Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягнік на Вільню – перасоўная паралельная Беларусь


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Vadzim Prakopčyk: «Суботні цягнік на Вільню – гэта я вам скажу... Гэта нейкая facebookbydreamteam (фэйсбучная каманда беларускай мары – С.К.)».​

«Фэйсбук, Фэйсбук... – Кажа знаёмы. – А ці бывалі вы калі-небудзь у “Аднаклясьніках”? Там кашмар!». І дадае статыстыку, дзе «Фэйсбук» ахоплівае дзьвесьце тысяч беларусаў, а «Аднакласьнікі» – паўтара мільёна.​

Я прыгадаў дыскусію пра вымярэньне эфэктыўнасьці таго ці іншага мэдыйнага праекту ў сеціве. У аднаго блогера пяцьдзясят тысяч падпішчыкаў, і ён можа зарабляць з рэклямы. А ў другога блогера дзесяць фрэндоў, і ён можа ўплываць на геапалітыку. Бо гэтыя дзесяць – прэзыдэнты і прэм'ер-міністры.​

«Колькі можна ладзіць ср@чы! Давайце ж хоць раз аб'яднаемся!» – б’ецца ў адчаі чарговы карыстальнік Фэйсбуку, калі на ўсе дзьвесьце тысяч выбухае чарговая дыскусія.​

Іншыя галасы плачуцца пра «гета». Вось, маўляў, ёсьць народ, які жыве сваёй праўдай, а вы ў сваім закрытым сусьвеціку, і ні на што не ўплываеце, і народу на вас начхаць. ​

Кожны раз, калі заходзіць дыскусія пра «гета», я пытаюся ў апанэнта: «А што ёсьць антонімам "гета"? – мэйнстрым?».​

Мэйнстрым – гэта спазнаваць сьвет па трох-чатырох тэлеперадачах расейскай ТВ, а пасьля іх пераказваць на «Аднакласьніках»? Мэйнстрым – гэта разам накідвацца на супляменьніка, які таксама далей за «Аднакласьнікі» нідзе не бываў (хіба што ў Крыме), але спрабуе сказаць штосьці адрознае ад агульнага меркаваньня?​

Ці мэйнстрым – гэта ехаць у Вільню: у аэрапорт і далей, у галерэю, краму, кавярню, на канфэрэнцыю ці проста на шпацыр? Ехаць, і жыўцом працягваць у цягніку ці аўтобусе дыскусію з сустрэтым фрэндам з інтэрнэту. Заставацца свабодным у сваіх думках і дзеяньнях, нягледзячы на тое, што цябе фізычна загналі ў кут магчымасьцяў для самарэалізацыі?​

Я падазраю, што маім апанэнтам «Аднаклясьнікі» падаюцца вялікай сілай, кантынэнтам, маналітам. А выключы заўтра расейскае ТВ, ды наогул усё ТВ. І вось гэты «маналіт» пачне паасобку распаўзацца па сеціве ў пошуках інфармацыі, пачне натыкацца на мноства самых розных візій, меркаваньняў, акцэнтаў і нюансаў.​

І рассыплецца «кантынэнт», а вось супольнасьць, якую мы ўмоўна называем «фэйсбучнай» застанецца нязьменнай у сваім адзінстве, якое базуецца на жаданьні дыскутаваць, каб разам выпрацаваць меркаваньне па тых ці іншых значных пытаньнях.​

Усе гады незалежнасьці ў Беларусі была праблема, каб некалькі соцень тысяч чалавек дамовіліся ў вызначэньні сваіх пазыцый: якім мусіць быць права ўласнасьці, якой мусіць быць палітычная сыстэма, як мы бачым гісторыю і будучыню краіны ў самых розных аспэктах.​

У 1990-х пляцоўкай для дыскусіі сталіся новапаўсталыя рознафарматныя СМІ. Калі на пачатку 2000-х іх альбо зьнішчылі, альбо загналі ў інфармацыйную нару, зьнізіўшы прастору для распаўсюду, інтэрнэт у Беларусі быў яшчэ дарагі, марудны і не для ўсіх зразумелы.​

І вось ужо колькі гадоў як «мы сядзім у сацсетках», і адводзім душу, бо маем сваю аўдыторыю, новых знаёмых, зь якімі б ніколі не перасякліся ў далічбавую эпоху. Дзелімся эмоцыямі, практычнай інфармацыяй, і ў дыскусіях, часам падобных да боек, выпрацоўваем супольнае бачаньне мінулага, сучаснасьці і будучыні краіны.​

Альбо не выпрацоўваем, а зьбіваемся ў гурты, каб не было так страшна перад невядомай пагрозьлівай будучыняй.​

У каго як атрымліваецца.​

У сьвятле апошніх «вэерных» адключэньняў навінавых сайтаў, я хачу параіць уладам наогул адключыць інтэрнэт. Тады людзі выйдуць на вуліцы проста каб пагаварыць.​

І тады паралельная ўладам Беларусь станецца не перасоўнай, а ўтворыцца проста тут і цяпер. І з гэтай Беларусьсю давядзецца дамаўляцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG