордэн Францыска Скарыны.

«Гэтая дата, якая ўпершыню ў беларускай гісторыі была адзначаная на ўзроўні ААН і ЮНЭСКА дазволіла Беларусі ў вельмі складаны для беларускай ідэнтычнасьці, для беларускага самаўсьведамленьня час выйсьці на міжнародную арэну, — кажа Аляксандар Суша. — І Беларусь тады загучала. Загучала ў юнэскаўскіх календары, загучала ў штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Парыжы. Загучала на многіх міжнародных форумах і пляцоўках».

Сёлетні юбілей, 525-годзьдзе Скарыны, лічыць спадар Суша, таксама мусіць годна адзначацца. Яна мае стаць падрыхтоўкай да сьвяткаваньня 500 гадовага юбілею беларускага кнігадрукаваньня, які надыдзе праз два гады. Паводле намесьніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі шмат чаго ўжо заплянавана:

«Я ўпэўнены, што мы завершым працу па факсымільным ўзнаўленьні ўсёй спадчыны Скарыны. Выйдуць маркі, капэрты, мэдалі, прысьвечаныя гэтаму юбілею. На гэта будзе накіравана ініцыятыва па наданьні Менску званьня кніжнай сталіцы сьвету. Гэта ініцыятыва юнэскаўская. Нядаўна прыяжджаў намесьнік генэральнага дырэктара ЮНЭСКА і мы абмяркоўвалі магчымасьць Беларусі намінавацца на такі статус».

Кніга Ластоўскага (музэйныя экзэмпляры)
Кніга Ластоўскага (музэйныя экзэмпляры)

Да 400-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня вядомы дзеяч беларускага адраджэньня пачатку 20 стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі выдаў сваю ўнікальную працу — «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». Паводле Аляксандра Сушы, значэньне выдадзенай ў 1926 ў Коўне кнігі немагчыма пераацэніць для беларускай культуры. Ластоўскі, зазначае намесьнік дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, паказаў беларусам, што іх кніжная культура мае вялікую гісторыю:

«Пра Статуты Вялікага Княства Літоўскага, пра Скарыну ў межах беларускай культуры ў той час амаль ніхто тады ня думаў і не разважаў. Згадкі пра тое, што ў нас існавала даўняя традыцыя пісьменства і друкаваньня на нашай мове, вядома ж былі, але такога падыходу да аналізу кніжнай культуры дагэтуль не было. Гэтая навуковая праца дагэтуль застаецца абсалютна не пераўзыйдзенай па цэламу шэрагу пытаньняў».

Аляксандар Суша перакананы, што імя Францыска Скарыны, юбілеі зьвязаныя зь ягонай кнігавыдавецкай дзейнасьцю, маюць кансалідаваць беларусаў:

«Імя Францыска Скарыны лучыць нашу культуру з культурамі іншых народаў. Яно мусіць быць выкарыстана ў культуратворчым кантэксьце. Імя Францыска Скарыны мае быць выкарыстанае для таго, каб кансалідаваць намаганьні і яшчэ раз заявіць пра сябе і ўзьняцца на свой пачэсны пасад між народамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG