Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту-фрылансэру не ўдалося адстаяць у судзе права на прафэсію


Андрэй Мялешка
Андрэй Мялешка

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу гарадзенскага журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешкі на рашэньне Ленінскага суду Горадні, паводле якога Мялешку прызналі вінаватым у вырабе і распаўсюдзе інфармацыі для замежных СМІ без акрэдытацыі. Гэта ўжо трэцяя адмова ў абласным судзе на прысуды Мялешку па адным і тым самым артыкуле на працягу году.

У сваёй скарзе на рашэньне Ленінскага суду Горадні Мялешка, спасылаючыся на заканадаўства Беларусі, даводзіў, што яго асудзілі за выраб і распаўсюд інфармацыі для замежных СМІ беспадстаўна, бо ні вырабам, ні тым больш распаўсюдам інфармацыі ён папросту ня мог займацца.

Ён браў інтэрвію ў прафэсара Валера Чарапіцы падчас прэзэнтацыі кнігі, а потым гэтае інтэрвію зьявілася на польскім Радыё Рацыя, і Мялешка гэтаму не пярэчыў. Дарэчы, за гэта яго асудзілі на 6 мільёнаў рублёў штрафу.

Паводле Мялешкі, ён — фізычная асоба, а выраб інфармацыі адбываецца непасрэдна ў рэдакцыі мантажорамі і рэжысэрамі, распаўсюджвае ж інфармацыю радыё — юрыдычная асоба. Ён жа як журналіст-фрылансэр толькі піша матэрыял і прадае тым СМІ, якія ў гэтым зацікаўленыя. І законы Беларусі, паводле Мялешкі, гэтага нікому не забараняюць.

На падставе гэтага Мялешка настойваў на тым, што пад артыкул 22.9 частка 2, паводле якога яму вынесьлі прысуд, ні ён сам як фізычная асоба, ні ягоная дзейнасьць наагул не падпадаюць. Судзьдзя абласнога суду ня ўзяў пад увагу довады Мялешкі. Адрозным ад папярэдніх разглядаў ягоных скаргаў было толькі тое, што гэтым разам судзьдзя амаль цалкам зачытаў скаргу журналіста і паседжаньне суду зацягнулася даўжэй, чым папярэднія разы.

Пасьля паседжаньня суду Мялешка сказаў Свабодзе, што мае намер абскарджваць і гэтае рашэньне, але ўжо ў міжнародных інстанцыях. Ён таксама дадаў, што тройчы падаваў скаргу на практычна аднолькавыя рашэньні раённых судоў, маючы надзею, што ў Горадні ўсё ж знойдзецца судзьдзя, які аб’ектыўна і на падставе законаў разгледзіць ягоную справу.

Я разумею, што з кожным разам надзея зьмяншаецца на тое, што судзьдзі ўрэшце пачнуць прытрымлівацца дзейнага заканадаўства.

«Я разумею, што з кожным разам надзея зьмяншаецца на тое, што судзьдзі ўрэшце пачнуць прытрымлівацца дзейнага заканадаўства. Пакуль гэтага не адбываецца, але, на маю думку, кожны журналіст, асуджаны за падобныя дзеяньні, павінен падаваць скаргі, дзяўбці гэтую сыстэму, паказваць ім, што яны парушаюць Канстытуцыю краіны, у якой жывуць. Трэба змагацца далей».

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які наведвае амаль усе судовыя працэсы, зьвязаныя з журналістамі, сумна заўважыў, што новых высноваў пасьля паседжаньня суду для сябе не зрабіў. Паводле яго, цалкам парушанае заканадаўства ў дачыненьні да журналіста-фрылансэра, якога ня могуць судзіць паводле артыкула 22.9 і найперш таму, што паводле гэтага артыкула да адказнасьці могуць прыцягвацца толькі рэдакцыі СМІ, а не асобныя журналісты як фізычныя асобы.

«У дачыненьні да Мялешкі гэта ўжо трэцяя аналягічная справа, і цяпер можна казаць пра сыстэмны перасьлед паводле поглядаў чалавека. Па сутнасьці, можна казаць пра забарону на прафэсію. Мясцовыя ўлады даводзяць гэтыя працэсы да абсурду, бо судзяць журналіста за карысную для грамадзтва дзейнасьць».

Летась у чэрвені Мялешка быў аштрафаваны Кастрычніцкім судом Горадні на 4 з паловай мільёны рублёў за матэрыял, падрыхтаваны для замежнага СМІ. Тады ён браў інтэрвію пра здаровы лад жыцьця ў лекаркі гарадзенскай паліклінікі. Абласны суд пазьней не задаволіў скаргу Мялешкі на гэтае рашэньне.

У кастрычніку суд паводле міліцэйскага пратаколу аштрафаваў Мялешку на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Яго зьвінавацілі ў тым, што падчас канфэрэнцыі, якая тычылася ўтварэньня новага экалягічнага заказьніка на тэрыторыі Гарадзенскага раёну, ён браў інтэрвію ў выкладчыка Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Купалы Алега Созінава. А пазьней, маўляў, інтэрвію зьявілася на польскім «Радыё Рацыя». Мялешкаву скаргу абласны суд ізноў не задаволіў.

Ва ўсіх гэтых выпадках Мялешку судзілі паводле артыкула 22.9, частка 2 — за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG